«Свята ўраджаю» сёлета распачынаецца з 30-га кастрычніка. Каб надаць святу грамадскі характар, робяцца захады да ўцягнення ў яго шырокіх колаў сялянства.
Для азнаямлення з сельскагаспадарчымі выстаўкамі будуць арганізоўвацца экскурсіі сялян, рабочых і вучняў.
На выстаўках будуць экспанаты сялянскіх і савецкіх гаспадарак, с.-г. калектываў, гаспадарак КПБ і ЛКСМ. На выстаўках будуць сабраны экспанаты каапераванага сялянства, асабліва спецыяльных аб’яднанняў: малочных, меліярацыйных, насосных і інш. т-ваў.
У «свята ўраджаю» належыць правесці папулярызацыю грунтоўных задач с.-г. палітыкі савецкай улады, індустрыялізацыю яе, падняцце таварнасці сялянскай гаспадаркі, пераходу на шматполле, павелічэнне пляцу кармавых траў, наладзіць аграсуды, інсцэніроўкі, правесці ўшанаванне сялян і кіраўнікоў сельгаспадарак і с.-г. суполак, што асабліва вызначыліся як культурныя гаспадары.
Савецкая Беларусь, 19 кастрычніка 1927 года
Кастрычнік, 1927
Раман Васільчук быў задаволены: усё адбываецца так, як ён і прадбачыў. Не падвяла пралетарска-чэкісцкая інтуіцыя!
У кабінеце старшага супрацоўніка аператыўных даручэнняў насупраць Васільчука сядзеў чалавек з зашмальцаванай фізіяноміяй. Патрапаная кепка ляжала на стале – побач са шклянкай гарбаты ў металёвым падшклянку. Гарбату запарыла сакратарка Васільчука, якая моўчкі паставіла шклянку на стол і адразу ж бязгучна выйшла, ценем слізгануўшы за дзверы.
– Пі, не спяшайся. Ну, і расказвай цяпер у падрабязнасцях, што бачыў, – Васільчук не мог схаваць радасці, таму ўзрушана падняўся і пачаў шпарка хадзіць па кабінеце сюды-туды за спінай наведніка. – Цяпер-то яны, галубкі, у нас у руках! Цяпер-то яны запяюць нам зусім іншыя песні!
Чалавек са сцёртай фізіяноміяй не спяшаўся піць гарбату («Гарачая», – гаварыў ягоны красамоўны погляд) і павярнуўся так, каб сядзець да Васільчука бокам, адной рукой абапёршыся на стол. Старшы супрацоўнік аператыўных даручэнняў спыніўся, і цяпер яго падначалены апынуўся быццам на скрыжаванні двух уважлівых позіркаў: з аднаго боку глядзеў яго начальнік, а з другога – стваральнік ЧК Дзяржынскі. І цяжка было сказаць, хто глядзеў больш строга і пранізліва – жывы Васільчук або намаляваны Дзяржынскі.
– Мне была пастаўленая задача кантраляваць кватэру Васіля Луста, – забубніў наведнік манатонным голасам, які так пасаваў ягонаму невыразнаму твару. Прамова яго таксама нагадвала шэрую пратакольную старонку. – Я дзяжурыў на пляцоўцы на адзін паверх вышэй, чым размяшчаецца названая кватэра. Сёння ўвечары туды наведаўся малады чалавек з рудым колерам валасоў, у якім я апазнаў Андрэя Камара, які праходзіць падазраваным па нашай справе.
Чалавек памацаў рукой сценкі шклянкі, замоўк і асцярожна пацягнуў у сябе гарбату, пасля чаго працягнуў:
– У адпаведнасці з інструкцыямі я пайшоў следам за азначаным Андрэем Камаром. Складанасцей не было, бо ён не падазраваў, што за ім сочаць. Перш-наперш ён наведаў кватэру таварыша Ратнера.
– Гэта дакладна была кватэра Ратнера? – перапыніў яго Васільчук. – Вы пераканаліся?
– Я падымаўся за ім следам і заўважыў, на якім паверсе ён званіў у дзверы. Калі ён зайшоў у кватэру, я падняўся яшчэ на паверх і з вышэйшай лесвічнай пляцоўкі прасачыў, з якіх дзвярэй ён выйшаў. Гэта дакладна была кватэра таварыша Ратнера, – упэўнена прагаварыў чалавек з зашмальцаванай фізіяноміяй. – Потым ён наведаў дом адваката Кітаеўскага, а пасля іх пайшоў па тым адрасе, які ў нас па гэтай справе не праходзіць.
– Да каго? Удалося даведацца? – жыва зацікавіўся Васільчук.
Наведнік не спяшаўся адказваць і зрабіў яшчэ адзін глыток гарбаты, быццам горла ў яго перасыхала ад непрывычна доўгай размовы. Насамрэч ён хацеў атрымаць асалоду ад гэтага моманту свайго трыумфу: ён ужо ведаў тое, чаго так прагнуў даведацца ягоны начальнік.
– Так, я акуратна распытаў суседзяў. Там пражывае нейкі Хлюдзінскі, працуе ў гарадскім музеі, – нарэшце прагаварыў ён, і твар яго нібы разгладзіўся і асвятліўся знутры. – Жыве адзін, кампаніі да яго не ходзяць, толькі зрэдку забягае вышэйназваны Андрэй Камар.
– Вы-дат-на! – адчаканіў Васільчук, зноў сарваўшыся з месца. – Пастаўце таварышаў, каб сачылі за ўсімі перамяшчэннямі гэтых асоб. Мне здаецца, штосьці ў іх рыхтуецца, штосьці яны задумваюць. А, таварыш?
Хаця старшы супрацоўнік аператыўных даручэнняў і задаў пытанне, адказу на яго ён, відавочна, не чакаў і працягваў узрушана хадзіць сюды-туды па кабінеце.
– Мы тут, безумоўна, маем нейкую контррэвалюцыйную групу. Мэты яе пакуль што няясныя, але трэба памятаць, што вораг не дрэмле. Не выключана, што ў гэтай групе пачаліся ўнутраныя сваркі. За што яны могуць спрачацца? За лідарства?.. Не выключана! Але ў гэтым мы разбяромся пазней. Цяпер перад намі стаіць задача абясшкодзіць ворага, правільна? Набліжаецца гадавіна нашай Кастрычніцкай Рэвалюцыі, і ворагі хочуць скарыстацца гэтай нагодай, каб нашкодзіць нам – я менавіта так разумею тое, што цяпер яны актывізаваліся і сталі штосьці задумваць. Іначай навошта гэты пасланец бегаў да іх усіх? Трэба сачыць, а потым – р-р-раз! І ўсіх адным махам! – Васільчук сціснуў кулак і памахаў ім у паветры, нібыта ўзняў адной рукой у паветра ўсю варожую кодлу.