– Прыкінь, які прыкол атрымаўся, – Сяргей Рак прымасціўся на краі стала. Стол стаяў за спінай Кміціча, таму Павел быў вымушаны адарвацца ад манітора і павярнуцца на сто восемдзесят градусаў, каб падтрымаць размову.
Па голасе калегі адчувалася, што ён перажывае радаснае захапленне:
– Мы сабраліся былі кампаніяй сваёй заўтра ў футбол пагуляць. Ну, я разаслаў запрашэнні ўсім, і памылкова адно запрашэнне пайшло Аляксандру Глебу!
– У сэнсе, футбалісту? Каторы ў «Барселоне» цяпер гуляе? – перапытаў Кміціч.
– Так! Ягоны кантакт у мяне быў забіты ў тэлефон, калі я з ім інтэрв’ю рабіў. Ну, і выпадкова атрымалася, што я яго запрасіў.
Абодва зарагаталі.
– А ён што?
– Падзякаваў. І яшчэ напісаў, што не зможа паўдзельнічаць у нашай гульні, бо ў яго будзе трэніроўка да матча з «Баварыяй». Ветлівы чалавек!
– Уяўляю, як ён здзівіўся, – зноў засмяяўся Кміціч.
У гэты момант у пакой зазірнуў галоўны рэдактар выдання Антон Аляшэўскі:
– Павел, можна вас на хвіліну запрасіць да сябе?
Калі галоўрэд павярнуўся да іх спінай, Рак вачыма запытаўся ў калегі: што здарылася? Той тузануў плячыма: таксама, маўляў, нічога не разумею.
Павел яшчэ памятаў тыя часы, калі Аляшэўскі сам быў адным з іх, журналістаў. Але потым няўзнак узбіўся ён у начальніцкі фатэль, і былыя прыяцелі сталі заўважаць, як мяняецца чалавек. Вонкава ўсё заставалася нібыта па-ранейшаму, але цяпер Аляшэўскі паглядаў на падначаленых, як заможны чалавек пазірае на галыцьбу – паблажліва, з пачуццём уласнай перавагі, якую яму далі грошы. У яго абазначыўся жывот як статусная прыкмета таго, што жыццё ўдалося… Ну, ці амаль удалося!
Адзін з апошніх дзіўных маналогаў, якія Кміціч чуў ад галоўнага рэдактара, гучаў так: «А ўсё ж такі я думаю, што мы дарма карыстаемся толькі заходнебеларускай традыцыяй называць чалавека адно па імю. Спадар Павел, спадар Андрэй, спадар Антон… На ўсходзе Беларусі імя па бацьку – гэта ж натуральная з’ява, не навязаная нам расейцамі. “Антон Пятровіч” – гучыць нармальна і з павагай, праўда?»
Якія цяпер ідэі ўсходні (ці які яшчэ там?) вецер надзьмуў у галаву Аляшэўскаму, Павел нават не рызыкаваў угадваць.
– Павел, хацеў з вамі пагаварыць пра Харовіча. На хлопца за той сцяг, сарваны з Мінгарвыканкама, пачалі крымінальную справу – «шыюць» яму хуліганства…
– Так, я чуў, – пацвердзіў Кміціч.
Аляшэўскі няўпэўнена кашлянуў, моўчкі пастукаў пальцамі па стале.
– Вы казалі, быццам маеце знаёмага ў КДБ. Можа быць, яго можна папрасіць паўплываць на гэтую справу? Хай бы хлопцу перакваліфікавалі абвінавачанне ў знявагу дзяржаўных сімвалаў, а? Там пакаранне ніжэйшае… Ці можна вас папрасіць правесці такія перамовы? Ведаеце, у яго старая маці, якая цяпер засталася зусім адна, яе няма каму даглядаць. Калі Змітра надоўга пасадзяць, ёй будзе надзвычай цяжка. Я вам нават скажу, што нядаўна сам быў сведкам, як маладафронтаўцы скідаліся ўласнымі грашыма, каб перадаць ёй.
Галоўрэд замаўчаў, запытальна зазіраючы ў вочы Кміцічу. Той стаяў моўчкі, узважваючы сітуацыю. Каб выйграць час, журналіст агледзеўся па баках. У кабінеце Аляшэўскага, як і ў іншых супрацоўнікаў рэдакцыі, стаялі стол і камп’ютар. Аднак замест стандартнага крэсла ў яго быў мяккі скураны фатэль, у кутку каля акна стаяў акварыум са скалярыямі, адну сценку ўпрыгожвала абстрактная карціна. Ніякіх дакументаў на стале не было – усю папяровую працу галоўрэд пераклаў на плечы сакратаркі.
– Вы ж разумееце, што за свае паслугі гэты чалавек можа захацець падзякі, праўда? Што мы можам абяцаць яму ўзамен? – голас Кміціча гучаў напружана і неяк адстаронена.
Рэдактар зноў кашлянуў: абяцаць штосьці супрацоўніку КДБ у ягоныя планы яўна не ўваходзіла.
– Дык жа мы і так ужо яму насустрач пайшлі, – радасна знайшоў ён выйсце са складанай сітуацыі. – Вы ж працавалі над матэрыяламі, якія ён вам прапанаваў. А газета апублікавала гэтае цікавае даследаванне. То-бок першы крок насустрач зрабілі мы, і цяпер наша выданне можа спадзявацца на падзяку з ягонага боку!
З ПРЭСЫ
Камсамольскі суботнік
Ворша, 21-10. На акрузе з вялікім поспехам праходзе камсамольскі суботнік. У м. Мсціслаўлі ў суботніку прымала ўдзел 300 чал. моладзі. У м. Круглае ў суботнік папраўлена непралазная дарога. У Талачынскім раёне папраўлена шмат дарог, пабудаваны масты. Заробленыя ад суботнікаў грошы пайшлі на карысць беспрытульных.
Савецкая Беларусь, 22 кастрычніка 1927 года
Кастрычнік, 1927
Кастрычніцкія раніцы ўжо цёмныя. Гэта летам можна вяртацца дадому а шостай гадзіне, калі даўно ўжо ўстала сонца, а цяпер – цямрэча. У цэнтры Воршы яшчэ хаця б свецяць ліхтары, а тут, на бакавых вулачках, – хоць у хованкі гуляй.