– Вы распавядаеце ўсё вельмі займальна, але для чаго мы сюды запрошаныя? – перапыніў яго Ратнер.
– Нехта з вас, хто шукае сшытак, пайшоў на забойствы. Я думаў над тым, ці можа забойцам быць чалавек збоку, і вырашыў, што не, – шырокая ўсмешка Хлюдзінскага настолькі не пасавала ўсім яго ранейшым словам, што падавалася блюзнерскай. – Вашае кола не было зацікаўленае ў тым, каб пра Ордэн Прамяністых ведалі больш-менш шырока. Значыць, пабочны чалавек, які б даведаўся пра ваш гурток і пра сшытак, мог шантажыраваць Пашкоўскага або кагосьці з вас. Савецкая ўлада не прывячае такі гурткі – значыць, маем падставу для шантажу… Аднак зламыснік не абмежаваўся бяскроўным шантажом, а пайшоў на забойства. Верагодна, таму што шантаж пагражаў яму самому не менш, чым Пашкоўскаму. Так я зразумеў, што забойца – у самім Ордэне.
Хлюдзінскі спыніў сваю прамову. У пакоі панавала такая цішыня, што было чуваць, як на вуліцы два п’яныя галасы ўразнабой спрабуюць спяваць «Ад панядзелка да панядзелка дробны дождж ідзе». Атрымлівалася ў іх не вельмі добра: мелодыя згубілася зусім, а ў словах можна было разабраць не ўсе літары.
– Я хачу аддаць гэтаму чалавеку сшытак Зана, – сказаў гаспадар пакоя такім спакойным тонам, быццам абмяркоўваў з прысутнымі меню ў рэстаране, а не вінаваціў аднаго з іх у жорсткіх забойствах.
– П-проста аддасце сшытак? – у голасе Кітаеўскага прагучаў недавер.
– Так, проста аддам, – пацвердзіў музейшчык. – Я лічу, што ніякае золата, ніякія скарбы не вартыя таго, каб за захаванне іх таямніцы гінулі людзі. Вось у гэтай тэчцы і ляжыць ваш сшытак з усімі сваімі скарбамі…
Хлюдзінскі раскрыў тэчку, і вачам прысутных адкрыўся тоўсты стары сшытак у скураной вокладцы.
З ПРЭСЫ
Разагналі піянераў і акцябрат
Яшчэ нядаўна пры нашай ячэйцы існавалі піянератрад і атрад акцябрат, але зараз іх няма.
Піянератрад быў распушчаны таму, што з-за адсутнасці добрага павадыра піянеры не занятыя карыснай справай, ламалі ў клубе вокны, мэблю, а часам нават і кралі.
І так цягнулася да таго, покуль адміністрацыя забараніла ўваход на фабрычны двор.
Але калі піянератрад быў ліквідаваны ячэйкай, то акцябрат распусцілі самі павадыры, ні слова не сказаўшы перад гэтым ні бюро, ні сакратару ячэйкі.
Вось чаго дасягнула наша ячэйка да дзесяцігоддзя Кастрычнікавай Рэвалюцыі.
Невядомы
Чырвоная Змена, 25 кастрычніка 1927 года
Травень, 2010
Кміціч гартаў шырокае меню ў кавярні. Ён прыйшоў на дамоўленае месца сустрэчы першым і цяпер чакаў, пакуль з’явіцца Аляксей Пятровіч. Са сцен кавярні на наведнікаў глядзелі пейзажныя рэпрадукцыі. А ў адным з куточкаў пад столлю вісеў тэлевізар, прыкоўваючы да сябе ўвагу персаналу, калі не было неабходнасці займацца гасцямі ўстановы.
Тоненькая кніжка меню мела некалькі цвёрдых кардонных старонак і густоўную вокладку са штучнай скуры. А што, у гэткіх кніг чытачоў, пэўна, больш, чым у шмат якіх падручнікаў, не кажучы ўжо пра мастацкую літаратуру!
Ён выбраў каву эспрэса і паказаў афіцыянтцы на адну з крэмавак у меню:
– Вось гэтую прынясіце, калі ласка!
Сімпатычная чарнявая дзяўчына паглядзела на яго ўважліва, азірнулася ў бок кухні і паўшэптам хуценька прагаварыла:
– Не варта, яны ў нас ужо не вельмі свежыя.
Кміціч адчуў сябе так, быццам трапіў у барадатую показку («– Біфштэкс. – Ён у нас нясвежы, не рэкамендую. – Ладна, давайце шніцаль. – Тады вазьміце лепш біфштэкс»). Ён разгублена кіўнуў сімпатычнай афіцыянтцы і сказаў:
– Тады толькі каву.
Кадэбіст прыйшоў акурат тады, калі Паўлу прынеслі каву, і замовіў сабе тое ж самае.
– Вы хацелі мяне папярэдзіць? – спытаўся журналіст, гледзячы на суразмоўцу праніклівым, як яму падавалася, позіркам.
– Пра што? – у голасе Аляксея Пятровіча гучала непадробленае здзіўленне выкладчыка, якому студэнт-двоечнік нечакана адказвае на іспыце на выдатна.
– У Някляеўскай «Гавары праўду» прайшоў ператрус. Я думаў, вы хочаце папярэдзіць, што і ў нашай рэдакцыі нешта такое можа адбыцца, – Кміціч глядзеў на здзіўлены твар кадэбіста і адчуваў, што голас ягоны ніякавее. – Няўжо не чулі?
«Гавары праўду» была арганізацыяй, створанай напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Яе лідарам стаў вядомы паэт Уладзімір Някляеў – калісьці любімец улады (яшчэ з савецкіх часоў, са свайго камсамольскага юнацтва), а потым эмігрант і, урэшце, апазіцыянер. Някляеў абвясціў, што будзе вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Падчас гэтага ўрачыстага абвяшчэння для журналістаў зладзілі фуршэт, на якім кармілі нават канапкамі з чырвонай ікрой – нечуваная раскоша для беларускай апазіцыі, пазбаўленай падтрымкі з боку бізнесу.