Выбрать главу

Кміціч гэтае месца бачыў і раней, аднак заходзіць сюды не надарылася: да архітэктараў па сваіх журналісцкіх справах не звяртаўся, а хадзіць па багемных установах ён быў не вялікі аматар.

Мяккія сядушкі запрашалі выгодна раскінуцца, а ціхі джаз, уключаны барменам, не перашкаджаў наведнікам размаўляць. Аматар джаза пазнаў бы па хрыплаватым голасе, што гэта спявае Сафі Мільман, але журналіст не быў аматарам слыннай «музыкі тоўстых» – Кміціч, як і большасць прадстаўнікоў ягонага пакалення, аддаваў перавагу рэзкім рокавым рыфам, а не джазавым сінкопам.

Нягледзячы на такую ўтульную абстаноўку, расслабіцца Павел не мог – у кавярню яго запрасіў прыйсці Аляксей Пятровіч. Выглядаў кадэбіст горш, чым у папярэднія разы: твар быў нібыта пакамечаны чыёйсьці ўладарнай рукой, пад вачыма наплылі нездаровыя чырванаватыя мяшкі, і ўся ягоная пастава нібыта ссохлася, стала меншай.

Перш-наперш кадэбіст, вядома ж, пацікавіўся, як у ягонага суразмоўцы ідзе праца над артыкулам. Іранічная ўсмешка тарганулася ў куточку рота Кміціча, калі ён адказваў з усёй магчымай сур’ёзнасцю:

– Аляксей Пятровіч, я ж вам казаў: мне бракуе таго самага сшытка, пра які…

– Разумею, – не дужа ветліва перапыніў яго візаві і паклаў на стол чорную канцылярскую тэчку. – Тры гадзіны. Праз тры гадзіны мы з вамі сустракаемся тут, і тэчка вяртаецца да мяне. Я дазваляю вам зрабіць з яе ксеракс, але, напрамілы бог, прашу не выкарыстоўваць тыя ксеракопіі ў якасці ілюстрацыі. Вы падставіце мяне. Дый самі наклічаце непрыемнасці на сваю галаву. Зразумейце, я раблю гэта з чыстай сімпатыі да вас… І вельмі вас прашу: нідзе нікому нічога, так?

Ён схіліў галаву набок і ўважліва паглядзеў на журналіста:

– Ну, і чаму вы яшчэ седзіце? Чаго чакаеце? Час ідзе, і яго не так шмат! За вашу каву я заплачу.

Колькі таямніц і загадак хаваў на сваіх старонках гэты тоўсты сшытак у скураной вокладцы? Кміціч не ведаў адказу на гэтае пытанне, і тым мацней ён адчуваў жаданне заглыбіцца ў старадаўнія сакрэты.

З пажоўклых старонак патыхала эпохай, якая сышла ў невараць і якую можна было адчуць толькі так – дакранаючыся і ўглядаючыся ў артэфакты, пашкадаваныя часам. Пара шляхецкіх маёнткаў і павятовых баляў, эра жаночых крыналінаў і мужчынскіх ласін, век цыліндраў і пенснэ, куртуазных зваротаў і рукапісных альбомаў…

«Збор цікавостак з гісторыі мясцовасці Аршанскай для навучання цікаўным. Сабрана і занатавана Тамашом Занам у сваім уладанні – маёнтку Кахачыне Аршанскага павета» – гэта Павел разабраў без праблем. Далейшае чытанне ён адклаў на потым, бо неабходна было за тры гадзіны зняць копіі з усіх старонак.

Адной толькі ксеракопіяй журналіст не абмежаваўся. Ён таксама перафатаграфаваў кожную старонку рарытэта, які трапіў яму ў рукі, каб потым гэтыя фатаграфіі перакінуць на камп’ютар. Кміціч адчуваў сваю тэхнічную перавагу перад кадэбістам, які належаў да старэйшага пакалення і забываўся на ўсе магчымасці сучаснай тэхнікі. Цікава, гэта яму трапіўся такі адсталы ў тэхнічным плане «куратар» ці ў той установе шмат такіх?

Кміціч нязлосна пасмейваўся, прыгадваючы сваё знаёмства з адным пажылым гуманітарыем-навукоўцам, да якога прыйшоў на інтэрв’ю. Доктар навук і прафесар бездапаможна паглядаў на сакратарку, якая паказвала яму табліцу Excel і прыгаворвала: «Тут робіцца ўсё вельмі проста: вось гэта мы вылучаем і аб’ядноўваем, а потым ціснем вось на гэтую кнопку». Прафесар ківаў сівой галавой і няўпэўнена адказваў: «Ну, тут вы самі справіцеся…» Проста класічнае, адштампаванае ўвасабленне дзівакаватага прафесара з якога-небудзь кінафільма!

У прызначаны час журналіст зноў з’явіўся ва ўжо знаёмай кавярні – кадэбіст сядзеў там, быццам нікуды не сыходзіў. На століку перад ім самотна стаяла філіжанка з эспрэса, замоўленая, мабыць, нядаўна – над напоем уздымалася пара.

Штосьці няўлоўна, аднак, змянілася ў самой кавярні, у яе атмасферы быццам з’явілася нейкая фальшывая нота. Кміціч не адразу зразумеў, што яго так напружвае, і агаломшана закруціў галавой па баках, спрабуючы знайсці прычыну. Раптам ён уцяміў, што замест ранейшага джаза гучыць нейкая італьянская папсовая песенька, якая разбурыла ўсю ранейшую элітарнасць месца.