Выбрать главу

Група конных вояў аддалялася ад залітага святлом замка ў непраглядную цемру лясной дарогі.

Дрыготкі адбітак лучыны зліваўся з сівым тварам вядзьмаркі. Старая ледзь чутна пасмейвалася. Гэта злавала князя. Магутны ўладар вялізнай дзяржавы, які перамог неадольных псоў-рыцараў, забойца шматлікіх падазроных у здрадзе, ён сядзеў цяпер перад старой кабетай і чамусьці дараваў ёй усе з’едлівыя ўсмешкі.

– Ты прыехаў, – старая павольна варушыла пальцамі густыя лахманы. – У нябёсаў свае расклады. І разумны той, хто ім не пярэчыць, – яна троху памаўчала. – Хай усе сыдуць адсюль.

Князь зірнуў на харуговага, той нязгодна пахістаў галавой.

– Каб адбылося ўсё, што наканавана нам з табой, давядзецца табе, велькі Віце, асмялець. Пераможца тэўтонаў палохаецца нямоглай кабеты?!

– Пане Вітольдзе, кепская ідэя, – для пераканаўчасці харуговы паклаў руку на плячо князя, што было забаронена ў звычайным жыцці.

– Выйсці ўсім, – не паварочваючы галавы загадаў князь.

Старая засмяялася:

– Хе-хе-хе…Ты не ўцяміў… яны мусяць не проста выйсці, але з’ехаць з гэтага лесу. Калі застанецца хоць адзін, я адчую. Загадай скакаць адсюль ажно да світанку.

Князь не спяшаўся аддаваць загад, але ўрэшце кіўнуў галавой. Нерашуча затупалі прэч ногі, забразгалі шпоры, зазвінелі наручы, глуха задзынкалі кінжалы аб похвы, загрукалі і аддаліліся ў цішыню капыты. Праз колькі часу стала зусім ціха, патрэсквала хіба лучына ды галлё ў печы. Старая ажывілася:

– Сядай бліжэй да агню, на гэтую калодку, – яна паказала на месца ля пячуркі і працягнула драўляную конаўку з пахучай вадкасцю. – Пі ўзвар…

– Перадай мне, вялікі Віце, вось той маленечкі збаночак злева ад цябе… А зараз аддзяры белы грыбок з замшэлай дошкі праваруч… Выцягні карэньчык з-пад ног… Адарві каліва зёлак над галавой… Двойчы абнясі ўсё, што сабраў, вакол сябе… Плюнь і кідай у вогнішча!

Па пакоі паплыў густы задушлівы дым. Голас старой пачаў аддаляцца і пры тым гучаць глыбей у вушах князя, нібыта патрапіў у яго самога:

– Заплюшчы вочы, спыні думкі, дыхай напоўніцу і зкінь цяжар!

Адыходзілі знешнія гукі, языкі полымя пад катлом станавіліся ўсё болей пунцовымі і павольнымі. Рысы навакольных рэчаў зліліся ў адзінае тло. Уладным голасам самога князя ў галаве прагучаў загад вядзьмаркі:

– Вазьмі вугельчык.

Хісткімі здурманенымі рухамі князь пацягнуўся да агню, крыху затрымаўся ў нерашучасці, але потым засунуў рукі ў полымя. Болю не было, пальцы не паддаваліся агню. Ён абраў самую вялікую галавешку і ўзяў у далоні. Калі выцягнуў, галавешка засвяцілася яркімі колерамі і пырскнула ў розныя бакі сінімі і жоўтымі іскрынкамі, якія нібы ўвабралі ў сябе зіхценне тысячаў валошак і рамонкаў.

– Кінь вугельчык у кацёл і глядзі, – голас старой зрабіўся зусім падобным да ягонага. Ён гучаў упэўнена і рашуча, нібы сам князь загадваў сабе.

Трымаючы вогненную кветку, рукі павольна ўзняліся над кіпячай вадой. У выпарэннях кветка памножыла свае промні, яны паплылі па столі і асвяцілі ўсю хаціну. Усё навокал насыцілася валошкава-бэзавым колерам.

Князь кінуў кветку ў кацёл і ўся вадкасць зрабілася празрыста-блакітнай. Паступова са дна ўзняліся віхуры каламутных хмарак, яны ўздымаліся да паверхні, перакрыжоўваліся з іншымі і складаліся ў візерункі. Завязваліся карціны, паўставалі постаці... Між мноства віхураў акрэсліліся дрэвы, рэчы, людзі... Яны рабіліся выразней і выразней... Татары, жаўнеры, алебарды, рушніцы, спаленыя весі… Каламуць паўзла далей… Грамата на польскай мове, шабельная бойка… Віхуры згушчаліся... Ключы ад горада, ваяр са святым Георгіем… Трохкутныя капелюшы, парахавы кнот пад храмам… Шыбеніцы, сцягі з арлом… Вогнішча з кніг... Вялізныя гарматы… Жабракі з чырвонымі стужкамі, разбіты звон ля царквы… Зіхоткае воблака, бычок з трыма галовамі… Зкінуты герб, рваныя грунвальскія вымпелы… Жалезны чалавек, старыя кнігі... Гідкая істота... Вялізнае мора... Попел з неба... Людзі ў глыбіні чорнага неба... Голы краявід, жалезныя дамы... Перапляценне маланак...

Князь прачнуўся хутка, нібы выплыў з глыбокага віру. Ён ляжаў на грубым ложку, засланым саломай, і быў накрыты касматым смуродным футрам. За дзвярыма паўземляной хаціны спявалі птушкі і свяціла сонца. У целе была слабасць, моцна хацелася піць.

Ён не адразу заўважыў ля суседняй сцяны старую. Яна злівалася з гнілой драўнінай, выразныя былі толькі вочы, якія пільна ўглядаліся ў князя. У хатку ўціснуўся каржакаваты дзед з кубкам і прасунуў яго князю.