Песня вельмі добра дапамагала рытмічна памешваць варыва: рукі рухаліся ў такт матыву.
Раптам у дзверы нехта пагрукаў. Гасцей Хлюдзінскі не чакаў.
Яшчэ больш ён здзівіўся, калі за дзвярыма пабачыў Станіславу Верацінскую – фам фаталь, якой так захапляўся пасля знаёмства. Прайшоўшы ў пакой, яна крытычна агледзела яго спартанскую абстаноўку: вялікую частку займаў стол, каля якога стаяла толькі адно крэсла, далей была шафа, з-за якой вытыркаўся ложак.
– Прабачце, звычайна госці да мяне не ходзяць, – прамармытаў Хлюдзінскі, неспадзявана засаромеўшыся свайго жытла: занадта ўбога яно выглядала ў параўнанні з гэтай прыгажуняй-брунеткай. Ён прапанаваў Верацінскай крэсла, а сам стаў побач, абапёршыся на стол.
– Ну, што вы, у вас вельмі стрыманая абстаноўка, якая сведчыць пра вас як пра аскетычнага чалавека, які не гоніцца за жыццёвымі дабротамі, – супакоіла яго госця. – Гэта вы даруйце мне, што завітала без запрашэння… Ды яшчэ, здаецца, адарвала вас ад вячэры.
Сапраўды, каша пахла моцна. Гаспадар прапанаваў Верацінскай пачаставацца, але тая рашуча адмовілася:
– Не-не-не, я толькі на хвілінку, мяне ўнізе чакае шафёр мужа… Скажыце, вы сур’ёзна казалі, калі прыходзілі да нас з тым хлопчыкам? Нам сапраўды пагражае небяспека?
– Няўжо вы падумалі, што я прыходзіў проста вас напалохаць?
– Не, што вы, – яна замахала рукамі. – Але Додзік – ён такі рашучы, такі бясстрашны! Ён кажа, што няма чаго турбавацца…
Яна крыху памаўчала, а потым дадала дрыготкім голасам:
– А я баюся. Мне страшна… І сэрца калоціцца, калі падумаю, што ўсе мы можам стаць ахвярамі, як Пашкоўскі або Кавалёва.
Верацінская раптоўна схапіла правую руку мужчыны і прыціснула далонь да сваёй левай грудкі:
– Адчуваеце?
Музейшчыку заняло дыханне, у роце перасохла. Ці моцна б’ецца сэрца, ён нават не задумваўся. Хлюдзінскі адчуваў толькі мяккае падатнае жаночае цела пад тканінай. І вось акурат ягонае сэрца пачало тахкаць значна хутчэй і мацней: жанчыны ў яго не было даволі даўно.
Ён паспрабаваў пакласці ёй на грудзі і другую руку, але жанчына рэзкім рухам адхіліла яго:
– Не, мы яшчэ не настолькі блізка знаёмыя, бачымся толькі другі раз у жыцці!..
Тым не менш какетнічаць яна не перастала:
– Спадзяюся, у нас яшчэ будзе час пазнаёміцца бліжэй… Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе. Я чула, што вы перайшлі мяжу з Заходняй Беларусі. Гэта страшна?
– Пераходзіць мяжу? Вядома, страшнавата, – пасміхнуўся Хлюдзінскі. – Раптам наткнешся на памежніка ці з аднаго, ці з другога боку…
– І тым не менш вы рызыкнулі! Ах, як гэта рамантычна! А скажыце, вы адзін пераходзілі? Не? З кантрабандыстам? А ён таксама застаўся ў нас? Вярнуўся назад, значыць…
Пытанні сыпаліся градам, музейшчык ледзь паспяваў на іх адказваць.
– А як вы з тым кантрабандыстам пазнаёміліся?
У пакоі стала ціха, адказваць на гэтае пытанне Хлюдзінскі не спяшаўся. Урэшце з іранічнай усмешкай ён прагаварыў:
– Мы яшчэ не настолькі блізка знаёмыя, каб я расказваў такія падрабязнасці.
Верацінская пачырванела і паднялася:
– Што ж, мне ўжо трэба ісці, шафёр зачакаўся… Дзякуй, што адказалі на мае пытанні. Можаце не праводзіць мяне.
Махнуўшы рукой, яна выйшла, не парупіўшыся зачыніць за сабой дзверы ў жытло музейшчыка.
Кастрычнік, 1927
– Дзядзька Антон! Дзядзька Антон! – Андрэй Камар заляцеў у памяшканне музея з такім запалошаным выглядам, быццам за ім чэрці гналіся.
У музеі было ціха і амаль бязлюдна, толькі дзве фігуры адарвалі позіркі ад сваіх сталоў і амаль сінхронна павярнуліся да хлопца.
Хлюдзінскі і Берг.
Андрэю быў патрэбны Хлюдзінскі, край як патрэбны. Неабходна было перагаварыць, параіцца, але зрабіць гэта сам-насам. Ён спадзяваўся паклікаць старэйшага сябра прайсціся па вуліцы, каб іх размову не чуў хто-небудзь чужы.
– Малады чалавек, вы прыйшлі па працы ці з асабістым пытаннем? – нібыта падстрэліў яго на ўзлёце сваёй фразай Берг. Юнак спыніўся і разгублена паглядзеў на яго, потым перавёў позірк на Хлюдзінскага.
Тым часам Берг зноў загаварыў павучальным тонам, па звычцы крыху расцягваючы словы на галосных: