Выбрать главу

Следчы нешта пазначыў сабе ў нататніку і зноў запытальна паглядзеў у вочы суразмоўцу:

– У нас ёсць звесткі, што Пашкоўскі ўсхваляў цемрашальскія сярэднявечныя парадкі і заклікаў вярнуць рыцараў.

– Ды што вы! – адвакат нервова рассмяяўся. – Пасля Сервантэса гаварыць пра рыцараў сур’ёзна ўжо немагчыма.

– Пасля каго? – Васільчук выглядаў азадачаным. Яго рука завісла над нататнікам, рыхтуючыся занесці туды чарговае імя. Гучала яно падазрона, на замежны манер.

– «Дон Кіхот», – патлумачыў Кітаеўскі. – Ёсць такі іспанскі раман, ён напісаны некалькі стагоддзяў таму. Яго аўтар – Сервантэс. Можна сказаць, што раман падвёў канчатковую рысу пад усялякімі спробамі ажывіць рыцарства хаця б у літаратуры…

Пасля допыту Кітаеўскі пайшоў бадзяцца па вуліцах. Яму было неабходна прааналізаваць гэтую размову, а няспешная хада неяк нармавала плынь думак.

Лістота з дрэваў амаль уся ўжо зляцела, і толькі некаторыя ўпартыя лісткі яшчэ працягвалі ўчэпіста трымацца за галлё. Магчыма, яны спадзяваліся дажыць не толькі да замаразкаў, але і перачакаць зіму на звыклым месцы. Назло ўсім пранізлівым вятрам, якія прагнулі скінуць гэтыя лісткі ўніз, на гразкую пасля дажджоў глебу.

Яны трымаліся за сваё жыццё з усяе моцы, і Кітаеўскі бачыў у іх штосьці роднаснае. Ён гэтак жа сама спрабаваў выжыць, чапляючыся за што толькі мог…

Адвакат быў задаволены сабой. Ніякага кампрамату на сябе ён не нагаварыў, адказваў следству так, як яны дамовіліся з Ратнерам… Нават падкінуў гэтаму следчаму дадатковай працы – адсачыць, што звязвала Пашкоўскага з Горкім і (ха-ха!) Сэрвантэсам.

Кітаеўскі ішоў задуменна, нічога не бачачы перад сабой. Ногі самі вялі яго па знаёмых гарадскіх вуліцах.

– Падайце ў імя Хрыста, – раптам раздаўся сіплаваты голас аднекуль знізу, ад зямлі.

Вырваны са сваіх роздумаў, адвакат агледзеўся. Ён стаяў на вуліцы Мінскай – лічы, у самым цэнтры горада. Апусціўшы вочы долу, пабачыў каля сваіх наваксаваных чаравікаў старца з колавай лірай. Жабрак уладкаваўся на цагляным выступе дома, бы на зручным зэдліку, і ўмольна паглядаў на добра апранутага мінака.

Кітаеўскі сунуў руку ў кішэню, выцягнуў адтуль партманет і, дастаўшы пару дробных манетак, падаў старцу.

– Дапамагай вам Бог, грамадзянін харошы, – ліслівасці ў голасе старца не было, адна толькі ўдзячнасць.

Калі адвакат пакрочыў далей па вуліцы ў бок Дняпра, услед яму пранізліва загучала ліра, а сіплы старэчы голас стаў выводзіць пад яе акампанемент:

– Ой, косю мой, косю,

Чаму ж ты нявесел?

Чаму ж ты, мой косю,

Галованьку звесіў?

Кастрычнік, 1927

Падкаваныя абцасы гулка білі ў падмерзлую ўжо зямлю – бух, бух, бух! Сэрца бегуна таксама ўсхвалявана калацілася, і было няясна, што аддаецца ў вушах – тахканне або стукат ног у зямлю.

Андрэй дзівіўся, што на яго, такога шумнага, не рэагуюць нават сабакі на падворках. Яму здавалася, што шуму ад яго болей, чым ад якога-небудзь паравоза, які з гучным гудком, увесь ахутаны парай, адыходзіць ад чыгуначнай станцыі, з ляскатам цягнучы за сабой вагоны.

Аднак насамрэч газетны наборшчык бег не настолькі шумна, каб кагосьці абудзіць у гэтую кастрычніцкую ноч. Ворша спала, бачачы ўжо далёка не першы сон. Сямейныя спалі, абняўшы сваіх жонак. Халастыя таксама абдымалі – хоць і не сваіх, а часам і не жонак. Бачылі сны ўладальнікі чайных і іх абслуга. Начнога вартаўніка на бровары «Спартак» змарыла ці то стома, ці то піва, якое ён цішком пацягваў з цэха. Было ўжо настолькі позна, што спалі нават налётчыкі – а што, хіба яны не людзі? Заставалася зусім нядоўга да першых пеўняў.

Запыханы Андрэй Камар, які прыбег праз ноч, не спаў сам і не даў спаць Хлюдзінскаму. Хлопец трымаў у руках свежы нумар гарадской газеты, які яшчэ пах друкарскай фарбай. Не могучы яшчэ адсапціся, ён тыкаў пальцам у невялікую нататку ўнізе газетнай паласы.

Хлюдзінскі ўгледзеўся:

«ДАРМА ЎЛАМІЎСЯ Ў МУЗЕЙ

Невядомы зламыснік мінулай ноччу ўламіўся ў гарадскі музей. Невядома, што ён там спадзяваўся знайсці – хіба што пераблытаў установу культуры з бухгалтэрыяй. Раззлаваны сваёй памылкай, злодзей учыніў сапраўдны чарнасоценскі пагром: раскідаў музейныя паперы, паперакульваў мэблю і музейныя экспанаты.

Ніякіх грошай няўдаліца-зламыснік не знайшоў, бо там іх не трымаюць. Аднак міліцыя шукае яго за ўзлом дзяржаўнай установы».

– Ну, усё правільна напісана, – спакойна сказаў Хлюдзінскі, адкладаючы газету на стол.