Выбрать главу

Зрэдку перажыванне сваёй часавай неадпаведнасці аказваецца несумяшчальным са свядомасцю ці агулам са здаровым розумам. Пачварнае бязладдзе, ламаныя злыя летуценні – спрыяльнае ворыва для гадавання вычварных мрояў.

Іх вяшчунскае памкненне да закрытага, схаванага, таемнага адкрывае дарогу ў наш свет таму вялізнаму, ад якога людзі хаваюцца за розумам і ўпарадкаваным мысленнем. Тое вялізарнае – сапраўдны гаспадар іх душ. Праз адчыненыя дзверы нялюдскага свету імі кіруе неспасцігальнае, уладарыць з неабходнасцю і непазбежнасцю, каб у сваім няспынным магутным памкненні вырываць людзей са сферы чалавечага і прымушаць служыць сваім мэтам.

– Не паеду болей у той лес... Што гэтая страшная ведзьма робіць з нясчаснымі дзецьмі? Возім-возім, а іх там няма... Хіба звярам аддае? Ці сама з’ядае?... Кожны раз дрыжыкі па спіне, як яна радасна аглядае новыя ахвяры. Смяецца і блішчыць сваімі пякельнымі вачыма... Я вар’яцею! Лепей выгнанніцтва і страта службы, лепей здрада і жабрацтва, чым глядзець на немаўлятаў і на гэтае драпежнае валхаванне. Не паеду!

– Вядома, не паедзеш, усё скончана. Ты звычайны мечнік, просты выканаўца ў неспасцігальнай гульні, часціна невядомага табе плану. Князь табе дзякуе за службу, ты выканаў усё неабходнае. Нажаль, ніколі не даведаешся, якую справу ажыццявіў і да чаго спрычыніўся. Проста павер. Вечна жывы ў наступствах і мёртвы цяпер. Ты – першы ваяр новага Ордэну! І дзеля яго жыцця мусіш загінуць. Не крычы, я зраблю ўсё хутка. Бывай, браце.

ОРДЭН

– А хто яна такая і чаму мае права прамаўляць да веча?

– Удава пасадніка Барэцкага, яе сын Дзмітрый кіруе нашым апалчэннем.

– Адкуль яна? Мо перасяленка? Паслухайце, што кажа: звярнуцца да Літвы, накіраваць паслоў да караля Казіміра, прасіць прыслаць архіепіскапа, паклікаць з Літвы на княжэнне Міхаіла Алелькавіча, далучыцца да Княства Літоўскага, славене – браты крывічоў...

– Мо і сапраўды ліцьвінка?

– Дзіцё маё, ты робіш памылку, татары на парозе, палова княства ўжо разрабаваная, а князь Міхаіл мае досыць вайсковае моцы, каб абараніць нас. Ды і каханне між вамі раней было, сапраўднае, няўрымслівае і шалёнае, і паразуменне было. Але потым... што здарылася?

Айцец паправіў бараду:

– Я ведаю цябе з дзяцінства, ты спавядалася мне шматкроць, а зараз закрылася і маўчыш. Адумайся! Ужо не толькі за сябе адказваеш, а за град, за княства, за людцаў, за сына. Урэшце, за святыні, якія нехрысці драпежныя абкрадуць і спаляць!

Яна сядзела моўчкі. Як адолець цяжар палітыкі, цяжар, неўласцівы жанчыне? І разумна было б прыняць сватаўство, аднак… нельга прымірыцца з тым, пра што пазамінулай начы даклалі віжы – Міхаіл просіцца на службу да князя Васілія, мае намер здрадзіць людзям, Княству, ёй! А розум князёўны мусіць быць халодны, скіраваны на выгоды сваёй зямлі, у любым становішчы. І ўсё ж сэрца не даруе здрады, і асабліва не даруе каханаму. Ад татараў Міхаіл абароніць, але пацягне за сабой у ганьбу выгнанніцтва… І каханне да яго не мінула, ды і ніколі не міне, як любое моцнае пачуццё ў жыцці жанчыны. А вось павага ўжо знікла, расцярушылася. Нельга без павагі ісці да вянца і стаяць перад вачыма боскімі. З іншага боку, дружыне патрэбна магутная асоба, сімвал, мужчына, ваяр, правадыр. А гораду і сыну абаронца.

Спачатку ваявода, а зараз яшчэ і айцец патрабуюць згоду, а сэрца ўпарціцца. І няма сілаў ісці супраць яго. Выйсце адное – самой стаць моцнай і рыхтавацца да вайны... Нервова. Татары, княства, горад, Міхаіл, Юрый, татары, здрада, сын, горад… Чаму на яе столькі ўсяго? Колькі намаганняў спатрэбіцца, каб вытрымаць гэта, і дзе шукаць духоўнае падтрымкі? Матчына любоў, любой да роднага – хіба што...

Затрашчалі свечкі. Пэўна, з воску шалёных пчолаў. Яна рашуча ўзнялася і выйшла да залы. Месцічы і радцы схамянуліся і змоўклі.

– Але загад! Паслаць па ваяводу, прызначыць раду, дружыне дбаць аб рыштунак, збройнікам таўчы порах, занатаваць усе прыпасы, біць у апалчэнскі звон!