Выбрать главу

– Гэтага я забіраю з сабой. Пратакол забіраю таксама.

Калі Кміціча выпусцілі з «малпоўніка» і ён няўпэўненым крокам ішоў міма дзяжурнага, Аляксей Пятровіч ужо стаяў у дзвярах. Павел наблізіўся да яго і не зразумеў, чаму кадэбіст не спяшаецца пакінуць памяшканне. Той з бацькоўскай паблажлівасцю зірнуў у вочы журналісту і ціха сказаў:

– Пашпарт… Пашпарт свой забірайце ў дзяжурнага. І астатнія рэчы.

Павел прыгадаў, што ў яго сапраўды пры затрыманні забралі сумку з дакументамі. Павярнуўшыся да дзяжурнага, ён пабачыў, як той неахвотна нагінаецца, выцягвае сумку з-пад стала, гэтак жа марудна ставіць яе на канторку і злёгку грэбліва кідае побач пашпарт Кміціча. Твар яго, застылы, як тэатральная маска, пры гэтым застаецца ўсё тым жа знуджаным і абыякавым.

На вуліцы іх чакала таксоўка, што было для Паўла нечаканым.

– Гэта ў вас цяпер так службовы транспарт выглядае? – азадачана запытаўся журналіст.

Аляксей Пятровіч кінуў кароткі позірк на суразмоўцу і суха адказаў:

– Не спрабуйце жартаваць – у вас гэта зараз кепска атрымліваецца. Гэта таксоўка, якую я выклікаў, каб адвезці вас дадому. Аб пратаколе і міліцыі можаце забыцца, я прытрымаю дакументы ў сябе, а там, бог дасць, і ўся справа заглухне…

У машыне яны абодва сядзелі на задніх сядушках, пакінуўшы кіроўцу спераду аднаго. Ехалі моўчкі, пакуль кадэбіст не вырашыў пацікавіцца:

– Павел, а калі ж можна чакаць вашу публікацыю па тых дакументах, што я вам прынёс?

– Ведаеце, Аляксей Пятровіч, мне для разумення менавіта гэтай справы моцна бракуе яшчэ аднаго дакумента, які згадваецца ў вашых паперах. Гэта была б, як кажуць, вішанька на торце. Разумееце, пра што я? Пра так званы сшытак Прамяністых. Ну, альбо сшытак Тамаша Зана, як яго некаторыя называлі. Яго я магу пабачыць і пагартаць?

Кадэбіст маўчаў, абдумваючы пачутае. Урэшце ён загаварыў, і голас яго быў шэрхлым і невыразным, так што журналісту давялося нахіліцца ў яго бок, каб разабраць сказанае:

– Ах, гэта… Тут ёсць невялікая праблема: у матэрыялах справы гэтага сшытка няма, таму паказаць яго вам я не магу. Можа быць, ён знік у першыя дні нямецкага наступу: тады пагарэла шмат дакументаў з архіву НКУС. Можа, трапіў тады ў чыесьці прыватныя рукі. А магчымы і такі варыянт, што ён быў перададзены ў Маскву, дзе і захоўваецца па сённяшні дзень… Словам, вашаму торту давядзецца абыходзіцца іншымі ягадкамі.

Высаджваючы Паўла каля пад’езда, Аляксей Пятровіч пранікнёным голасам прамовіў:

– І яшчэ раз папрашу вас, Павел, беражыце сябе, не трапляйце ў непрыемныя гісторыі. Я нячаста езджу ў міліцыю, а сёння быў там і зусім амаль што выпадкова. Я ўсё ж такі архіварыус, хоць і з пасведчаннем…

Журналіст набліжаўся да пад’езда і ў думках апускаўся ўжо ў цёплую ванну, калі зноў пачуў голас свайго вызваліцеля:

– Мы вельмі чакаем ваш артыкул па тых матэрыялах.

Слова «тых» прагучала так, быццам яго нават голасам падкрэслілі.

Студзень, 2010

Павел адаграваўся ў цёплай ванне: намёрзся спярша на вуліцы, потым у міліцэйскім «малпоўніку». Цяпер ён проста ляжаў у вадзе і адчуваў, як цяпло выцясняе холад з ягоных цягліц і нават костак. Раз-пораз ён адчыняў затычку, спускаў ваду, каб даліць гарачэйшай.

Сам журналіст пры гэтым працягваў успамінаць здарэнні мінулага вечара.

Ён ішоў па зацемненым менскім двары, каб скараціць дарогу да рэдакцыі. Пад нагамі парыпваў снег, пацвярджаючы, што мароз уначы будзе нежартоўны. Калі ад бліжэйшага дрэва раптам аддзялілася фігура, у Кміціча непрыемна засмактала дзесьці пад дыяфрагмай: такія сустрэчы ў цёмных дварах не прадказвалі нічога добрага.

– Закурыць будзе? – спыталася няясная фігура.

– Не, няма, – голас у Паўла прагучаў глуха і нечакана для яго самога – хрыпла.

– Ты каго нах…й паслаў? – з гэтым крыкам мужчына, які быў на галаву вышэйшы за журналіста, падскочыў да яго і спрактыкавана стукнуў у сківіцу. Павел згубіў раўнавагу і пахіснуўся, у гэты момант ззаду яму зрабілі падсечку – журналіст вокамгненна апынуўся на зямлі. Над ім навіслі тры чалавекі, якія некалькі разоў пнулі яго нагамі. Цёплая зімовая вопратка змякчала ўдары, але зусім уратаваць не магла. Кміціч толькі стараўся прыкрыць галаву рукамі – ад удару цяжкім зімовым абуткам шапка наўрад ці выратуе галаву.

Потым удары раптам сціхлі, і Павел рызыкнуў прыбраць рукі з галавы – фігур было ўжо не тры, а пяць. «Калі б у мяне было страсенне і ў вачах дваілася, іх было б шэсць», – мільганула ледзь улоўная думка.