Потым адзін з ідэолагаў партыі – Мікалай Бухарын – выступіў з лозунгам «Узбагачайцеся!». Ён звяртаўся да сялян, але Давід Ратнер таксама пачуў гэты зварот і падумаў: хіба толькі сяляне павінны ўзбагачацца ў савецкай краіне? Калі ўзбагачацца будуць усе, то і лепш будзе таксама ўсім – не адным жа нэпманам-лавачнікам даваць такую магчымасць!..
А крыху пазней ён напаткаў гэтую жанчыну – і зразумеў, што ўсё ранейшае жыццё было падрыхтоўкай да гэтай сустрэчы. Станіслава Верацінская была цэнтрам, вакол якога пастаянна кружыла мноства мужчын. Аднак пры з’яўленні Давіда ўсе яны неяк незаўважна адышлі на другі план, пакінуўшы іх сам-насам.
Яны былі разам ужо не першы месяц, але Давід усё яшчэ не мог сказаць, што да канца ведае сваю Славачку, як ён называў яе ў хвіліны пяшчоты. Так, гэта была сапраўдная жанчына, якая магла лашчыцца, як котка, а ўжо літаральна праз хвіліну капрызна надзьмуць вусенкі і не тлумачыць прычыну крыўды: здагадайся, маўляў, сам, што кепскага ты мне зрабіў. Тым не менш дзеля Станіславы Ратнер па-ранейшаму быў гатовы знесці горы і дастаць зорку з неба.
…Ягоныя думкі перапыніў заведзены Станіславай патэфон, з кружэлкі даносіўся нізкі мужчынскі голас: «Гляжу как безумный на чёрную шаль…» Яна знарок завяла гэтую музыку, калі пабачыла, што яе суразмоўца лятае ў думках недзе далёка і зусім не слухае яе.
– Твая праўда, – кіўнуў Давід, вяртаючыся да пачатку іхняй размовы. – Трэба дзейнічаць.
З ПРЭСЫ
Скарыстанне трацкістамі друкарні Моспаліграфа
Масква, 20-Х. Т.т. Бровар Б. І. і Зільберт Т. Б. самахоць і процізаконна скарыстоўвалі друкарню Моспаліграфа для набору і друкавання антыпартыйных дакументаў.
Бровар Барыс Ісаевіч, член партыі з 1917 г., раней рабочы, зараз служачы, вышаў з дробна-буржуазных колаў, з 1904–1909-х гг. бундавец, а з 1909–1914-х – меншавік, шмат разоў прыцягваўся да партыйнае кары.
Зільберт Тові Барысавіч, член УсеКП(б) з 1917 г., рабочы, наборшчык, а ў апошні час загадчык вячэрняе змены 17-е друкарні Моспаліграфа.
Прэзідыум ЦКК ухваліў: за грубае парушэнне партдысцыпліны, за абман партыі і парушэнне савецкіх законаў Бровара Б. І. і Зільберта Т. Б. з партыі выключыць.
Савецкая Беларусь, 19 кастрычніка 1927 года
Кастрычнік, 1927
дрыготкім фальцэтам выводзіў сляпы стары, які круціў ручку драўлянай ліры. Ён сядзеў у кутку Базарнай плошчы, а навокал ужо сабралася купка разявак – пераважна жанчын. Яны ціха вохкалі пад жаласлівую песню, якая-ніякая і слязу пусціць паспела.
Побач са старым стаяў маленькі бялявы хлапчук, які старожкім вераб’іным позіркам абводзіў слухачоў і час ад часу абыходзіў іх з шапкай. Стары ж тым часам спяваў не спыняючыся: як толькі адна песня заканчвалася, ён амаль без перадыху заводзіў новую.
Навокал стаяў галас. Вяскоўцы карысталіся адным з апошніх восеньскіх кірмашоў, каб прадаць бульбу, буракі, капусту. Рамеснікі прапаноўвалі свой тавар – лыжкі, глечыкі, конскую вупраж…
Толькі тут, у гэтым кутку, ніхто не зазываў пакупнікоў і не прапаноўваў ім «самы лепшы тавар па самай нізкай цане».
Антон Хлюдзінскі сунуў руку ў кішэню паліто, намацаў нейкую манету і кінуў у шапку, калі хлапчанё чарговым разам падышло да яго. Музейшчык павярнуўся, каб сысці, і нечакана сутыкнуўся з чалавекам, чый твар падаўся яму знаёмым.
– Прабачце, – прамармытаў ён.
– Што вы, гэта я ў вас, таварыш Хлюдзінскі, мушу п-папрасіць п-прабачэння, – ветліва пасміхнуўся той, і Антон адразу ўспомніў адваката Кітаеўскага. – Заслухаўся гэтай народнай творчасцю, разумееце…
Разам яны выбраліся з кола цікаўных.
– Вам у які б-бок? – пацікавіўся адвакат. – Цудоўна, і мне туды ж. П-прайдуся з вамі, калі вы не супраць.
Хлюдзінскі супраць не быў. Няспешна мужчыны пасунуліся з Базарнай плошчы. Гаварыў пераважна Кітаеўскі:
– Цікавыя экзэмпляры гэтыя народныя спевакі-лірнікі. Вось ужо змянілася ўлада, змянілася эпоха, а яны, як і раней, ходзяць ад вёскі да вёскі, ад горада да горада са сваімі п-песнямі. Гэта такі след дарэвалюцыйных часоў, які яшчэ не хутка знікне. Вось вы музейшчык – вам, напэўна, трапляецца шмат цікавых старадаўніх здабыткаў? Вы ўзялі б такога лірніка сабе ў музей у якасці экспаната?
– Ліру – хоць сёння, – не задумваючыся, адказаў Хлюдзінскі. – А лірніка? Ён жа жывы чалавек, як я яго вазьму? Яго трэба даглядаць, карміць, бо ён жа нічога іншага не ўмее, як спяваць.