Выбрать главу

– Эй, малец, хадзі сюды! Дапамажы воз вытурхаць! Ды, азірніся ты, кніжкі па бруднай каляіне расцярушыў!

– Аааа, Бог з ім, дзівак нейкі. Самі выпіхаем. Другі тыдзень з намі ідзе, а зразумець яго не магу – нешта вуркоча сабе пад нос, ежы спажывае мала, спіць па корчмах ля каміну. І кожны вечар сушыць глузды сваім чытаннем. Адукаваны, але апрануты, бачыце як…

– Ягоны бацька – паважны купец з Полацкай гільдзіі, ён быў супраць падарожжа гэтага небаракі, але не здолеў утрымаць яго дома.

– Заўважце, які ўпарты! У такі шлях пакіраваў амаль без грошай. Мае мэту!

– Мусіць, такую ж недарэчную, як і сам. Дый, годзе, людцы, штурхаем! Хай раз, зноўку раз, трэці раз, пера-раз…

…Як цяпер кніжкі ад гэтае халоднае твані вычысціць? І прасушыць. Хіба ўвечары, а цяпер давядзецца вільготныя пад пахай несці, стане зусім непамысна. Хаця змерзласць – намнога меншы боль за згрызоты сумлення. Да скону давядзецца ў Бога выбачацца за тое, што скраў Пісанне з кляштару… Але ж на карысць паспалітую, дзеля пачэснае справы! А перад бацькам сорамна за куфар цэховы… Грошы пазней вярну, а злачынства Бог даруе, бо ягонае Слова, Святое Слова панясу па свеце.

Узгадалася вясновая Палата ля Сафіі, зелянюткія стромы Дзвіны! Як жа цяжка было збягаць з дому і рушыць у такую авантурную выправу. Берасце мінулі, хутка мяжа з Каронай. Чым далей ад родных мясцінаў, тым болей цягне вярнуцца. Але ёсць тры рэчы, якія даюць імпэт рушыць далей – высокая адукацыя, духоўныя кнігадрукі і жудасная цікавасць пазнаёміцца з астраномам Мікалаем!

Грошы, скрадзеныя ў бацькавым цэху, хутка скончацца. Каб не згаладаць зусім, давядзецца ў Польшчы падрабляць навучаннем. А да Кракава яшчэ міль 300.

Галодная стома і падарожныя пакуты зноў вярталі да думак пра дом. Як бацька, як браты, як манастыр? Ігумен столькі дазваляў чытаць між пісарскай працай! І сыты быў, і пры бібліятэцы, і ў цяпле... Але! Калі ж гэтая вар’яцкая думка завалодала свядомасцю – чаму немцы могуць друкаваць кнігі, а мы, такія разумныя і таленавітыя не можам? І зямля нашая не горшая, і людзі кемлівыя. Духоўнасць Святога Пісання… Мясціны, дзе нарадзіўся і ўзгадаваны быў… І ласку да роднага горада маеш... Бацькі і ігумен здзіўляліся, адкуль такія меркаванні ў гэтага мальца. А я і сам не ведаю адкуль. Дарэчы, адкуль?...

Думкі віравалі гучней за ледзяны вецер, іх было ўжо не стрымаць.

...

– Маргарыта, жонка мая каханая, я ў адчаі ад безвыходнасці. Гэтая пошасць апанавала ўжо цэлую Вільню. Я перабраў усе лекі і зрабіў ўсе магчымыя захады, ніякія сродкі не дапамагаюць, ні парашкі, ні зёлы, ні ртуць, ні кровапусканне, ні чыстка, ні прыпальванне, ні піяўкі. Пакуль ты была ў непрытомнасці я нават прыводзіў да цябе шаптуху. Я, доктар вызваленых навукаў з медычнымі ведамі, і ганьба мне, ганьба ўсёй медыцыне – я не ведаю, як цябе выратаваць. Перад вачыма Боскімі клянуся, калі не дам рады цябе ўзняць, не буду жыць на Радзіме і нават не выдрукую болей ніводнай кнігі...

– Што пішам над труною? Царкоўныя ці вайсковыя заслугі?

– Гэта фундатар Лаўры, пішы ўсё! Спачатку тытулы ваяводскія і гетманскія, потым пра паходжанне і сям’ю, пішы: з роду турава-пінскіх князёў, быў жанаты спачатку на князёўне Таццяне Гальшанскай, а потым на князёўне Аляксандры Слуцкай. Дабрачыннасць дзеяў: будаваў праваслаўныя цэрквы ў Вільні і на Валыні, будаваў манастыры і замкі, заснаваў для жабракоў шпіталі, для дзетак школы. І, урэшце, вайсковыя заслугі: перамог у 63 бітвах, за талент і смеласць у 37-гадовым веку атрымаў чын Гетмана найвышэйшага, на ўласныя грошы шыхаваў войскі і ставіў харугвы вершнікаў, за ўзорнае гетманства ў ягоны гонар ладзілі Трыумф у Кракаве. Памёр у Тураве, паводле ягонага жадання пахаваны пад Успенскім саборам у Лаўры, дзе ўжо амаль стагоддзе спачывае ягоны святы прадзед Фёдар.

– А яшчэ кажуць, што загадваў пахоўваць з гонарам адзінаверных загінулых ворагаў. Шанаваў іх. Пра гэтае пісаць?

– Не, не варта. Хаця, сапраўды, дзіўны такі звычай меў. Біў іх няшчадна на полі, але потым цэлае рушэнне трымаў на месцы бітвы, не адпускаў войска дадому і прымушаў пахоўваць забітых уварванцаў з усімі належнымі праваслаўнымі абрадамі.

– Слухайце, а што пра яе вядома? Ноч доўгая, бацькі з’ехалі, варта пільнуе брамы, выхавацелька болей не завітае, таму можам шаптацца ўсю ноч! Дзяўчынкі, распавядайце ўсё – навіны, плёткі, жахі!

– Яна дачка князя Юрыя, якога яшчэ “літоўскі Геркулес” звалі, таго, што сябраваў з гетманам Астрожскім. Дык вось, яна незвычайнай прыгажосці і выхавання! А які лёс мела! У 17 гадоў яе выдалі замуж за ваяводу троцкага Гаштольда. Але за нейкія цяжкія справы яе род якаясь моцная чараўніца сурочыла і пачалі ўсе навокал паміраць – на працягу пяці гадоў адыйшлі яе свёкар, свякроў, бацька і нават муж памёр. У 42-м годзе маці забрала яе з пустога дому ў Троках і завезла ў Вільню да брата Мікалая, якога звалі Руды. А там знаходзілася рэзідэнцыя маладога і прыгожага каралевіча па мянушцы Аўгуст. На нейкім там прыёме пазнаёмілася яна з каралевічам, і, кажуць, наслала на яго такія моцныя варожбы, што той адразу страціў увесь розум і пачаў валачыцца за ёю, а праз нейкі час сталі яны ўпотай сустракацца – літаральна ў тым жа каралеўскім палацы. А быў той каралевіч ужо жанаты, жонка ягоная, Альжбета, мела, дарэчы, вельмі знакамітую кроў – каралеўскага роду Габсбургаў. Каралевіч жа да таго быў зачараваны сваёй каханкай, што нахабна зрабіў яе фрэйлінай сваёй жонкі. Але дзяцей у іх з каралеўнай не было, ды і як ім быць, калі каралевіч з фрэйлінай мілуецца! У 45-м годзе раптоўна ў маладым ўзросце памірае каралеўна Альжбета, і гэтыя закаханыя пачынаюць сустракацца ўжо адкрыта і безсаромна! І пра тое ведае ўвесь каралеўскі палац!