– Да капіталістаў? – войкнуў Андрэй.
– Думаеш, у савецкай турме лепш, чым на волі сярод капіталістаў? – сярдзіта павярнуўся да яго музейшчык. – Ты ж нібыта дарослы малец, а разважаеш часам, як нейкі смаркач!..
І задаў пытанні, якія свярбелі ў яго на языку ледзь не ад самага пачатку размовы:
– Лепш скажы мне: ты на допыце пра сшытак казаў што-небудзь? А пра мяне?
Юнак рашуча закруціў галавой:
– У Верацінскай пра сшытак не было нічога, таму і я не згадваў. Дый вы да Прамяністых – ніякім бокам.
– Добра, зайдзі да мяне ўвечары, пагамонім пра гэта ўсё. Цяпер – сам бачыш – не можна ніяк, бо новае начальства, – сумна пасміхнуўся Хлюдзінскі.
– А чаму? Што такое здарылася, каб яго паставілі вамі кіраваць? – не стрымаў цікаўнасці Андрэй.
– Не дужа я пасую ўяўленням гарадскога начальства пра тое, якім павінен быць узорны савецкі музей. Занадта шмат увагі надаю дарэвалюцыйным поглядам, – саркастычна адказаў музейшчык, яўна цытуючы фармулёўкі, з якімі яго здымалі з пасады. – Я нават у Менск ездзіў да Ластоўскага, спадзяваўся, што той зможа дапамагчы. Але яму не да мяне – у яго ідзе вайна з археолагам Ляўданскім: адзін на аднаго даносы пішуць. Ластоўскі – быццам Ляўданскі разглядае гісторыю Беларусі з пазіцый вялікадзяржаўнага расійскага шавінізму, а Ляўданскі – быццам Ластоўскі лезе кіраваць навукай, не маючы нават сярэдняй адукацыі… Карацей, не да мяне яму, сам стараецца замацавацца.
З ПРЭСЫ
Забастоўка ў Магілёве
Прадпрыёмцы 7 прыватных скураных заводаў у г. Магілёве, у якіх занятыя 24 рабочыя, адмовіліся ад перазаключэння калектыўных умоў.
ЦП сходу гарбароў атрымала ад магілёўскага аддзялення тэлеграму з просьбай санкцыянаваць забастоўку.
Выехаўшы ў г. Магілёў прадстаўнік ЦП сходу з часткай прадпрыёмцаў прыйшоў да згоды. Астатнія (Каган, Веслер і Гэнкін) упіраюцца.
У пятніцу, 14 кастрычніка, на прадпрыемствах гэтых вышэй указаных грамадзян пачалася забастоўка.
Савецкая Беларусь, 19 кастрычніка 1927 года
Кастрычнік, 1927
Васіль Луст ведаў, што па яго прыйдуць. Раней ці пазней – няважна, але прыйдуць абавязкова. Заломяць рукі за спіну, каб не супраціўляўся. Магчыма, начэпяць кайданкі, моцна заціснуўшы іх, каб урэзаліся ў рукі. Пацягнуць у «варанок».
Да чэкістаў, якія цяпер памянялі сваё імя на АДПУ, трапляць ён не хацеў, бо ведаў, як гэта бывае. У 1919 годзе падчас польскага наступу ён ужо трапляў у канцэнтрацыйны лагер, куды загналі ўсіх «падазроных элементаў»: папоў, кулакоў, былых афіцэраў, уладальнікаў заводаў і нават настаўнікаў. Маўляў, каб яны не дапамагалі контррэвалюцыі, якая вядзе наступ на ўладу бальшавікоў. Луст як настаўнік апынуўся ў іх ліку.
Ён памятаў сваю бяспраўнасць і прыніжанасць у гэтым лагеры. Месца падалося яму адным з Дантавых кругоў, ён толькі не ведаў, каторы менавіта гэта круг.
Луст памятаў, як адзін з ахоўнікаў плюнуў яму ў твар смярдзючай ад махоркі і нячышчаных зубоў жоўтай слінай. Плюнуў проста так – бо меў над ім уладу. Незнаёмы Васілю немалады афіцэр заступіўся за яго, стаў крычаць салдату штосьці пра чалавечую годнасць.
– Ты, вашбродзь, не шумі, – паблажліва адказаў ахоўнік. – Скончылася твая ўлада, цяпер наш час прыйшоў над вамі пакуражыцца.
– Дык чым ты ў такой сітуацыі адрозніваешся ад быдла? – запытаўся афіцэр.
Дарэмна ён ужыў гэтае параўнанне – салдат рэзка ўскінуў вінтоўку і амаль ва ўпор стрэліў. А потым дадаў сваім ленаватым тонам:
– У чалавека, вашбродзь, вінтоўка ёсць. А быдла без яе сядзіць, і чалавек можа яго застрэліць…
Тады лёс злітаваўся з Васіля: з лагера ён выйшаў жывым і непакалечаным, але цвёрда зразумеў, што больш у падобныя ўмовы трапляць не хоча. Каб пазбегнуць такой долі, ён абзавёўся рэвальверам «бульдог».
Зброя гэтая мела кароткую рулю і для больш-менш далёкай стральбы была зусім непрыдатная. Але ў кішэні «бульдог» займаў мала месца і для блізкага бою быў нават вельмі неблагім. Нездарма менавіта гэты рэвальвер атрымаў у ХІХ стагоддзі мянушку «зброя тэрарыстаў», а германскі ўрад сваім часам нават забараніў увозіць «бульдогі» ў краіну, як і іншую зброю з кароткай руляй. Зрэшты, гэта не вельмі дапамагло: вытворцы сталі выпускаць «бульдогі» з доўгай руляй, каб абысці забарону на ўвоз. Вось толькі мушка прыцэла была зроблена на сярэдзіне рулі, таму падкараціць было зусім не складана…
Са зброяй Васіль адчуваў сябе больш спакойна.
Нават у свабоду, якую нясе нэп, Луст да канца не паверыў і працягваў цягаць рэвальвер з сабой – хто сам сябе сцеражэ, таго і Бог беражэ. І рэвальвер яму прыдаўся, хаця і не супраць чэкістаў. Неяк восеньскім вечарам у бязлюдным завулку насустрач Васілю выйшлі два грувасткія цені. Адзін з іх прабасіў, памахваючы рукой, у якой бліскала ў месяцовым святле лязо: