Выбрать главу

Але між усімі акалічнасцямі ёсць адна, якую ніхто не здольны парушыць – кожная спроба прасякнуць думкай у таямніцу сваёй прадвызначанасці адразу напаткае імгненнае супрацьстаянне Плыні. Яна заўжды помсціць, і за неахайную цікавасць, і за памкненне да адваротнага руху, помсціць жорстка, б’е няўмольна, а пры настойлівых памкненнях да яе – катуе да смерці.

А яшчэ хай асцерагаюцца людзей са шнарамі на бровах і хінуцца да тых, хто мае радзімку па цэнтру левай ступні...

– Ведаю твае думкі, Княжа.

– ...?!

– Не ў розуме справа, а ў здольнасці да адчувальнага служэння. Вось сапраўднае пакліканне духоўнай істоты ў Сусвеце.

– Ты прамаўляеш нібы вучоны муж, нібы храніст з кляштара!

– Вось, менавіта “муж”! Не знайшлося месца кабеце між кніг і ведаў… Не ўжыла здольнасцяў, падораных багамі, не тады нарадзілася. Абражалі, гналі і нават калечылі мяне… Толькі ў гэтым гушчары, толькі на лекаванне і варажбіцтва прыдалася я людзям. А яшчэ на выкананне лёсу...

* * *

Яны будуць выдатнымі асобамі з асаблівымі якасцямі і талентамі. Вёрткія і кемлівыя авантурысты, дзівакі і валацугі, творцы і прыдумляльнікі, заўзятары і фанатыкі. Яны будуць захапляць іншых сваімі ідэямі і дзяліцца перакананнямі. Яны стануць арнаментам гісторыі, формамі, у якія будзе ўлівацца жыццё. У адрозненне ад тых вар’ятаў, што ўпрыгожваюць свае думкі чужымі карункамі і вечна шукаюць іншародныя формы, куды прагнуць уліць сваё існаванне.

Твае вечныя маладыя дзеці ў стомленых і старэючых царствах, яны будуць жыць у палоне мрояў, захаплення і гарэзлівага смеху! І сваю мудрую дзіцячасць яны выставяць супраць прэснага розуму парахнеючай чалавечай грамады. Іх паэзія жыцця – выклік і спаборніцтва, выпрабаванне загадкавасцю і самаперакананасць, вядзьмарства і вяшчунства. Яснавідныя містыкі! Іх паспрабуюць абцясаць і прыстасаваць да пануючага ладу, накіраваць думкі ў прынятае рэчышча, паспрабуюць выправіць іхняе адхіленне, вярнуць у нармальнасць, паспрабуюць заціснуць у дзейсныя каноны і межы мыслення. І некаторыя з іх прыстасуюцца, паменшаць сваю моц, здадуцца на карысць усталяванага, схаваюць здольнасці і, урэшце, пакрочаць па шляху, які праклалі менш адораныя. А вось устойлівыя, нягнуткія, тыя, каму будзе непатрэбна ўхваленне, абсалютна пазбавяцца статку і створаць свой Сусвет. Дакладней, нанова ўзгадуюць твой...

Ім нічым ужо не дапамагчы. Асабліва ў Міжчассі, якое нават пасля яго пераадолення, трывала трапляе ў душы, крочыць поруч і заўсёды вабіць у свае непераадольныя розумам чорныя віры. А яшчэ па Міжчассі бадзяюцца драпежныя істоты, якія імкнуцца схаваць сваё існаванне. Яны перакрочылі праз час аднойчы, і ўжо не здольны спыніцца. Яны нахабна абыходзяць законы таямнічага часавага механізму, які супрацьдзейнічае зменам, але на сутыкненні эпохавых плыняў знаходзяць празрыстыя хвалі і разгойдваюць пульсуючыя паслядоўнасці падзей.

Гэтыя істоты – нахабныя і самаўпэўненыя злодзеі. Страціўшы сваю часавую Радзіму, яны залятаюць у іншыя прасторы і там дзеля забавы і злога здзеку расцярушваюць неўласцівыя перакананні, мастацкія вобразы, памкненні, навуковыя ідэі і нават веравызнанні. А таксама гатуюць жудасны псіхоз – змешваюць аскепкі мінулага з кавалкамі будучыні.

Іхнія ахвяры не здольныя адэкватна прыжыцца ў сваім часе, бо адначасова захопленыя ідэямі мінулага і апантаныя новымі, не свайго часу ведамі, якія яшчэ ніхто не здольны ўспрымаць. Гэтыя небаракі абсалютна губляюць сувязь з адэкватнай рэчаіснасцю. Найцяжэй ім даюцца кантакты з “цвёрдымі” сучаснікамі, якія абмежаваны ў часавым полі думак, з тымі сучаснікамі, хто кантралюе сваю эпоху і дасягае ў ёй поспеху, альбо тымі, хто з-за слабасці творчай волі жыве выключна сапраўдным і спакойна пражывае свой лёс. Ні першыя, ні другія не цікавяць галодных часавых валацугаў з-за няздольнасці атрымаць ад іх колькі-небудзь вартую колькасць эмацыйных надрываў.

Ёсць яшчэ адна вычварэнская гульня, якой забаўляюцца часавыя валацугі – гвалцяць душы тых, хто не задаволены хуткасцю наваколля. Дакладней, не задаволены тым, што час ідзе хутчэй за тоеснасць іх розуму. Абмежаваныя псіхічныя і фізічныя магчымасці ставяць “павольных” на мяжу апатыі, што правакуе магутныя выбухі пачуццяў.

Здараецца, дзеля вышэйшай забавы гандляры часам перакідваюць праз эпохавыя плыні асаблівы тавар – людзей з неверагодна вялікай прывязанасцю да часу свайго псіхічнага нараджэння, людзей з поўнай неадпаведнасцю любой іншай эпосе. У любым чужым грамадстве гэтыя згубленыя самотнікі мэтанакіравана займаюцца згушчэннем часу і пагоняй за збеглымі імгненнямі. Працаголікі, апантаныя мастакі, псіхічныя дысідэнты, соцыяфобы, няшчасныя закаханыя, рэвалюцыянеры – вось вынік гэтай ганебнай спекуляцыі. Звычайнае жыццё не знаходзіць у іх водгукаў, яны прагнуць душэўна хворых сноў, начных жахаў, жудасных прадчуванняў, якія зыходзяць з самых цёмных куткоў іх душаў. Атрымаўшы спрэсаваную часавую субстанцыю яны дабраахвотна надрываюць сябе і гараць ярка і прыгожа, але хутка. Часта сваё гарэнне яны ўзмацняюць алкаголем... ці расквечваюць рэлігіяй, альбо тым і другім разам.