Выбрать главу

Зміцер Сасноўскі

ORDEN VITA. ОРДЭН ВІТА

Памёр кароль. Каб абраць новага, на каня паклалі меч, дзіду і пусцілі ў свет. Якога знойдзе вершніка, таго каралём і прызнаюць. Конь, урэшце, стаў на калені перад старым, які віў са скуры папругі. І назвалі караля Віт.

Паданне з-пад Смаленску.

Багата часу таму, нейкі ваяр, званы Вітам, ішоў з войскам і меў такую моц, што, не патрабуючы чужой дапамогі, сам сабе дарогі церабіў, балоты каменямі закідваў, на рэках масты будаваў, і пракладаў сваю дарогу па сонцу.

Паданне з Барысаўскага павету.

Князь великии Витовт держал великое княжене Литовское и Руское и иныи многии земли. Которыи земли на востоце або на западе были, кланялися силному господарю великому князю Витовту. И князь великыи Витовт y великои славе и y великои чти пребывал по всим землям.

“Похвала o великом князи Витовте”, 1430 г.

В лето 1398 бысть побоище князю великому Витовту з Темир-Куклуем. И бысть бой велик и попусти бог татаром. Князь же великий побеже во мале дружине.

Супрасльскі летапіс, XVI ст.

A kniaziu welikomu Witoltu tohdy derżaczy Łuczesk y wsiu Wołynskuiu zemlu, a w Litowskoy zemli otczyznu swoiu, y było iemu nużno y welmi bidno widety to, czoho pered tym ne bywało w Litowskoy zemli: storonnym władeiuczy Welikim kniażenem Litowskim. Tohdy wczynił rady z mnohimi kniazi y pany litowskimi. Tohda bo Skirgayło otiechawszy ko Połocku, a kniaź weliki Witolt pryde ko Wilni, chotiaczy zasesty, a kniahinia welikaia ieho Anna była tohda w Horodne.

Kronika Polska, Litewska, Żmodzka y wzystkiey Rusi

Macieia Striykowskiego, 1582 r.

* * *

Паляванне было ўдалым. Птушак і дзічыны набілі столькі, што паляўнічыя трокі напоўнілі да верху. Князь цешыўся сваім спрытам. Гетман, маршалак, ахоўнікі, лоўчыя, усе навокал непрыкметна, але ўважліва сачылі за кожным ягоным рухам. Як трапна ён цаляў у птушак, як заваліў дзве казулі. Усе бачылі ягоны моцны стан і трывалы ваяўнічы настрой. Гэта лепшы сродак пазбегнуць змоваў – трымаць асабісты аўтарытэт сярод дружыны і бездакорную веру між дворных. Толькі так у сквапныя душы суседзяў магчыма пасяліць сімвал сваёй моцы і перакананне ў адданасці атачэння.

Конь крочыў паволі. Увесь мокры. Яшчэ не адпачыў ад гойсання па лесе. Пасля шалу палявання ахінула прыемная стома.

– Пане Вітольдзе, мо прыпынак? – запытаў харуговы ахоўнай дружыны.

Князь кіўнуў.

– Шукаць месца! – панцырны далонню накіроўваў віжаў у розныя напрамкі.

Млосна балелі плечы ад стральбы з лука, пачыналі ныць ногі і спіна. Падзеі гэтага дня былі падобныя да старой гісторыі, калі ягоны славуты дзед Гедымін набіў дзічынай свае трокі і на месцы таго ўдалага палявання заснаваў замак. А назву даў у гонар тых самых поўных паляўнічых торбаў – Трокі. Вось і зараз, як калісьці Гедымін, ён ехаў на кані задаволены сабой і сваімі людзьмі. І ўсміхаўся дзівоснаму, але ўжо трохі забытаму пачуццю – гэта было чаканне незвычайнай падзеі. Такое пачуццё рэдка падманвала...

Першая пара віжаў вярнулася хутка і правяла да маляўнічай паляны над стромкім рачным абрывам. Дружыннікі атачылі месца, на другім беразе ўжо стаяла вершная варта. Астатнім пратрубілі “вяртанне”. Вакол у звыклых клопатах заварушылася кіпа дворных: абозныя пачалі рыхтаваць бяседу, пахолкі распалілі вогнішча і расклалі футры, лоўчыя спрытна чысцілі качак. На стому пітны мёд наклаўся хутка і прыемна. Нават падчашы захістаўся і пад агульны смех макнуў сваю чорную бараду ў мядовы цэбар. Завесяленыя маршалак і гетман завялі песню пра бітву пад Дуброўнам.

Цікава, што менавіта на такім паляўнічым адпачынку пасля ўжывання пітнога мёду Гедымін прысніў сон пра жалезную ваўчыцу... Ад гэтых думак мацней заныла адчуванне надыходу новага.

Прыскакалі віжы, нешта даклалі. Харуговы наблізіўся да вогнішча:

– Васпане, выведнікі напаткалі старую хаціну ў гушчары. Рэшткі паганцаў. Зёлы, грыбы, чарапкі і яшчэ нейкія брыдоты.

– А ці не зазірнуць нам да нячыстай сілы ў госці! – роўкнуў захмялелы маршалак. – Як хрысціяне і рыцары мусім дбаць пра чысціню нашых уладанняў!

– Рацыю маеш, пане Андрэю! – гаркнуў няроўным голасам гетман. – Паедзем, пазнаёмімся. Ваяры Хрыстовы да твару паганых!

Большасць прысутных вояў прыкметна спахмурнела і ўпотай скіравала цікаўныя позіркі на князя...

Пахла балотам. Спрэс парослая мохам паўзямлянка амаль злілася з лесам. Цішыня. Акрамя галасоў птушак вушы гасцей не злавілі ніводнага ўскоснага гуку.