У чайнай на Базарнай плошчы было дымна і тлумна. Звычайныя наведнікі гэтага месца – непераборлівыя сяляне, якія заходзяць прамачыць горла на барыш з прададзенай бульбы і капусты, ды служкі з дробных нэпманскіх лавачак.
Ніхто з навакольных не звяртаў увагі, што ў адным з цёмных закуткаў памяшкання за сталом прытуліліся два мужчыны, якія відавочна не належалі да традыцыйнай публікі чайнай. На адным быў ужо крыху заношаны, але яшчэ добры сіні гарнітур у тонкую палоску з англійскай воўны. Трымаўся мужчына крыху напружана. Другі быў апрануты значна прасцей, было заўважна, што ён прывык, каб ягоныя загады безумоўна выконваліся.
Гэта былі Кітаеўскі і Ратнер, яны сядзелі адзін насупраць аднаго і вялі ціхую гаворку. На голых дошках стала паміж імі стаяў графін гарэлкі, чаркі, талеркі з селядцом, свінымі рэбрышкамі і варанай бульбай, шчодра пасыпанай кропам. Простыя стравы, адпаведныя тутэйшым наведнікам.
– Што, таварыш адвакат, так і не навучыліся быць бліжэй да простага народу? – са змрочнай іроніяй спытаўся Ратнер, калі Кітаеўскі з лёгкай грэблівай грымасай працёр насоўкай стол перад сабой.
– Я, як і б-большасць п-прадстаўнікоў дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі, усё жыццё п-працаваў для таго, каб п-павысіць культурны і эканамічны ўзровень тых, каго вы называеце п-простым народам. А вы мне п-прапануеце апусціцца да іх узроўню замест таго, каб п-падымаць іх да майго? – падціснутыя вусны адваката сведчылі пра яго непрыязнасць і да месца, і да тэмы размовы.
– А між тым гэта вашая публіка, – працягваў пацвельваць Ратнер. – Магчыма, за суседнім сталом сядзіць хтосьці з вашых будучых падабаронных.
– П-пакуль ён сядзіць тут, яму мае п-паслугі не п-патрэбныя, – парыраваў Кітаеўскі. – Вы запрасілі мяне п-пагаварыць п-пра маю п-практыку? Ці б-была нейкая іншая мэта?
Твар былога чырвонага камандзіра, а цяпер савецкага службоўца, адразу стаў сур’ёзным.
– Нам з вамі пагражаюць вялікія праблемы, якія цягне за сабой забойства Пашкоўскага, – у сувязі з нашым становішчам. Да таго ж мы з вамі найлепш усведамляем усю сітуацыю. Таму я хацеў прапанаваць выпрацаваць агульную лінію паводзінаў.
– Вы ж ведаеце сваіх б-былых п-паплечнікаў… І думаеце, нам удасца выбрацца б-без страт з тых жорнаў, у якія нас зацягвае?
– Я ведаю сваіх былых паплечнікаў, – пацвердзіў Давід, разліваючы па чарках гарэлку. – Таму мяркую, што маё веданне ўлады і вашыя ўмельствы ў абыходжанні з законамі разам дапамогуць нам вырвацца з гэтых жорнаў з мінімальнымі стратамі.
Кітаеўскі не мог не прызнаць рацыю ў словах суразмоўцы. Да рэвалюцыі ён бы разлічваў на суд прысяжных, на сваё красамоўства – і гэта спрацавала б, іх бы апраўдаў любы суд. Але савецкая ўлада лічыла нарожным каменем судоў не законнасць, а класавую мэтазгоднасць. Якія там суды прысяжных! Пры цяперашняй уладзе новая Вера Засуліч, якая выстраліла б у граданачальніка, не мела б шанцаў на апраўдальны прысуд, як гэта адбылося пры клятым царскім рэжыме…
Узмахам рукі ён адмовіўся падтрымаць Ратнера, які прыўзняў чарку гарэлкі. Той, не бянтэжачыся, выпіў адзін і закусіў селядцом.
– Значыць, так, – загаварыў адвакат рашуча, агучваючы даўно абдуманае. – Нам трэба казаць, што мы хадзілі ў госці п-проста п-паразмаўляць, п-паслухаць успаміны П-пашкоўскага, п-пагуляць у карты… Ні п-пра якіх П-прамяністых мы не чулі. Магчыма, стары дзівак нешта сам сабе п-прыдумаў і дурыў галаву, напрыклад, гэтаму хлопчыку – Андрэю Камару. П-пашкоўскі нам нешта распавядаў п-пра свае ці то масонскія, ці то нейкія яшчэ знаёмствы п-падчас эміграцыі, але нам, савецкім грамадзянам, не вельмі цікава б-было п-пра гэта слухаць, таму мы не запомнілі.
З ПРЭСЫ
Сялянская рота
Круглае, 23-10. Пры ячэйцы ТДА-Авіахіму арганізавалася сялянская рота, якая навучаецца вайсковай справе. Таксама арганізаваны гурток хуткай дапамогі, які складаецца выключна з дзяўчат. Уся моладзь вельмі зацікаўлена справай ваенізацыі.
Савецкая Беларусь, 22 кастрычніка 1927 года
Травень, 2010
Кміціч з зайздрасцю і тугой паглядаў на запацелы куфаль са светлым півам, які стаяў перад Аляксеем Пятровічам. Сам журналіст замовіў сабе кавы, бо хацеў захаваць яснасць думак. Аднак у такі цёплы сонечны дзень піва выглядала больш спакушальна…
– А што, вам у працоўны час не забаронена? – іранічна кіўнуў журналіст на піва.
Кадэбіст ленаватым жэстам чалавека, які нікуды не спяшаецца, падняў куфаль, зрабіў добры каўток напою, а потым насмешліва глянуў на Паўла:
– Там, дзе працоўны дзень ненармаваны, хіба могуць быць такія забароны? Можна падумаць, што вы, калі ходзіце на нейкія прыёмы і фуршэты з працоўнымі мэтамі, там не выпіваеце…