Выбрать главу

Мечнікі моўчкі ачапілі месца. Харуговы паказаў дружыннікам на хаціну. З выцягнутымі кінжаламі яны схапілі дзверы і шмарганулі так, што тыя бразнуліся на зямлю. Ахоўнікі шмыганулі ў прагал і праз хвіліну адтуль пачулася: “Вольна!”. Харуговы, а потым і князь, спусціліся з коней і прасунуліся пад нізкую страху.

У змроку земляной хаты пасля яркага восеньскага дня свяціліся хіба кінжалы дружыннікаў. Пахла дымам, цвіллю і палынам. Калі вочы звыкліся, князь убачыў, што дружыннікі стаяць ля кашлатай істоты, шматковая вопратка якой ушчэнт хавала абрысы цела.

Харуговы знайшоў лучыну і запаліў яе. Вельмі старая кабета са зморшчаным тварам праз свае сівыя космы прагна глядзела на князя, глядзела нечакана бліскучымі сінімі вачыма. Яна не звяртала ўвагі ні на харуговага, ні на дружыннікаў, якія стаялі поруч, а ўпарта ўзіралася ў князя.

– Хто ты? – спытаў харуговы.

– Лекарка…, але для цябе варажбітка, – не адрываючы ад князя вачэй прасіпела старая.

– Як тваё імя?

– Кула.

– А хрысціянскае імя маеш?

– Няма цэркваў у нашых балотах.

– Што тут робіш? – працягваў харуговы.

– Цябе чакаю, – адказала князю старая.

Князя пачала забавіць такая дзіўная размова, у якой ён нібы і ўдзельнічаў, але, разам з тым, не казаў ні слова. Як на перамовах у тэўтонаў ці ў палацы са сквапным братам, калі той ужо стаў каралём “Ягелло”.

– Праз дурны язык страціш галаву, нахабная баба. Ты хоць ведаеш, да каго прамаўляеш?! – харуговы павярнуў галаву да ахоўніка нешта сказаць…

– Вялікі Віт, сын вядункі Біруты! – усе знерухомелі. – Я даўно цябе чакаю. Так даўно, што ўжо састарылася, – са з’едлівай усмешкай прарыпела старая. – Нахіліся, скажу табе нешта.

Харуговы і дружыннікі перазірнуліся.

– Нахіліся, харобры Віце, маю словы да цябе...

Харуговы пераступіў з нагі на нагу і напружана паглядзеў на князя, але той ужо нахіліўся да старой і нейкую хвілю нерухома слухаў.

Раптам звонку пачуліся крыкі, падзенне целаў, тупат і рычанне, а неўзабаве рогат і ўсмешкі. Князь павярнуўся да выйсця.

– Зважай, Князь выходзіць! – крыкнуў харуговы.

Усе выбраліся з хаткі і пабачылі звонку дзіўную карціну: нізкі і каржакаваты дзед з кіем у руках адбіваўся ад дружыннікаў, якія пасміхаліся з яго і здзекліва ляпалі старога плазамі мячоў. Болей за ўсіх гарэзілі падвыпілыя маршалак і гетман. Адзін з дружыннікаў наблізіўся:

– Пане харуговы, гэты стары корч неяк перасягнуў ачапленне і нават збіў з ног колькі ахоўных. Рвецца да хаціны нібы вар’ят, не кідае кій і рычыць бы звяруга.

Праз цемру хаціны пачуўся крык вядзьмаркі:

– Заранік, спыніся, усё наканавана, не злуй іх!

Дзікі дзед павольна і неахвоча апусціў кій, але працягваў рычаць.

– А цябе, Князю, буду чакаць, – пачулася з хаткі, – шмат чакала і яшчэ пачакаю...

– Засекчы ведзьму, кубло яе спаліць! – крыкнуў харуговы.

– Не, – упершыню прамовіў слова князь. Усе, хто памкнуліся да зямлянкі, няўцямна спыніліся. Сядаючы на каня, князь крыкнуў:

– Рушым!

Крэўскі замак нібы свяціўся. Такую колькасць паходняў тут яшчэ ніколі не палілі. У дворыку прагіналіся густа накрытыя сталы. На агнісках смажылі казуляў. Са склепу выкочвалі чарговыя бочкі, падчашы каштаваў стары мёд і на ўвесь замак раз-пораз роў “Годна!” Пір паволі дасягнуў вышэйшага накалу. Вясёлыя спевы чаргаваліся танцамі, ад розных куткоў ляцеў візгат служачак і смех пахолкаў, часам біліся аб падлогу кубкі. Маршалак заехаў між сталамі на кані з мячом у руцэ, але не паспеў дакрычаць нешта пра руйнаванне Мальборка, як зляцеў з сядла роўна на спалоханага паляўнічага сабаку. Нехта бразгаў па гуслях, а ў куце дворыка чуліся ціхія гукі клавесіна, падараванага князёўне Ганне немцамі, гэта было парушэнне этыкету, але ўжо ніхто не звяртаў увагі. Панаваў узнёслы гумор і салодкі хмельны палон.

Але князь быў задуменны. Ні пабрацімы-дружыннікі, ні заморскае віно, ні падарункі паслоў, ні навіна пра хуткі прыезд Ганны, ні радасць колішняга палявання, нішто не здолела адвесці думкі ад словаў варажбіткі. Яе пранізлівы голас працягваў гвалціць слых: “Мусіш дбаць пра тое, што збудаваў, нават пасля сваёй смерці! Хе-хе-хе! Шмаааат зайздросных гнілазубаў паквапіцца на твае скарбы! Хе-хе-хе! Не паклапоцішся – усё згіне! І страты твае пачнуцца толькі пасля смерці тваёй! Хе-хе-хе! Глядзі… яшчэ не позна…”

Князь узняўся, зварухнуліся ахоўнікі. Большая частка п’яных галасоў адразу змоўкла. Азіраючы сваю разгулялую світу князь прамовіў:

– Скачам пад Смаргоні, дзе палявалі ўчора.

Нехта з пасалавелых дружыннікаў голасна ўздыхнуў, пахолкі моўчкі пайшлі да коняў. Кашталян пабег да мечнікаў і брамнай варты…