Чырвонай ікрой, відавочна, зацікавіліся не толькі журналісты, але і спецыяльна падрыхтаваныя кадры – з тых, каму па службе належала сачыць за людзьмі, незадаволенымі ўладай. І неўзабаве ў офісах кампаніі, а таксама ў кватэрах яе кіраўнікоў прайшлі ператрусы, а на некаторых пачалі крымінальныя справы.
Акурат гэтыя ператрусы і меў на ўвазе Кміціч. Але ягоны суразмоўца ці то сапраўды ні пра што такое не чуў, ці то вельмі старанна ўдаваў гэта.
– Я ж вам казаў, што цяпер не працую ў Канторы, – голасам Аляксей Пятровіч вылучыў апошняе слова. – У мяне там, вядома, засталіся знаёмыя, але службовымі справамі я цяпер не цікаўлюся. Бізнес – вось дзе цяпер мае жыццёвыя і прафесійныя інтарэсы.
– А навошта ж вы мне падказалі пра камп’ютар? Маглі ж прамаўчаць…
Кадэбіст не спяшаўся з адказам. Ён паднёс да рота невялікую пузатую філіжанку, якая доўга зберагала ў сваіх тоўстых сценках цяпло кавы, зрабіў невялікі лык і толькі пасля гэтага працягнуў размову.
– Ведаеце, Павел, вы мне сімпатычны – вашай гэтай цікаўнасцю да жыцця і любоўю да людзей. Вы яшчэ не вельмі сапсаваны цынізмам, уласцівым шмат каму ў вашай прафесіі. Гэта прыемная рыса… А вось некаторыя з маіх былых калег мне несімпатычныя, – лёгкая ўсмешка на твары Аляксея Пятровіча нечакана зрабіла яго падобным да старога ліса, які зведаў за сваё жыццё безліч махлярстваў і толькі дзякуючы ім пазбег мноства пастак. – І мне захацелася адказаць ім узаемнасцю.
Думкі ў галаве журналіста разбягаліся, пачуцці былі дваістыя. З аднаго боку, ён быў удзячны, што Аляксей Пятровіч падказаў яму на наяўнасць праграмы-шпіёна. З другога – з’явілася адчуванне, што ён, Павел Кміціч, стаўся пешкай у чыёйсьці чужой гульні. І які наступны ход зробіць рука гэтага нябачнага гульца, прадказаць немагчыма. Чагосьці такога ён асцерагаўся, калі пайшоў на кантакт з кадэбістам, але ж… Але калі і што ён зрабіў няправільна, што цяпер яго выкарыстоўваюць у чужой гульні?
– А чаму цяпер мяне запрасілі на сустрэчу? – грубавата спытаўся ён, не здолеўшы схаваць сваё расчараванне ад становішча, якога так імкнуўся, але не змог пазбегнуць.
Аляксей Пятровіч адставіў пустую філіжанку.
– Вы чулі, вядома, гэтую банальнасць, што былых разведчыкаў не бывае? Ну, безумоўна, чулі… У мяне ёсць некаторыя цікавыя архіўныя матэрыялы з 1930-х, якія маглі б прыдацца і вам – напісалі б добры артыкул, а? Сёе-тое з прыватнай перапіскі расстраляных паэтаў.
Голас кадэбіста стаў нейкім прыглушаным, быццам раздаваўся аднекуль з ягоных грудзей, не даходзячы да горла. Правай рукой ён механічна круціў на стале філіжанку з-пад кавы, яўна не заўважаючы гэтага дзеяння. Позірк быў засяроджаны на ёй, быццам у пасудзіне хавалася разгадка ўсіх асноўных сакрэтаў Сусвету.
– Не падумайце: я не карыстаўся службовым становішчым, каб вынесці архіўныя дакументы. Проста адна з маіх бабак была ў перапісцы з… – Аляксей Пятровіч на хвіліну замоўк, быццам збянтэжыўся. – Скажам, з некалькімі заўважнымі ў 1930-я гады літаратарамі. Яна захоўвала перапіску, і гэтыя лісты па спадчыне дасталіся мне. І я быў бы не супраць, калі б яны былі апублікаваныя.
Нарэшце ён адарваў застыглы позірк ад філіжанкі і зірнуў на Кміціча. Гэты погляд у спалучэнні з наступнымі словамі немагчыма было зразумець іначай чым просьбу аб прабачэнні:
– Ведаеце, паэты – такія ж ветраныя істоты, як і маладыя дзяўчаты. Там у лістах шмат асабістага, але, магчыма, гэта і ёсць самае цікавае…
З ПРЭСЫ
Бронзавы камісар
У майстэрні мастака-скульптара тав. Бразэра заканчваецца работа над гліняным бюстам тав. Мяснікова – аднаго з заснавацеляў камуністычнай партыі Беларусі, глаўкома заходняга фронту ў першыя дні Кастрычніка, загінуўшага пры аварыі аэраплана ў 1925 годзе. Бюст будзе адліты на бронзу і змешчаны ў будынку ЦВК БССР.
Фатаграфіі ніколі не могуць даць поўнага вобразу мастаку. Тав. Бразэру прышлося карыстацца не толькі фатаграфіямі, але і адрыўкамі ўспамінаў аб Мяснікове людзей, якія яго добра ведалі.
Ужо гэтыя ўпарта зложаныя губы, моцныя сківіцы і вялікі магутны лоб утвараюць вялікае ўражанне.
Тав. Кнорын, які наведаў майстэрню Бразэра, ацаніў яго работу проста і моцна:
– Гэта ён! Такім я яго ведаў!
Чырвоная Змена, 22 кастрычніка 1927 года
Кастрычнік, 1927
Вочы ўсіх прысутных сканцэнтраваліся на тэчцы і сшытку ў скураной вокладцы, які ляжаў у ёй.