– А «Джаконда»? – пасміхнуўся Хлюдзінскі. – З ёй як быць?
– А хто такая?
– Жанчына з карціны італьянскага мастака Леанарда да Вінчы, які жыў чатырыста гадоў таму. Яе партрэт лічыцца адным з шэдэўраў сусветнага жывапісу.
Берг пачухаў галаву, а потым рашуча сказаў:
– Калі яна з працоўных, то няхай застаецца. А ўсякім дармаедам, якія прывыклі ехаць на карку ў працоўнага чалавека, мы хрыбет пераломім – і памяці па іх не застанецца.
Усмешка на твары Хлюдзінскага выглядала вінаватай, калі ён ужо больш ціха спытаўся:
– А прыгажосць? Як жа чалавечая прыгажосць? Яе ж не забароніш… Менавіта яна стагоддзямі натхняла мастакоў і скульптараў ствараць шэдэўры, якія апявалі чалавека.
– Новы час спявае новыя песні, таварыш Хлюдзінскі! – латыш (а ён выявіўся менавіта латышом, а не літоўцам ці немцам, як напачатку падумаў музейшчык) гаварыў упэўнена, бо адчуваў за сабой праўду гэтага Новага Часу. – Як жалезны конь ідзе на змену сялянскай кабыле, так на змену буржуазнаму ўпадніцтву прыйшло рэвалюцыйнае мастацтва. Замест індывідуальнай творчасці нас чакае творчасць працоўных мас: цэлыя калектывы будуць пісаць адну п’есу, маляваць адну карціну, ляпіць адну скульптуру… І нікому не ўдасца ўхіліцца ад павеваў новага часу!
– Тым важней становіцца функцыя музея, – нечакана горача запярэчыў Хлюдзінскі. – Мы захоўваем мастацкія здабыткі папярэдніх стагоддзяў, каб людзі маглі параўнаць іх з цяперашнім мастацтвам.
Берг пакруціў галавой, не пагаджаючыся, але не знаходзячы аргументаў супраць:
– Мы з табой, здаецца, на другі круг адной і той самай спрэчкі зайшлі. А тым часам працоўны дзень скончыўся, і ўжо варта дадому ісці.
І сапраўды, ужо наступіў вечар з яго мяккімі загадкавымі прыцемкамі, якія хаваюць абрысы прадметаў і людзей. Хлюдзінскі запаліў газніцу:
– Вы ідзіце, таварыш Берг, а я яшчэ трошку папрацую, – ён працягваў звяртацца да прысланага супрацоўніка на вы, хаця той лёгка і нязмушана вельмі хутка перайшоў на ты. Прычым гэтае «ты» ў Берга не гучала ні назойлівым набіваннем у сябры, ні паляпваннем звысоку па плячы – гэта быў для яго натуральны зварот.
Грукаючы абцасамі па каменнай падлозе колішняга кляштара, а цяпер музея, латыш пасунуўся да выхаду і ў самых дзвярах сутыкнуўся з юнаком, які спяшаўся трапіць у памяшканне.
– Куды? – у голасе Берга загучала металічная суровасць, быццам уключыўся нейкі нечалавечы механізм.
Малады чалавек відавочна збянтэжыўся і толькі разгублена лыпаў вачыма, спрабуючы зразумець, хто ўзнік у яго на дарозе і якое права гэты нехта мае не пускаць яго.
– Мне доўга чакаць адказу? – механізм усярэдзіне Берга працягваў скрыгатаць, наводзячы страх на агаломшанага і знямелага хлопца.
– Гэта да мяне, – вызірнуў са свайго пакоя Хлюдзінскі, зацікаўлены нечаканай размовай. – Заходзьце, Андрэю.
Андрэй Камар з палёгкай праслізнуў міма Берга, які ўважліва паглядзеў яму ўслед і толькі пасля гэтага выйшаў з музея, гучна грукнуўшы дзвярыма.
Праз некалькі хвілін і Хлюдзінскі ўжо стаў парадкаваць паперы, якія ляжалі ў яго на стале, – дапрацуе з імі заўтра.
Ён кінуў кароткі погляд на Камара – хлопец сядзеў нерухома, але быў увесь наструнены, быццам сабачка, што чакае каманды гаспадара.
– Нам трэба будзе пагаварыць з вашымі… калегамі, – знайшоў Хлюдзінскі патрэбнае слова, – каб разабрацца, хто і навошта шукае сшытак, які вы мне прынеслі. Можа, у кагосьці будуць нейкія здагадкі, а можа, хтосьці прагаварыўся незнарок. Бадай што самае важнае – каб пра ваш Ордэн нічога не даведаліся ўлады, таму дзейнічаць варта асцярожна.
Мужчына крыху памаўчаў, пажаваўшы ніжнюю губу, і агучыў ужо абдуманае рашэнне.
– Са мной гаварыць не стануць, бо я для вашай суполкі чужаніца. Вас могуць не ўспрыняць усур’ёз праз ваш малады ўзрост. Таму найлепшым спосабам для нас будзе дзейнічаць удвух, згода?
Юнак з захапленнем выдыхнуў «Ага», і ў вачах яго заблішчэлі агеньчыкі ад прадчування прыгод і ад таго даверу, які выказваў яму старэйшы таварыш.
Хлюдзінскі паклаў невялікую паперку на стол, асветлены нязыркім святлом газніцы, і разгладзіў яе. Камар пабачыў акуратныя літары, якія натавалі, дакументавалі, пацвярджалі яго таямніцу – запісаны ў слупок спіс чальцоў Ордэна Прамяністых:
– З каго пачнём? – прагучала над вухам у хлопца. Тонкі юначы палец, у які ўжо ўелася чорная друкарская фарба, тыкнуў ў прозвішча «Кітаеўскі».