Выбрать главу

– Кажуць, каралеўскія дворныя пачалі інтрыгі супраць гэтага раману. Палякі не маглі дараваць, што каралевіча заваражыла ліцьвінка, што прыляпіла яго сваім чараваннем да Літвы і не адпускае да спраў Кароны польскай! Супраць былі таксама яе браты і мама каралевіча Аўгуста. Пайшлі скандалы і звады пра абразу гонару і патрабаванні спыніць іхнае мілаванне. І нават узялі слова з каралевіча, што ён пакіне яе ў спакоі і вернецца да кракаўскага двару. Але, не на тых напалі! Удумалі закаханыя збегчы і таемна павянчацца. А праз год Аўгуст прадставіў яе літоўскаму Сойму ў якасці сваёй жонкі! Болей за тое, запатрабаваў прызнаць яе Вялікай княгіняй літоўскай, і Сойм мусіў прызнаць! Вось табе і ціхі-ціхі каралевіч, а за сваю каханую пасварыўся з усім светам!

– Там падзеі развіваліся нібы ком! Тады ж як раз памёр стары кароль, і каралевіча тэрмінова выклікалі ў Кракаў, а ягоная мама пачала шукаць новую жонку для сына – будучага польскага караля. А тут высвятляецца, што Аўгуст ужо жанаты на ліцьвінскай князёўне, што іхны шлюб прызнаў літоўскі Сойм і што жонка каралевіча ўжо мае тытул Вялікай княгіні літоўскай! Каралева-мама распачала плесці змовы, каб не дапусціць каранацыі нявесткі, і нават дамаглася таго, што Сойм польскі прагаласаваў за скасаванне шлюбу. Але не быў бы то зачараваны Аўгуст! Ён прыгразіў ім поўнай адмовай ад каралеўскага трону і дамогся афіцыйнага прызнання іх шлюбу. Урачыстая каранацыя адбылася ў Кракаве ў 50-м годзе. У знак пратэсту каралева-маці з’ехала з Кракава ў Італію. І тады пачалася зусім цмяная гісторыя. Хто ведае далей?

– Па каранацыі нешта стала маладой каралеўне кепска. І тое зразумела – змовы, сваркі, чужы двор, паклёпы, нянавісць. Выклікалі для яе італьянскага аптэкара, які намяшаў ёй зелле, і піла яна тое зелле колькі месяцаў. А праз ужыванне зёлак рабілася ўсё худнейшая і худнейшая, потым ёй зусім паблагела і, як мінуў год пасля каранацыі, каралеўна памерла. Аўгуст да скону не адыходзіў ад яе ложка. Тады ж пайшлі чуткі, што яе атруціла каралева-маці... Перавезлі яе на Радзіму і пахавалі ў нашым катэдральным касцёле. А потым была нейкая містыка з чарадзействам...

– Я чула, што пасля смерці жонкі Аўгуст зусім звар’яцеў. Прыехаў да яе брата Мікалая ў Нясвіж і прывёз з сабой алхіміка-чарнакніжніка, каб выклікаць дух жонкі ў тым самым месцы, дзе яны калісь кахаліся. Ну, Мікалай па глупству і пагадзіўся...

– А чаму не ў каралеўскім плацы ў Вільні, і не ў Кракаве, а ў Нясвіжы?!

– Не ведаю. Але дакладна ў замку ў Нявіжы. Чараўнік папрасіў завесіць усе люстэркі і падчас сваёй варажбы запатрабаваў, каб Мікалай і асабліва Аўгуст трымаліся на месцы, не варушыліся і, крый Божа, не гутарылі. Дух ён выклікаў, але ж кароль памкнуўся схапіць тую постаць, чым не даў ёй вярнуцца туды, адкуль яе паклікаў чараўнік. Здань ў тое ж імгненне знікла назаўжды. Закаханы зусім страціў рэшткі розуму і пастанавіў, што мусіць памерці ў Нясвіжы, каб яны з каханай урэшце сустрэліся. Але яму тэрмінова спатрэбілася выехаць у Кракаў, дзе ён раптоўна памірае. Таму ягоны стрывожаны дух ужо навек застаўся ў Кракаве. І цяпер да Другога прышэсця іхнія здані будуць бадзяцца па дзвух розных і далёкіх замках. Яе здань па нясвіжскім, а ягоная здань па кракаўскім...

– Вось гэта каханне!

– Страшная гісторыя...

– Дзяўчаты, скажу вам такую рэч – вакол нас пануе варажба і чары, яны ахутваюць і кіруюць усімі людзьмі, усімі, хто хаця б троху здольны да любых пачуццяў.

– А давайце выклічам прывід нашай сядзібы! Ведаю замову, трэба свечкі...