– Мяркую, што ў вас асабістая размова з таварышам Хлюдзінскім, так? Вы зможаце яе правесці ў вольны час – напрыклад, у абедзенны перапынак. Пагатоў ён у нас будзе хутка. А пакуль што прашу вас пакінуць памяшканне і не перашкаджаць працоўнаму працэсу.
– Ідзі, Андрэй, ідзі пагуляй крыху, – умяшаўся ў размову Хлюдзінскі. – Таварыш Берг цяпер дырэктар, ён больш адказна ставіцца да працоўнай дысцыпліны…
І тут нарэшце Андрэй зразумеў, што ў кабінеце, куды ён так часта зазіраў, адбыліся змены. Знік старадаўні пацямнелы партрэт магната ў нейкім дзіўным палітоне, што вісеў у куце, каб на яго не падалі сонечныя промні («Гэта Багдан Статкевіч, які даў грошы на будаўніцтва праваслаўнага Куцеінскага манастыра пад Воршай. Бач, мастак рабіў парадны партрэт: намаляваў яго ў парадным кунтушы», – распавядаў калісьці хлопцу Хлюдзінскі, але гэтыя тлумачэнні ў адно вуха Камару заляцелі, у другое вылецелі). Затое за спінай у Берга на сценцы цяпер было прымацаванае пано з залацістай выявай Леніна. Здалёк глянеш – ззяе, блішчыць, а падыдзеш бліжэй – гэта ж са звычайнай саломкі зроблена! Чаго толькі ні прыдумаюць людзі…
Калі Хлюдзінскі змог выйсці на вуліцу ў свой абедзенны час, Андрэй чакаў яго каля ганка.
– Дзядзька Антон, я вас зранку шукаў, але суседзі сказалі, што вас усю ноч не было… Я б не прыйшоў сюды, каб ведаў, дзе вас знайсці.
Вусны Хлюдзінскага здрыгануліся ў ледзь бачнай усмешцы. Візіт Верацінскай напярэдадні дужа ўсхваляваў яго: цела нагадала, што ён яшчэ далёка не стары чалавек і што яго хвалююць не адны толькі музейныя здабыткі. Таму ўсю ноч музейшчык правёў на Маллянскай вуліцы ў адным вясёлым доме ў абдымках маладой жанчыны, якая прадавала за грошы сваё цела. Сказала, што клічуць яе Жазэфіна (безумоўна, хлусіла!) і што з ёй ён даведаецца пра такія глыбіні кахання, пра якія раней і не чуў (а вось тут не падманула, хаця гэткае спароўванне наўрад ці варта было называць высокім словам «каханне». Для іншага яно, для іншага…).
Аднак прызнавацца ў гэтым маладзейшаму прыяцелю ён не збіраўся:
– Ну, як не знайшоў, то цяпер ужо не выправіш… З чым ты так прыляцеў?
– Мяне на допыт вазілі. У Дэ-Пэ-У, – выразным шэптам прамовіў Камар.
– Вазі-ілі? Навошта ж везці, калі ад вашай друкарні там пешшу прайсці ўсяго два крокі? – Хлюдзінскі не мог схаваць здзіўлення. – І пра што ў цябе пыталіся?
– Пра нашыя сустрэчы ў Пашкоўскага. Распытвалі, якія размовы там вяліся.
Хлюдзінскі прысвіснуў і, спусціўшыся з ганка, узяў за плечы юнака, паварочваючы яго ў бок вуліцы:
– Пайшлі пагуляем, і ты мне дарогай усё раскажаш.
І Андрэй расказаў. Пра тое, як яго забралі адразу з працы і агаломшаныя калегі нядобра і падазрона глядзелі, як людзі ў форменных кіцелях вядуць яго, прытрымліваючы пад локці. Пра тое, як старшы супрацоўнік аператыўных даручэнняў Раман Васільчук (напалоханая памяць учэпіста ўхапілася за імя і пасаду чалавека, які вырашаў ягоны далейшы лёс) распытваў пра сустрэчы ў Пашкоўскага – спярша вельмі мякка і далікатна. А калі Андрэй упёрся ў тое, што на тых вечарах гаварылі пра далёкую будучыню чалавецтва, супрацоўнік АДПУ зароў, як укушаны, і тыкнуў яму пад нос пратаколы допытаў Верацінскай: чытай, маўляў…
Там было шмат чаго. Ды што хаваць – там было амаль усё! Імёны, размовы, згадка пра любоў Пашкоўскага да белых руж.
Васільчук навіс над хлопцам усёй сваёй масай і амаль ласкава прагудзеў:
– Табе няма куды дзявацца – лепш расказвай. Заадно і прысуд сабе змякчыш. Наш справядлівы савецкі суд улічвае добраахвотнае прызнанне…
Усё гэта Андрэй расказваў, давячыся словамі: перажытае ўсё яшчэ распірала яго знутры, не змяшчалася, ірвалася вонкі.
– І шмат ты ім расказаў? – лаканічна спытаўся Хлюдзінскі, калі хлопец зрабіў паўзу.
– Ну, я паўтарыў сваімі словамі тое, што расказала Верацінская. А потым з мяне ўзялі падпіску і часова адпусцілі, – разгублена адказаў хлопец. Ён чакаў, што старэйшы таварыш больш блізка прыме да сэрца ягоны расповед, выкажа спачуванне, дасць нейкую параду. Але пакуль што ў музейшчыка быў такі выгляд, быццам ён у думках пралічвае сітуацыю. Гэта было нават крыўдна!
Хлюдзінскі працягваў ісці па падмерзлай дарозе, не зважаючы на тую буру эмоцый, якая адлюстроўвалася на твары яго спадарожніка. Ён загаварыў павольна, быццам прапускаў кожнае слова праз нейкі нябачны фільтр у сваёй галаве:
– Мазаіка паціху складваецца. Цяпер нам бы паспець яе скласці, пакуль не здарылася чаго-небудзь…
З неахвотай Хлюдзінскі прызнаўся, што напярэдадні Верацінская наведала яго. І мяркуючы па ўсім, дадаў ён, шукала спосаб уцячы за мяжу.