Выбрать главу

Кажуць, грузіны так шмат пяюць за сталом, бо менавіта гэтыя спевы дазваляюць ім доўга не п’янець. Напэўна, на беларускі арганізм спевы дзейнічаюць не так, як на грузінскі. Прынамсі, тром прыяцелям яны не дужа дапамаглі…

Пасля праспяванай «Пагоні» кампанія завітала ў дворык на задворках Мінгарвыканкама: узнікла натуральная патрэба вызваліць мачавыя пухіры ад лішняй вадкасці, а шукаць прыбіральню на бліжэйшых вуліцах горада-героя не было часу.

Адліваючы, Харовіч узняў позірк угору і пабачыў над гарвыканкамам прыкры сцяг ненавіснай улады і… пажарную лесвіцу, ніжняя прыступка якой заканчвалася не вельмі высока над зямлёй – высокаму чалавеку можна даскочыць. Зашпіліўшы прарэх, ён падзяліўся з карыфанамі ідэяй: а давайце я сарву сцяг? І не паспелі тыя ацаніць палёт думкі, як Зміцер ужо караскаўся па сценцы, як славуты Чалавек-павук.

– Мы яшчэ стаялі аслупянеўшы, калі да нас падляцелі мянты і павялі ў гарвыканкам, – з імпэтам расказваў Вітаўт, жыва перажываючы нядаўнія падзеі. – Заводзяць нас у фае, пачынаюць пытацца дакументы, а тут бачым – па лесвіцы Змітра цягнуць. Мянты трымаюць яго з абодвух бакоў, кашуля на ім ці то расшпіленая, ці то падраная, а ў руках ён камечыць сцяг чырвона-зялёны. І на твары – задаволеная, шчаслівая ўсмешка! Яго валакуць, а ён лыбіцца!

Потым кампанію павезлі ў пастарунак. Вось тут Вітаўт, які меў пры сабе дакументы на нейкія замежныя гранты, устурбаваўся ўсур’ёз, ажно алкаголь з галавы павыветрыўся. У міліцэйскім «малпоўніку» ён некалькі разоў за ноч прасіўся вывесці яго ў прыбіральню – маўляў, ад хвалявання жывот прыхапіла. І кожным разам тапіў ва ўнітазе дакументы, падраныя на дробныя шматкі, ды флэшкі з інфармацыяй.

– А зранку нас адпусцілі, бо Харовіч сказаў, што мы ні пры чым. Што ідэя са сцягам была цалкам ягоная, а мы спрабавалі адгаварыць. Ну, разумееце, у мяне дзіця малое, – тлумачыў Вітаўт, – у Сяргея сесія ва ўніверы вось-вось пачнецца. А Змітру што? Ён нежанаты, не вучыцца нідзе…

На развітанне Вітаўт яшчэ раз папрасіў не публікаваць кампрамат («Ну, пра п’янку там… І пра дакументы».), а маўклівы Сяргей уважліва паглядзеў у твар журналісту.

Кміціч задумаўся пра іронію, з якой ствараецца гісторыя. З аднаго боку, вось яно, гераічнае дзеянне – хлопец сарваў чужы яму сцяг з будынка гарвыканкама. Учынак сімвалічны, натхняльны. З другога боку, перадгісторыя ўчынку такая, што можа звесці да нуля ўвесь гераізм…

Паўлу прыгадаўся даўні цынічны жарт, якім забаўляліся ягоныя аднагодкі яшчэ ў школьныя часы:

– Ведаеш, якая была апошняя фраза Аляксандра Матросава перад тым, як ён зваліўся на дзот?

– Якая?

– «Грэбаны лёд!»

Хто там пісаў, што вершы растуць са смецця? Ахматава? Калі б вы ведалі, Ганна Андрэеўна, з якіх адкідаў, гною і бруду вырастаюць подзвігі, вы б ціха радаваліся за тую аранжарэю, з якой растуць вашы вершы!

З ПРЭСЫ

Амністыя да 10-х угодкаў Кастрычніка

Хто будзе вызвалены з месц зняволення.

З аўтарытэтных крыніц мы атрымалі весткі аб тым, што ва ўрадавых органах СССР заканчываецца распрацоўка праекту амністыі да 10-х угодкаў Кастрычнікавай рэвалюцыі.

Водлуг гэтага праекту, мяркуецца зусім спыніць дробныя справы аб крадзяжох, хуліганстве, знявазе асоб і іншыя справы, якія да гэтага часу паступілі ў суд.

Будзе пераапрацавана пытанне аб ужыванні вышэйшай меры пакарання – расстрэлу… І аб тым, ці ўжыць яго да тых асуджаных, якія ўжо прысуджаны судом да расстрэлу.

Водлуг праекту мяркуецца вызваліць з месц зняволення тых, якія адбываюць пакаранне і зняволены тэрмінам да аднаго году.

Таксама мяркуецца вызваліць і тых, якія зрабілі больш цяжкія злачынствы з прычыны бытавых ці цяжкіх матар’яльных умоў, бо гэткія асобы не могуць лічыцца сацыяльна-небяспечнымі.

Мяркуецца значна скараціць тэрміны зняволення для злачынцаў, якія ўжо адбываюць зняволенне.

Усе гэтыя палягчэнні крануцца толькі зняволеных, якія паходзяць з пралетарыяў і сялянства.

Савецкая Беларусь, 2 кастрычніка 1927 года

Кастрычнік, 1927

– Фам фаталь! – захапленне ў голасе Хлюдзінскага спалучалася з крыху іранічнай усмешкай.

– Гэта што азначае? – Камар быў азадачаны незнаёмымі словамі.

– Пагібельная жанчына, Андрэйка, па-гі-бель-ная жанчына! Гэта па-французску так гучыць, – мужчына засмяяўся нейкім сваім думкам.

Толькі што яны выйшлі ад Давіда Ратнера і Станіславы Верацінскай. Дакладней, яны меркавалі сустрэцца толькі з Ратнерам, каб пагаварыць з ім, але дзверы ім адчыніла пякучая брунетка, чые вочы былі прыкрытыя густымі вейкамі. Такія доўгія замглёныя пагляды не маглі не хваляваць мужчын, якія лавілі іх на сабе.