Хлюдзінскі глядзеў у сталёвыя вочы Берга і разумеў, што пратрымацца яму ўдасца нядоўга. «Можа, паехаць у Менск, у Інбелкульт?» – мільганула здрадніцкая, баязлівая думка. Прынамсі, там бы ён знайшоў аднадумцаў…
Але ўздымаць белы сцяг да таго, як бітва была канчаткова прайграная, усё ж не хацелася. І Хлюдзінскі ў думках адчайна махнуў рукой: буду трымацца, пакуль хопіць змогі! Да таго ж яшчэ чакае дапамогі юны Андрэй Камар – нельга кідаць хлопца ў такі момант зусім аднаго.
Красавік, 2010
Галоўны рэдактар Аляшэўскі заскочыў у журналісцкі пакой – шустры, неспакойны. Твар яго праменіўся радасцю, быццам нейкая нябачная лямпачка ўключылася знутры.
– Вы чулі, што робіцца? Нейкі малады герой сарваў дзяржаўны сцяг з Мінгарвыканкама! «Радыё “Свабода”» паведаміла.
Супрацоўнікі рэдакцыі ў здзіўленні застылі, нагадваючы славутую фінальную сцэну гогалеўскага «Рэвізора». Першым ачомаўся Кміціч:
– І што з хлопцам? Затрымалі?
– Вядома, затрымалі, – твар галоўрэда ні на імгненне не зменшыў свой бляск. – Вам, Павел, даручаю даведацца як мага больш пра гэты выпадак: распавесці пра подзвіг гэтага юнака – наш маральны абавязак! Краіна мусіць ведаць сваіх герояў! Пачынайце ўжо з сённяшняга вечара, няма чаго валаводзіцца.
Кміціч загрузіў у браўзеры сайт «Радыё “Свабода”» з пазнавальным значком-паходняй – той самай паходняй, якую трымае статуя Свабоды на Манхэтане. На сайце журналістка Буянава (цікава, няўжо гэта сапраўднае прозвішча? вельмі ж падобна, што псеўданім) распавядала, што маладафронтавец Зміцер Харовіч забраўся на дах будынка Мінгарвыканкама і сарваў дзяржаўны сцяг. Хлопца затрымалі, як і двух ягоных сяброў.
З удзельнікамі «Маладога фронту» Кміціч ужо не раз сутыкаўся. Моладзевая арганізацыя карысталася славай самай адвязнай, самай рызыкоўнай групай палітычнай апазіцыі. Маладафронтаўцы часцей за іншых ладзілі шумныя вулічныя акцыі, а таму, натуральна, больш за іншых сядзелі «на сутках» – пад адміністрацыйным арыштам.
Павел затэлефанаваў кіраўніцтву «Маладога фронту», каб распытаць, што гэта была за акцыя, але ў адказ пачуў: ніякай запланаванай акцыі мы не ладзілі, мяркуем, што гэта была ініцыятыва самога Змітра, з намі ён не раіўся, але мы яго падтрымліваем, каго затрымалі разам з ім – не ведаем.
У міліцыю звяртацца сэнсу не мела, таму Кміціч задумаўся, як атрымаць больш інфармацыі пра здарэнне…
Сітуацыя праяснілася ўжо на наступны дзень: у рэдакцыю прыйшлі два маладафронтаўцы – Вітаўт і Сяргей. Хлопцы распавялі, што менавіта іх затрымалі разам з Харовічам. Усю ноч яны правялі ў міліцыі, адпусцілі іх толькі зранку, бо Зміцер узяў усю віну на сябе.
Разам маладафронтаўцы выглядалі як пара комікаў: нізенькі кругленькі Вітаўт і высокі мажны барадач Сяргей маглі б зрываць авацыі адным толькі сваім з’яўленнем на арэне цырка. Кміціч з пэўным намаганнем прымусіў сябе не думаць пра цырк, а настроіцца на сур’ёзны лад.
Гасцям зрабілі каву, і Павел прысеў каля іх з дыктафонам. З-за дзвярэй вызірнуў круглы твар Аляшэўскага:
– Павел, я разлічваю на ваш грандыёзны матэрыял сёння ўвечары.
– Вы будзеце запісваць? – кругленькі Вітаўт неяк падазрона скрывіўся на дыктафон.
Кміціч супакоіў яго, што дыктафон патрэбны пераважна як дапамога: раптам падчас напісання тэксту забудзецца нейкая важная дэталь.
– Як вас да гарвыканкама ўвогуле занесла? Чыя гэта была ідэя?
– Як бы гэта вам сказаць… – нерашуча працягнуў Вітаўт. – Давайце я вам раскажу, як было, а потым вырашым, што не трэба друкаваць, добра?
…У той вечар прыяцелі адзначалі дзень народзінаў барадача Сяргея. Святкавалі ў адным з бараў на вуліцы Карла Маркса – у цэнтры сталіцы. Увечары пайшлі на вакзал, каб праводзіць юбіляра: Сяргей жыў у Заслаўі, таму пакепліваў, называючы Менск сваім райцэнтрам.
Электрычкі ў бок Заслаўя ходзяць часта, таму кампанія не спяшалася развітвацца, а накіравалася ў вакзальны бар, дзе працягнула «хэпі бёздэй». Потым Вітаўт прыгадаў, што яму тэрмінова трэба адправіць паштовы пераказ, а значыць – трэба зайсці на галоўпаштамт. Балазе гэта недалёка.
Няцвёрдай хадой кампанія рушыла ў патрэбны бок. Дайшоўшы па вуліцы Ленінградскай да корпуса хімічнага факультэта БДУ, хлопцы вырашылі, што ў такі святочны дзень нельга абысціся без музыкі, таму прыпыніліся і хорам урачыста праспявалі «Пагоню». Напэўна, хібы ў іх спевах знайшоў бы не толькі дасведчаны хормайстар, але і звычайны аматар музыкі, якому вушы не адтаптаў мядзведзь, але самім выканаўцам было даспадобы: мы свабодна спяваем нашую песню на вуліцах нашага горада!