– Вось-вось, людзі слаба мяняюцца нават п-пры п-пераломе эпох, – узрадавана падхапіў адвакат. – Чалавечая натура вельмі п-павольна п-прызвычайваецца да змен. Колькі тысяч гадоў нашыя п-продкі жылі, п-пакуль адмовіліся, да п-прыкладу, ад канібалізму? Камунізм, які нам абяцаюць, п-прыйдзе, вядома, але ці з цяперашнім п-пакаленнем? Людзі цяжка ўпісваюцца ў такі райскі ўклад: іх жа карміць трэба… Вы чулі п-пра Мюнстарскую камуну анабаптыстаў у Нямеччыне? У 1534 годзе п-прадстаўнікі вучэння анабаптыстаў выйгралі выбары ў Мюнстарскі магістрат. П-пасля гэтага з горада былі выгнаныя ўсе п-праціўнікі анабаптыстаў, а іх маёмасць, як кажуць цяпер, была нацыяналізаваная. П-потым п-правадыры анабаптыстаў абвясцілі б-бясплатную п-працу, якая робіць чалавека свабодным, а яшчэ крыху п-пазней – дазволілі мнагажэнства. Скончылася ўсё трагічна: горад асадзіла аб’яднанае п-пратэстанцка-каталіцкае войска. Анабаптысцкая камуна п-праіснавала каля чатырнаццаці месяцаў… Кажуць, што людзі, якія жылі пры Мюнстарскім камунізме, зусім нічым не адрозніваліся ад іншых. Ну, хіба толькі б-большай верай у Стары Запавет.
Скоса глянуўшы на свайго слухача, адвакат працягваў:
– Шмат інфармацыі пра Мюнстарскую камуну да нас дайшло з матэрыялаў, якія захавалі царкоўныя крыніцы – як каталіцкія, так і п-пратэстанцкія. Ці б-было нешта п-падобнае ў нас, не ведаеце? Не траплялі да вас такія дакументы? Што-небудзь п-пра вогнішчы інквізіцыі? Шкада, я б хацеў п-пачытаць…
Нейкі час ішлі моўчкі, а потым Кітаеўскі зноў загаварыў:
– Між іншага я ўсё думаю п-пра ваш да мяне візіт. Навошта вы п-прыходзілі?
– Мяне прасіў дапамагчы Андрэй Камар. Хлопец вельмі разгублены, і я не мог яго кінуць, як таго шчанюка ў ваду – каб выплыў або патануў…
Адвакат спыніўся і скептычна агледзеў Хлюдзінскага, пасля чаго няўцямна гмыкнуў і паспешліва развітаўся.
«Што гэта было? Навошта ён распытваўся? Чаму расказаў мне гэтую гісторыю пра Мюнстар?.. Няўжо сапраўды мы выпадкова спаткаліся? Ці гэтая сустрэча была падрыхтаваная? Але навошта яму было вылоўліваць мяне?» – пытанняў у музейшчыка было шмат, а адказаў на іх ён не знаходзіў.
Травень, 2010
Травеньскае сонца скакала зайчыкамі па вокнах дамоў, шчодра рассыпалася на мінакоў, падкрэсліваючы ў жанчын вабноты, на якія Кміціч звяртаў асаблівую ўвагу.
Сёння ўначы ён сніў сваю колішнюю віртуальную знаёмую з Горадні, тую самую Святлану, з якой так і не давялося сустрэцца ў рэальным жыцці. Праз некалькі тыдняў перапіскі, падчас якіх дзяўчына з нікам svetik85 даслала яму некалькі фотак ды тое правакацыйнае відэа, іх кантакты неўпрыкмет заглухлі. Павел адчуў, што гарадзенка не гарыць жаданнем пабачыцца з ім ужывую, новыя фота і відэа яна больш не дасылала. Хто з іх першы не адказаў на допіс іншага, ужо было не так важна: абое зразумелі, што гэтую старонку жыцця можна перагарнуць і забыцца.
Але вось жа сёння чамусьці прыгадалася менавіта яна! У сне ейная пругкая фігура зноў выгіналася ў бязгучным танцы толькі для яго, для Паўла. Прытанцоўваючы, дзяўчына лёгкімі рухамі пазбаўлялася ад вопраткі, пакуль на ёй не засталіся толькі карункавы станік кармінавага колеру і вузкая палоска такіх самых стрынгаў.
Завёўшы рукі за спіну, Святлана расшпіліла станік, і тонкія шлейкі саслізнулі з яе плячэй, адкрываючы невялікія зграбныя грудкі з натапыранымі смочкамі. Потым яна хутка пазбавілася майткоў і павольнай хадой стала набліжацца да Паўла. Вочы яе гарэлі драпежным агнём…
Гэтую ленаватую грацыю Кміціч цяпер з задавальненнем адзначаў у некаторых дзяўчат, якія трапляліся яму, пакуль ён шпацыраваў па праспекце. «Паходка ад бядра», – прыгадалася яму цытата з савецкага фільма.
У іншых адчувалася зайцаватая паспешлівасць, і нават на клубах іх нібыта падрыгваў заечы хвосцік. Некаторыя ж нагадвалі наравістых кабылак: ідуць роўна, але раз-пораз несамавіта ўскідваюць задком. Пажылыя цёткі з сумкамі міжволі нагадвалі Паўлу неўваротлівых кароў. Зрэшты, не толькі пажылыя цёткі – сустракаліся і маладыя дзяўчаты, быццам да краёў напоўненыя гэтай загуслай, канцэнтраванай нязрушнасцю. Здавалася, яны ішлі, агорнутыя гэтай каровінай аўрай…
Гэтых думак ён крыху засаромеўся і перастаў праводзіць жывёльныя паралелі. Аднак аглядаць з цікавасцю жаночыя фігуры не перастаў.
Між тым сустрэча, на якую ішоў Кміціч, зусім не спрыяла гуллівым эратычным думкам.
Бо ён ішоў пабачыцца з Аляксеем Пятровічам. І на гэтае спатканне з кадэбістам Павел напрасіўся сам.
Кастрычнік, 1927