Выбрать главу

– Казінае малако, яно верне прытомнасць, – зварушылася старая.

Князь адпіў і паспрабаваў узняцца. Па вачах пабеглі промні. Ён зноў прысеў на ложак. Вядзьмарка ўсміхнулася:

– Хе-хе. Не спяшайся. Твае ваякі прыскакалі на золку. Не вытрымалі. Уварваліся, пабачылі цябе спячага. Чакаюць звонку, – яна трохі памаўчала. – Усё памятаеш?

Князь паварушыў зсушаным языком і, крыху пачакаўшы, спытаў:

– Што я бачыў?

– Хе-хе-хе! Злыя нягоды... і спадкаемцаў!

– Усё так і будзе? Такія руйноты? Нават тэўтоны гэтага не здолелі! Ты разумееш, што кажаш?

– Хе-хе-хе! А я нічога і не кажу. Ты сам заварыў зёлы, сам злучыў агмень з вадой і сам усё пабачыў. А глядзець у будучыню – вяліііізны цяжар. Многія плямёны ідуць такім шляхам. І твой народ таксама будзе шматразова знікаць. Увесь, дашчэнту, доўга канаць і з пакутамі нараджацца. Шматразова. А бальшыня ўзненавідзіць сваіх жа дзедаў і ўвесь свой род.

– Што ты вярзеш?! Брыдкая ведзьма! Дзед, кліч маіх людзей!

– Ёсць сродак выратаваць усё! Але не табе. Тваім людзям. Прывязі мне дзетак сваіх лепшых вояў!

– Вар’ятка! Змоўкні лепей, калі жыццё цэніш!

– Маё жыццё не каштуе нічога, яно штось каштавала толькі да размовы з табой, потым яно не патрэбна нікому. Тым болей мне.

Забеглі маршалак, харуговы і дружыннікі. Дапамаглі князю ўзняцца.

Старая ўзняла вочы да столі:

– “І ўзносяць з таго врэмені мечы друг на друга ўнукі Валадзімеравы і ўнукі Ўсяслаўі.”

Маршалак пасміхнуўся:

– Не чуў раней, каб ведзьмы манастырскія летапісы цытавалі!

– А гэта не манастырскія, і не летапісы, ды і не створаны яны яшчэ.

– Не створаны?! Не разумею, як гэта мажліва?!

– Ды, і не зразумець вам, заціснутым у адной веры, з адным Богам і ў адным адчуванні... Гэта калісьці магутныя паўночныя ведзьмары пасылалі лепшую кроў, самыя моцныя сэрцы і слупы сваёй трываласці далёка наперад. Але іхнія таямніцы з іхнімі капішчамі знішчаны хрысціянамі, таму невядома куды трапілі гэтыя воі.

Князь паглядзеў на сваіх служак:

– Яна кажа, што нам патрэбна накіроўваць драбаў не на мяжу з немцамі, а да наступных князёў і на наступныя войны. Каб яны ваявалі там за нас і за нашых ўнукаў... Ніколі такога трызнення і такой лухты не чуў. А скажы, шалёная баба, да каго і куды ісці ім? Да ўнукаў, праўнукаў, прапраўнукаў?

– Неее. Я так не здолею, у старыя часы можа ўмелі, а я цяпер не. Хіба... далёка, куды патрапяць. Сама многага не разумею.

– А гнева боскага не баішся, старая вар’ятка?

– Хе-хе-хе. Калі ўрэшце новы Бог адолее нашых дзедавых багоў – гарэць мне ў вашым пекле за такія дзеі. Чакаю цябе княжа.

Харуговы запытальна хіснуў галавой на старую. Князь момант разважыў:

– Хай жыве, едзем!

Сон зварушыў душу і прыгнечыў настрой. Мроі, якія несла цемра, непакоілі. Духі ночы зноўку малявалі лясную хаціну, зноў прамаўлялі словамі вядзьмаркі пра будучыню.

Дзень мінаў у благім настроі, непакоіла чарговае начное відовішча. Думкі пра яго віравалі ад самага ранку. А таксама ў Канцылярыі і нават у параднай зале, калі маршалак зачытваў расклад паслоў. І падчас першага прыёму, і падчас цырымоніі, і ў часе абеду. Так цягнулася ўжо месяц. Месяц знямогаў уначы і развагаў удзень. Колазварот вар’яцкіх сноў і нервовых зрухаў, якія шкодзілі справам, не адпускалі і не дазвалялі думаць ні пра што іншае. Як гэта спыніць, як рассекчы гэты вузел? Хіба, адным чынам – зноўку кіраваць да яе...

– Прыкладзі да ілба вось гэты чорны камень, – голас вядзьмаркі зноўку рабіўся падобным да ягонага. – Проста павер у мае словы, бо спраўдзіць іх не здолее ніхто, – усё навакольнае аддалілася, а старая быццам праплыла праз паветра і наблізілася да князя. – А цяпер слухай. Адбяры дзетак у сваіх самых адданых пахолкаў і драбаў, а іх саміх забі. Інакш ніяк, бо бацькі будуць помсціць за дзяцей. Прывязі мне немаўлятаў, а потым знішчы ўсіх, хто будзе выконваць гэты загад. Не павінна застацца ніводнага сведкі. І сам потым ніколі сюды не наведвайся... Нічога і нікога тут ужо не знойдзеш...

Яны трапяць так далёка, што ніводнай думкай не сягнуць тых даляў. Адзінае вядома, што, дзе б ні апынуліся, будуць шчыра і невытлумачальна адданыя твайму гонару і тваім марам... Нясчасныя, бо злучылі ў сабе розныя сусветы, і шчаслівыя, бо адчуюць свой неверагодна наканаваны лёс і выразна ўсвядомяць сваё пакліканне. Нават не разумеючы крыніцаў сваіх думак і нязвыклага позірку на свет… Твае людзі сярод наступных... Тваё зерне на тваёй зямлі ў вечным звароце сумневаў і сталення... Здольныя заяўляць сваю прысутнасць, жывіць сілы нашчадкаў і бараніць іх культуру ва ўсіх панаваннях... Вечна шукаючы свой радавод...