– Можа, – пацвердзіў Давід.
Унурыўшыся ў свае думкі, ён не чуў, што далей казала яму Станіслава. Давід згадаў, як у баях пад Царыцынам белагвардзейская куля збіла з яго фуражку і пакінула след на галаве. Нават тады ён не адчуваў таго халоднага пагрозлівага страху, які ціхай змяёй апавіваў цяпер ягонае сэрца. Малады быў, гарачы, безразважны…
Ён не мог патлумачыць, што ніхто з ранейшых знаёмых не паспяшаецца за яго заступіцца: часы надыходзілі трывожныя, і ранейшы прыяцель мог неспадзявана выявіцца падазроным элементам, апазіцыянерам – напрыклад, трацкістам. А быць трацкістам было ўжо не толькі кепска, але і небяспечна: акурат днямі былых партыйных правадыроў Льва Троцкага і Рыгора Зіноўева выключылі не толькі з Камінтэрну, але і з самой бальшавіцкай партыі.
Як жа так здарылася і чаму? Чаму ўчарашнія паплечнікі ды аднапартыйцы раптам апынуліся ў варожых шэрагах? Калі адбылося гэтае незразумелае раз’яднанне?
Давід успамінаў, як ён трапіў у палон да белых. Глянцаваты афіцэр-калчакавец з залатымі зоркамі на пагонах грэбліва дыміў яму ў твар. Ягоны твар нагадваў парцалянавага пастушка – наіўны і бездакорна-цацачны. Але вочы ў яго былі не бяздумнымі, як у расфарбаванай статуэткі, – злыя былі вочы, з бляскам жывёльнай нянавісці. Дый тое, што гаварыў гэты афіцэр, ніколькі не нагадвала бяскрыўдныя гульні:
– Ну што, думаў, што вашым удасца зацараваць на Святой Русі? Чытаў я, чытаў вашыя «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў», ведаю пра планы сусветнага панавання. Але тут вы прамахнуліся – не бываць нашай святой зямлі пад вашым жыдоўскім панаваннем. Ніколі не бываць! Гэта я табе, жыдок, цвёрда магу паабяцаць. Мы вас усіх пад корань выражам яшчэ да таго, як увойдзем у Маскву парадным маршам.
Рукі Давіда былі скручаныя за спінай, таму ён проста сабраў у роце вязкую горкую сліну і плюнуў у цацачны твар.
За гэта казакі білі яго нагайкай, у канец якой была зашытая свінцовая бляшка – для ўзмацнення ўдару. Ратнер закусіў вусны, каб не закрычаць, не парадаваць сваіх катаў. Пасля экзекуцыі кроў цякла з разарванай спіны і пракушанай губіны, а сам чырвоны камандзір ляжаў без прытомнасці.
Тады яго выратаваў нечаканы прарыў фронту, ад якога белыя ўцякалі, забыўшы палонных…
Такія ж злыя вочы Давід бачыў у 1919-м – тады ён прымаў удзел у задушэнні паўстання тут, у Аршанскім павеце. У гэтым павеце, як і ў суседнім Горацкім, тады дзейнічала цэлая «зялёная» армія пад камандаваннем Піменава, Пруднікава і Вязава – па адных звестках гэта былі царскія афіцэры, па другіх – эсэры. Аснову «зялёных», як даносіла ЧК, складалі дэзерціры. Мясцовыя чэкісты не маглі даць рады з невялікімі лятучымі атрадамі, таму на дапамогу ім было вырашана паслаць вайсковыя часці.
Што чэкісты не спраўляліся, Ратнера не здзівіла: ён хутка разабраўся, што трапіць служыць у карны орган можна было толькі паводле прынцыпу кумаўства – ніякай ідэйнасцю тут і не патыхала. П’яныя чэкісты перыядычна ладзілі ў горадзе начныя аблавы, а то і проста выходзілі ў цэнтр горада, каб дзеля забавы пастраляць у скверы.
Ратнер удзельнічаў у карных аперацыях у вёсках, якія кармілі «зялёных». Часам яму даводзілася ўступаць у перастрэлкі з засадамі, якія пакідалі партызаны.
Пасля адной з перастрэлак у рукі да чырвоных трапіў баец гэтай лятучай арміі – барадаты кірпаты селянін. Вось у яго вачах і пабачыў Ратнер такую ж нянавісць.
Давід паспрабаваў патлумачыць, што бальшавікі ваююць за такіх, як ён, гэты селянін. За тое, каб даць яму зямлю. За тое, каб над ім не было пана ці падпанка з бізуном. За тое, каб працоўны чалавек мог сам карыстацца плёнам сваёй працы.
– А я дык і не разабраўся, – з’едліва адказаў мужык. – Значыць, харчразвёрстка ездзіць па вёсках, каб раздаць селяніну хлеб, а не забраць яго? Цёмны я, вашбродзь. Думаў, бальшавікі адных паноў на другіх памяняць хочуць, а аказваецца – усё наадварот…
Дзе хаваецца камандаванне «зялёнай» арміі, палонны так і не сказаў, таму Давід загадаў перадаць яго чэкістам – хай тыя разбіраюцца. Калі наступнага дня ён спытаўся ў аднаго з іх, ці загаварыў палонны, то пачуў у адказ казённую фармулёўку: «Застрэлены пры спробе ўцёкаў».
Пасля вайны было неабходна заставацца камандзірам, але ўжо не ў войску – на вытворчасці. Спярша Ратнер баяўся гэтай працы, але хутка разабраўся, што галоўнае тут, як і ў войску, – умець камандаваць і арганізоўваць. Чырвоныя камандзіры ператвараліся ў чырвоных дырэктараў. Зрэшты, загады засталіся загадамі, толькі цяпер замест «Узяць горад N» ставілася задача «Забяспечыць да канца года павышэнне выпуску прадукцыі на … %».