Выбрать главу

Нарэшце Кміціч прачнуўся канчаткова і зразумеў, адкуль ідзе парыпванне: у крыніцы гуку больш не было ніякіх сумневаў – суседзі зверху яўна зранку займаліся сэксам, і ложак пад імі рытмічна парыпваў.

«Ну, хоць у кагосьці раніца не змарнаваная», – з іроніяй і лёгкай зайздрасцю падумаў журналіст. Сам ён у гэтую ноч спаў адзін, дый увогуле сэксу ў яго не было ўжо некалькі тыдняў. Кміціч нават пачаў думаць, што хутка пачне разумець сэксуальных маньякаў ці тых камсамольцаў 1920-х гадоў, якія пісалі: «Кожны камсамолец можа і павінен задавальняць свае палавыя памкненні. Кожная камсамолка абавязаная ісці яму насустрач, іначай яна мяшчанка».

Вясёлыя былі часы!

Працягваючы іранічна хмыкаць над сабой і сваімі асацыяцыямі, Павел закінуў на патэльню пару курыных кумпячкоў, прысыпаных праванскімі зёлкамі, а на суседнюю фаерку паставіў варыцца рыс. Сняданак у яго будзе просты, без выкрунтасаў, але ўежны – ці варта патрабаваць ад сняданку большага?

Пакуль на пліце ўсё варылася, смажылася і сквірчэла, журналіст зірнуў на гадзіннік і вырашыў, што тэлефанаваць ужо можна – не рана. Ён набраў нумар на мабільніку, але ніхто яму не адказаў. Павел адклаў тэлефон, перавярнуў кумпячкі, каб не падгарэлі, і зноў набраў нумар.

– Алё, – незадаволена азваўся сонны голас.

– Андрэй, я пабудзіў? Прабач, я думаў, што ты падняўся ўжо, – у голасе Кміціча не гучала ні кроплі раскаяння за тое, што ён пабудзіў свайго суразмоўцу. – Хацеў даведацца, што там з маім кампом удалося зрабіць.

Напярэдадні журналіст звярнуўся да знаёмага праграміста, каб той паглядзеў, ці няма ў ягоным камп’ютары якіх-небудзь шпіёнскіх праграм. Цяпер яму нецярплівілася даведацца вынікі гэтай праверкі.

– Заязджай, забярэш сваё «жалеза». Знайшоў я твайго шпіёна, – усё яшчэ глухавата і сонна адказаў Андрэй. – Хітры ён, сука! Сядзеў моўчкі і толькі перакідваў усю інфу з твайго кампа кудысьці… Ты з інтэрнэту не цягай так безаглядна абы-што – на пошту можа і траян, напрыклад, прыскакаць! Ды антывіруснік нармалёвы загрузі.

– Ды я, здаецца, не цягаю, – Кміціч пачуўся няёмка ад таго, што яго вінавацяць у камп’ютарнай неадукаванасці. – А даўно ў мяне гэты шпіён сядзіць?

– Пару месяцаў, з сакавіка прыкладна.

«Так і ёсць», – падумаў Павел, прыгадаўшы, як атрымаў на пошту відэафайл ад svetik85. І было гэта акурат у сакавіку…

Адключыўшыся ад размовы з праграмістам, Кміціч набраў толькі адно слова «Дзякую» і адправіў яго эсэмэскай на нумар Аляксея Пятровіча.

Праз пяць хвілін яго мабільнік піскнуў – прыйшла эсэмэска ад кадэбіста: толькі назва кавярні ў Верхнім горадзе і час.

З ПРЭСЫ

Затрыман бандыт Шацко

Бабруйск, 7-10. У ноч на 7 кастрычніка ў вёсцы Селішча Свіслацкага раёну затрыман бандыт шайкі Бакуна і Гаршкова – Шацко, які прыгаворан Бабруйскім акруговым судом да расстрэлу і ўцёк з-пад варты.

Апошні час з моманту пабегу (6 месяцаў) бандыт Шацко ўкрываўся ў Бабруйскай, Мазырскай і Магілёўскай акругах. Бандыт знойдзен у сене гр. Дубовіка. Пры ім аказалася вінтоўка і 15 баявых патронаў.

Савецкая Беларусь, 9 кастрычніка 1927 года

Кастрычнік, 1927

Шэры кастрычніцкі дзень незаўважна пераходзіў у прыцемкі, калі Казімір Кітаеўскі вярнуўся дадому.

Перад гэтым яго выклікалі на допыт у «органы» – так цяпер называлі колішнюю ЧК.

Допыты для спрактыкаванага адваката не былі чымсьці новым і надзвычайным. Але ўсё тое, што адбывалася пасля забойства Пашкоўскага і Кавалёвай, страшэнна нервавала Кітаеўскага: у гэтай справе ён праходзіў не як бок абароны, а як адзін з падазраваных. Следчы Васільчук гэтага не гаварыў і выклікаў яго як сведку, аднак пытанні, якія ён задаваў, не пакідалі сумневаў: усіх, хто быў звязаны з гуртком Пашкоўскага, падазраюць.

– Пра што размаўлялі падчас гэтых сустрэч у Пашкоўскага? – запытаўся следчы.

– Ды пра рознае, хіба ўсё згадаеш? – паспрабаваў ухіліцца адвакат.

– Контррэвалюцыйныя размовы вяліся? Царскі лад хвалілі?

– Што вы! Бог з вамі! – замахаў рукамі Кітаеўскі.

– Бога няма, – холадна перапыніў яго Васільчук. – Дык што гаварылі пра дарэвалюцыйны час?

– Вы ж ведаеце, што Пашкоўскі сам пацярпеў ад царызму. Сядзеў, быў вымушаны эміграваць, – адвакат адказваў асцярожна. – Царскі лад ён не хваліў, але пра дарэвалюцыйныя часы згадваў.

– Што менавіта?

– Дзяліўся ўспамінамі пра сваё рэвалюцыйнае мінулае. Расказваў пра эміграцыю.

– У яго засталіся сувязі за мяжой?

– Не ведаю, – Кітаеўскі выглядаў разгубленым, такога пытання ён не чакаў. – Мы чыталі і абмяркоўвалі кнігі, ён дзяліўся з намі ўспамінамі пра сваіх знаёмых – пераважна па Францыі. Ведаеце, казаў нават, што ездзіў у Італію да Максіма Горкага, нашага пралетарскага пісьменніка.