Выбрать главу

Пабачыўшы, што наведнік ужо дапівае гарбату, ён па-гаспадарску кінуў:

– Ну што ж, таварыш, дзякую за службу! Аднак працы ў нас яшчэ шмат, рана нам складаць зброю.

Наведнік падскочыў і прагаварыў сваім шэрхлым невыразным голасам:

– Служу працоўнаму народу!

– Мы ўсе служым працоўнаму народу, – пагадзіўся Васільчук. – Кожны на сваім месцы. Так што арганізуйце сачэнне за варожымі элементамі і падрыхтуйце мне матэрыялы на гэтага новенькага – як яго? Так, Хлюдзінскага… Здаецца, у нейкай справе ён праходзіў ужо. Прынамсі, прозвішча мне знаёмае.

Кастрычнік, 1927

Сіратлівая лямпачка асвятляла пакой Хлюдзінскага, напоўнены людзьмі. Ніколі ў яго не было столькі гасцей, таму музейшчык паклапаціўся пазычыць у суседзяў крэслы.

Сам Антон стаяў каля стала і аглядаў тых, хто прыняў запрашэнне, перададзенае юным наборшчыкам. Прыйшлі ўсе. Прынамсі, усе, хто яшчэ заставаўся ў жывых з таго таямнічага Ордэна Прамяністых, які спрабаваў стварыць Грацыян Пашкоўскі.

Праз стол на яго насцярожана глядзеў Давід Ратнер. Ён трымаў за руку Станіславу Верацінскую, якая сядзела побач. Аднак было сумнеўна, што жанчыне быў дужа моцна патрэбны гэты знак падтрымкі – яна глядзела на гаспадара пакоя з непрыхаваным адчуваннем уласнай вышэйшасці. Мяркуючы па ўсім, яна не бачыла неабходнасці хаваць пагарду, якую адчувала цяпер.

Адвакат Кітаеўскі сядаць не захацеў:

– Спадзяюся, вашая п-прамова б-будзе нядоўгай, таму я не п-паспею стаміцца.

Ён прыхінуўся да сценкі і засунуў рукі ў кішэні паліто, якое нават не падумаў зняць пасля прыходу.

Наўзбоч ад усіх на невысокім услончыку (крэслаў усё ж такі было малавата) сядзеў Андрэй Камар, і яго цікаўны позірк пералятаў з аднаго твару на іншы.

Хлюдзінскі паклаў на стол перад сабой тэчку. Звычайную канцылярскую тэчку з матузкамі. Накрыўшы яе далонню, ён пачаў:

– Дзякуй вялікі, што ўсе вы пагадзіліся прыйсці. Я разумею, што вам было няпроста наважыцца на гэты крок у цяперашняй абстаноўцы, і тым вышэй яго цаню… Я прасіў вас сабрацца, каб згадаць Грацыяна Пашкоўскага і Ганну Кавалёву, якія так нечакана загінулі. Вы з імі былі знаёмыя лепш за мяне, таму я не буду рабіць выгляд, што магу вам расказаць пра іх як пра людзей нешта новае, невядомае вам.

Кітаеўскі кашлянуў, і аратар зрабіў супакаяльны жэст рукой у яго бок – усё разумею, доўга зацягваць сваю прамову не буду.

– Выпадкова мне давялося сутыкнуцца з Ордэнам Прамяністых, які хацеў стварыць Пашкоўскі. Напэўна, я б ніколі не даведаўся пра яго існаванне, калі б не пачаліся гэтыя жорсткія забойствы… Пашкоўскі быў ідэаліст і летуценнік. Ён хацеў стварыць нейкі клуб, у якім абмяркоўваў бы свае думкі, свае ўяўленні пра светабудову. Гэта нешта кшталту закрытых клубаў альбо таемных таварыстваў, якія існавалі ў васямнаццатым стагоддзі – тыя ж масоны, напрыклад.

Ціша навокал сведчыла, што прысутныя слухаюць Хлюдзінскага, не прапускаючы ніводнага слова. Узбадзёраны гэтай увагай, ён працягваў:

– Для падмацавання сваіх тэорый Пашкоўскі скарыстаўся старадаўнім сшыткам філамата Тамаша Зана, аднаго з блізкіх сяброў Міцкевіча. Не ведаю, ці быў насамрэч аўтар сшытка заснавальнікам Ордэна, але Пашкоўскаму вельмі прыдаўся. Пагатоў што гэты самы Зан заснаваў як мінімум два таемныя таварыствы сярод студэнтаў Віленскага ўніверсітэта… На сваю бяду, стары кепска разбіраўся ў людзях і безаглядна верыў большасці з іх.

Нечакана лямпачка над сталом міргнула: верагодна, на электрастанцыі адбыўся перапад напружання. Вочы ўсіх прысутных адразу скіраваліся на яе, і Хлюдзінскаму давялося пакерхваннем нагадаць пра сваю прамову.

– Пашкоўскі казаў, што ў запісах Зана ёсць падказка пра закапаны скарб у былым езуіцкім кляштары. Мяркую, што ўсе вы ведалі пра гэты сшытак і што нехта вырашыў яго прысабечыць, каб знайсці згаданы скарб. Як той чалавек планаваў забраць скарб з тэрыторыі турмы, у якую цяпер перароблены езуіцкі комплекс, я не маю ніякага ўяўлення. Але думаю, што план нейкі быў – іначай навошта ўсе гэтыя забойствы ў пошуку сшытка?