Выбрать главу

І тут музейшчык пабачыў, з чаго яна была скручаная: на стале перад Бергам ляжаў часопіс, з якога той без асаблівых згрызот сумлення выдраў старонку.

– Ды што ж гэта такое? – голас музейшчыка нечакана стаў ціхім і разгубленым. – Навошта вы гэта зрабілі, Берг?

Той прасачыў за позіркам музейшчыка і падняў часопіс з выдранай старонкай.

– Ты пра гэта? А я паглядзеў, што гэта нейкі нацыяналістычны часопіс, выдадзены ў буржуазнай Літве. Я нават падумаць не мог, таварыш Хлюдзінскі, што ён табе патрэбны… Вырашыў, што ты трымаеш гэтую буржуазную прапаганду для гаспадарчых патрэб.

Ён грэбліва махнуў часопісам у паветры і гучна пляснуў яго аб стол, быццам збіраўся выбіць з яго той самы буржуазны дух. На вокладцы кніжыцы, пра якую так зневажальна выказаўся латыш, было пазначана «Крывіч» – надпіс быў зроблены мудрагелістым шрыфтам, стылізаваным пад сярэднявечны скорапіс. Крыху ніжэй былі год і нумар выдання – «1924, № 2».

Хлюдзінскі схапіў часопіс, нібыта баяўся за яго далейшую захаванасць, хаця Берг ужо відавочна не збіраўся далей шкуматаць выданне. Музейшчык сутаргава гартаў старонкі, відавочна шукаючы штосьці канкрэтнае. Знайшоў, уздыхнуў з палёгкай.

– Ведаеце, Берг, у навуцы – у сапраўднай навуцы! – ёсць проста веды… У старажытнай Грэцыі вядомы навуковец Еўклід вучыў цара Пталемея геаметрыі. Той паслухаў Еўкліда і спытаўся, ці не можна атрымаць усе гэтыя веды больш кароткай дарогай – як для цара, а не ягоных падданых. На гэта матэматык адказаў: «У геаметрыі няма царскіх дарог». Так і ў навуцы – веды не прагрэсіўныя і не рэакцыйныя, а ўсё залежыць ад чалавека, які гэтыя веды выкарыстоўвае. Таму нават у часопісе, які выдаваўся ў буржуазнай Літве, можна знайсці проста веды і выкарыстаць іх на карысць савецкай Беларусі…

– І якія веды ты там знайшоў? – на вуснах Берга прамільгнуў амаль незаўважны цень скептычнай усмешкі.

Музейшчык моўчкі паказаў яму адкрытую старонку.

«ПАЧАЙНСКАЯ ДРУКАРНЯ

Акром Пачаева (на Украіне) існаваў да 1635 года манастыр у Пачайне, недалёка ад Воршы. Гэты манастыр меў сваю друкарню, якая каля 1630 года была перанесена ў Кутэйну, бо маетнасць Пачайна перайшла ў рукі езуітаў. Ні ў расійскіх, ні ў польскіх бібліёграфаў Пачайнская друкарня не адзначана. Друкі, выйшаўшыя з Пачайны, імі адносяцца да друкаў у Пачаеве (Украінскім), хоць на некаторых кнігах ясна абазначана «Почайна», «въ Почайнѣ», а не «Почаевъ», «в Почаевѣ». Гэта друкарня чакае яшчэ свайго даследчыка. У архіве Мсціслаўскага касцёла маюцца судовыя дакументы (з манастыром Пачайнскім), у якіх успамінаецца і манастырская друкарня, перанесеная каля 1630 года ў Кутэйну. У хуткім часе, пасля 1635 года, манастыр быў закрыты і больш не аднаўляўся. З гэтага часу Пачайна стала рэзідэнцыяй Аршанскіх езуітаў.

Т.О.»

– Думаеш знайсці сляды гэтай друкарні?

Хлюдзінскі імгненне памаўчаў, узважваючы, які адказ будзе гучаць больш пераканаўча.

– Магчыма, удасца знайсці прынамсі сляды гэтых кніг. Рэдактар часопіса Вацлаў Ластоўскі цяпер жыве ў Менску. Я напісаў яму ліст з просьбай удакладніць гэтыя звесткі, цяпер чакаю адказу.

Берг ужо відавочна скрывіўся:

– Паслухай, таварыш Хлюдзінскі, якую карысць дадуць савецкай Беларусі гэтыя вашыя старыя кнігі, выдадзеныя ў манастыры? Савецкая ўлада аддзяліла царкву ад дзяржавы, бога няма, а ты цягнеш да нас гэтае спарахнелае ўбоства, з дапамогай якога папы і ксяндзы прыгняталі працоўны народ? Перастань, таварыш. Не для таго мы рабілі сацыялістычную рэвалюцыю, каб збіраць у музеях папоўскую прапаганду!

Антон змаўчаў.

Яму хацелася спрачацца і было чым адказаць на словы Берга. Але які ў гэтым сэнс? Усім сваім нутром Хлюдзінскі адчуваў, што насоўваецца новая эпоха, у якой багатая палітра беларускай спадчыны будзе зведзеная да аднаго колеру (чырвонага) і адной ідэі (барацьба працоўнага класа), пад якую будуць падганяцца ўсе факты.

Ці паспее ён хаця б апісаць былыя панскія сядзібы Аршаншчыны? Іх уладальнікі пакінулі свае котлішчы або з польскімі батальёнамі Доўбар-Мусніцкага, або падаліся да белых. Тых, хто спадзяваўся адседзецца, прымусова выселілі або расстралялі… А будынкі яшчэ стаяць. Пакуль яшчэ стаяць. Ці надоўга?

Ці паспее ён знайсці сляды гэтай Пачайнскай друкарні? Ці паспее вывучыць гісторыю езуіцкага кляштара ў Воршы глыбей, чым апісаў яе ў сваім сшытку Тамаш Зан?

Ці паспее? Ці здолее?..

І самае галоўнае пытанне: ці спатрэбяцца хоць камусьці ягоныя веды? Калі меркаваць па размовах з партсакратаром Стахевічам ды яго стаўленікам Бергам, савецкая ўлада ў такой гістарычнай навуцы зусім не зацікаўленая.