П-потым ён вярнуўся ў родныя краі, купіў маёнтак Какоўчын пад Воршай, дзе і п-памёр у 1855 годзе. Вось акурат п-пасля вяртання Зан, як расказваў П-пашкоўскі, стварыў Ордэн П-прамяністых, і гэтая традыцыя дажыла да нашых дзён. П-пашкоўскі не казаў нам, хто яшчэ ўваходзіць у гэты ордэн і ад каго ён сам даведаўся п-пра яго існаванне. На такія п-пытанні ў яго б-быў заўжды адзін адказ: «Калі вы п-падымецеся на больш высокія ступені ў Ордэне, тады і атрымаеце гэтыя веды». Майстар быў напускаць туману ў такіх справах… Можа быць, і не б-было нікога, акрамя нас.
П-пра нашыя сходы вам малады чалавек, напэўна, распавёў ужо. П-пашкоўскі як старэйшы рыцар Ордэна заўжды датрымоўваў рытуал: на стале б-белая ружа і Б-біблія – нічога лішняга. Сустракаліся мы нячаста – недзе раз на месяц. Грацыян Феліксавіч чытаў нам легенду, якую мы п-потым абмяркоўвалі…
Разумееце, чалавек жа вымушаны штодня рабіць нейкі выбар паміж сваімі жаданнямі і маральным законам унутры сябе. Шчаслівы той, у кім маральны закон п-перамагае, – ён п-падымаецца на вышэйшую ступень. Але ў існасці сваёй чалавек – слабы, ён схільны п-паддавацца жаданням, нізкім, п-подлым, карыслівым. А бывае і так, што зрабіць адзіны п-правільны выбар немагчыма, бо так ці іначай давядзецца чымсьці або кімсьці ахвяраваць…
Шчыра вам скажу, гэтыя сустрэчы ў П-пашкоўскага мне як аматару літаратуры далі вельмі шмат. А Ордэн… Ну, калі яму хацелася, каб нашыя размовы выглядалі як сход Ордэна, дык чаму не? Гэта не былі нейкія контррэвалюцыйныя сходкі, я туды хадзіў дзеля духоўнага росту і размоў п-пра літаратуру – таго, чым заўсёды займаліся інтэлігентныя людзі…
Хлюдзінскі і Камар зноў выйшлі пад бясконцы, быццам перад біблейскім патопам, восеньскі дождж. Мужчыны ішлі моўчкі, пільна ўглядаючыся ў дарогу пад нагамі, і кожны думаў пра сваё. Малады наборшчык у думках перажываў сваё чарговае спатканне з ценем Пашкоўскага, а тым часам Хлюдзінскі разважаў, колькі адсоткаў праўды было ў тым, што расказаў ім Кітаеўскі. І яшчэ – пра што адвакат не расказаў. І гэты другі пункт быў бадай што цікавейшым за першы…
– Хітры жук гэты твой адвакат, – нарэшце гмыкнуў музейшчык.
– Чаму? Ён жа так падрабязна нам усё расказаў, – непадробленае здзіўленне прагучала ў голасе юнака.
– Расказаў падрабязна, але ці ўсё? Дый падвёў усё да таго, што сам ён не быў ні ў якім Ордэне Прамяністых, а толькі ведаў пра яго існаванне. Калі што якое, дык яму не ўдзел у антырэвалюцыйнай арганізацыі будуць закідаць, а толькі тое, што не данёс…
Калі б хоць адзін з іх азірнуўся на толькі што пакінуты дом і ўважліва агледзеў вокны, дык, магчыма, здолеў бы заўважыць за адной з цёмных шыбаў маленькую чырвоную кропку ад агеньчыка пахітоскі. Кітаеўскі глядзеў услед неспадзяваным гасцям і насцярожана думаў пра іх візіт. Думкі ягоныя несліся імкліва, як стужка ў кінаапараце.
З ПРЭСЫ
Беларусізацыя
Гомель, 21-10. Пасля летняга перапынку аднавілі працу гурткі беларусазнаўства. З боку рабочых і служачых праглядаецца вялікае жаданне хутчэй аўладаць беларускай мовай. Гурткі адчуваюць вялікі няхват падручнікаў і выкладчыкаў.
Савецкая Беларусь, 22 кастрычніка 1927 года
Кастрычнік, 1927
На шыльдачцы пад дзвярным званком чыталіся літары, якія намалявала алейнай фарбай чыясьці няўпэўненая рука:
«Пятровічы – 1 званок
Шыманоўскія – 2 званкі
Луст – 3 званкі».
Мужчынскі палец упэўнена і рэзка націснуў на званок тры разы – за дзвярыма штосьці глухавата бзыкнула.
Праз нядоўгі час дзверы прыадчыніліся, і ў праёме з’явіўся вузкі твар з куцаватай рудой барадзёнкай. На галаве ў мужчыны расліннасці зусім не было, таму стваралася ўражанне, быццам уся яна проста перавандравала на падбароддзе.
– Васіль Луст? – запытаўся Хлюдзінскі.
Мужчына рэфлексіўна кіўнуў, а позірк яго тым часам імкліва перабягаў з твару Хлюдзінскага на твар Камара. Тыя таксама глядзелі моўчкі.
Немая паўза крыху зацягнулася, але ўрэшце гаспадар загаварыў, і музейшчык здзівіўся, які ў яго высокі пранізлівы голас. Здавалася, што гэты голас запаўняе ўвесь пад’езд, звонкім рэхам узлятаючы ўгору.
– Перастаньце мяне пераследаваць з вашымі глупствамі! – істэрычным фальцэтам заверашчаў Луст.