Выбрать главу

– Ну, бывае, – пагадзіўся журналіст. Ён адкашляўся перад тым, як пачаць размову, дзеля якой дамовіўся на гэтае спатканне. – Я з вамі хацеў пагаварыць як з супрацоўнікам Камітэта.

У вачах Аляксея Пятровіча бліснуў нядобры агеньчык, але кадэбіст не азваўся ні словам, чакаючы працягу.

– Вы ж чулі пра справу Харовіча, так?

– Гэта той, што сарваў сцяг з гарвыканкама? – удакладніў мужчына і зноў глытнуў піва.

– Так, ён, – уздыхнуў Кміціч. – Яго вінавацяць у хуліганстве за той сцяг. Але ж вы самі ведаеце, што гэта было чыста палітычнае дзеянне. Ці можна перакваліфікаваць гэта ў знявагу дзяржаўнай сімволікі? За гэта пакаранне меншае. Напэўна, вашае ведамства магло б на гэта паўплываць? Ці не маглі б вы з кімсьці пра гэта пагаварыць? Разумееце, у Харовіча старэнькая маці, якую трэба даглядаць, а ён адзіны сын…

– У цікавыя часы мы жывём, – няспешна загаварыў кадэбіст. – Вось вы, журналісты, наракаеце на крывавы рэжым. Але хіба ж у якія-небудзь сталінскія часы вы пайшлі б угаворваць замяніць банальнае хуліганства на фактычна палітычны артыкул Крымінальнага кодэкса? І вы яшчэ кажаце пра нейкія жорсткія рэпрэсіі супраць апазіцыі…

Павел вырашыў ігнараваць насмешку, якая гучала ў словах кадэбіста. Журналісцкая праца прывучыла яго да таго, што суразмоўцу трэба спярша ўцягнуць у гутарку, выказваючы непадробленую ўвагу да яго пазіцыі. Ісці на канфрантацыю можна толькі пазней – калі суразмоўца ўжо перастане закрывацца і будзе гаварыць шчыра.

– Магчыма, вы маеце рацыю, – падбіраючы словы, загаварыў Кміціч. – Але ж цяпер я прыйшоў не дзеля таго, каб весці нейкія адцягненыя тэарэтычныя спрэчкі, а з канкрэтнай просьбай паўдзельнічаць у лёсе канкрэтнага чалавека. Не варта ламаць жыццё юнаку.

– А можа, юнаку самому варта было думаць пра сваё жыццё? Вы так не лічыце? – паблажліва запытаўся Аляксей Пятровіч. – Да таго ж, Павел, вы звярнуліся не да таго чалавека, які вам патрэбны. Я ў Камітэце цяпер не працую… І піва п’ю не ў працоўны час.

– На пенсію выйшлі? – Кміціч не здолеў схаваць цікаўнасці.

– Не, папрасілі сысці, – уздыхнуў суразмоўца. – І да гэтага спрычыніліся вы.

Каб схаваць сваю разгубленасць, журналіст паднёс да вуснаў філіжанку, у якой ужо амаль не было кавы. Тым часам Аляксей Пятровіч працягваў:

– Я ж вас прасіў не рабіць ніякіх копій з таго сшытка, які перадаваў. Ну выпісалі б сабе неабходныя звесткі… Не, вам спатрэбілася зрабіць копію!

Кміціч пачаў прыгадваць: файлы з адсканаванымі старонкамі сшытка ён захаваў сабе на камп’ютар. Ці даваў ён каму-небудзь гэтыя файлы капіяваць? Не. Праглядаць? Таксама не. Сам разбіраў рукапісныя старонкі, сам перакладаў іх. Няўжо нехта атрымаў доступ да яго кампа і даведаўся, што ён там захоўвае? Думкі ў галаве мітусіліся, як мышы, якія спрабуюць вырвацца з клеткі.

Тым часам Аляксей Пятровіч працягваў:

– Па вашым твары бачу, што вы задумаліся. І гэта вы правільна робіце! Давайце я вам, Павел, раскажу пра свайго знаёмага. Не хвалюйцеся, гісторыя будзе кароткая, надоўга я вас не затрымаю… Сябра мой паехаў на адпачынак у Тайланд. Ну, вы ведаеце, чым славіцца гэтая краіна – тайскі масаж у турыстаў стаіць добра калі на трэцім месцы. А на першым, безумоўна, лёгкадаступны экзатычны сэкс. Мой прыяцель у бары прыгледзеў сабе сімпатычную мініяцюрную таечку – падабаюцца яму худзенькія, разумееце. Прывёў ён гэтую тайку да сябе ў нумар, распрануў… А ў тайкі паміж ног – струк! Хлопчык гэта быў, трансвестыт.

Ён дапіў піва і закончыў нечакана рэзка:

– Нашыя жаданні, асабліва сэксуальныя, прымушаюць нас міжволі закрываць вочы на нейкія рэчы, падманваюць нас. А потым высвятляецца, што замест абаяльнай дзяўчыны клеіш нават не курву з трасы, а нейкага підара! Падумайце над маімі словамі, малады чалавек.

Кміціч паглядзеў у спіну экс-кадэбісту: журналісту падалося, што ён правільна зразумеў зроблены намёк.

Кастрычнік, 1927

ПЫТАННЕ: Як даўно вы былі знаёмыя з Пашкоўскім?

АДКАЗ: Ой, я нават не памятаю. Ну, скажам, некалькі гадоў. Дакладна не скажу. Але хто ў нашым горадзе не чуў пра Пашкоўскага? Такіх, можа, і са свечкаю не знойдзеш.

ПЫТАННЕ: Дзе і як вы пазнаёміліся?

АДКАЗ: Ды не памятаю я такіх падрабязнасцей. Хутчэй за ўсё, у каго-небудзь у гасцях. Вы ж таксама ходзіце ў госці? Вам там сустракаюцца незнаёмыя людзі, з якімі вы знаёміцеся? Ці па вечарах толькі седзіце ўдома?

ПЫТАННЕ: Пытанні тут задаю я. Як часта вы сустракаліся з Пашкоўскім?

АДКАЗ: Прыкладна недзе раз на месяц. Бывала, што і часцей, але радзей, здаецца, ні разу не было.