Выбрать главу

— Быў такі крыжак, вялікі маршал ордэна Чорнага Крыжа Фрыдрых фон Валенрод.

— Ведаю, чуў. Рыцары гэтага ордэна насілі белыя плашчы з вышытым на іх чорным крыжам.

— Дык вось, гэты Фрыдрых 16 сакавіка 1410 года напаў на Ваўкавыск, падпаліў горад і пасек мноства людзей.

— Ну, здаралася такое і са мной. Ды і ў цябе, пан Мікалай, пэўна, таксама было падобнае?

— Справа ў тым, — Радзівіл ніяк не адрэгаваў на жарт свайго караля, — што крыжак напаў на горад і пасек людзей у вербную нядзелю. Але ж, і ты гэта ведаеш, што з даўніх часоў у хрысціян існуе звычай: у святочныя дні, звязаныя з Хрыстом і Багародзіцай, ваенныя дзеянні не распачынаць, і парушэнне гэтага звычаю лічыцца святатацтвам і патрабуе суровага пакарання.

— Усё гэта так. Толькі з тых часоў прайшло паўтара стагоддзя і пра таго Валенрода ўжо даўно забыліся нават яго праўнукі.

— Праўнукі, можа, і забыліся, а люд паспаліты памятае і кажа, што ў сечы на палях Грунвальда на Фрыдрыха фон Валенрода ваўкавысцы палявалі асобна. Яны не проста забілі яго, а загналі ў возера Любень, дзе ён і патануў разам з канём. Вось з тых часоў і мітусіцца яго непрыкаяная душа паміж гэтым све­там і царствам мёртвых, ніяк не можа знайсці прытулку і супакаення. І там, дзе з’яўляецца коннік у чорным плашчы і на чорным кані — чакай вайны ці страшэннага мору.

— У Валенрода быў белы плашч.

— За сто пяцьдзясят гадоў ён стаў чорным ад людской крыві.

— І хто зможа яго спыніць? Што кажуць людзі?

Радзівіл няўпэўнена паціснуў плячыма і чамусьці паўшэптам прамовіў:

— Людзі кажуць, што забіць яго можа толькі такі ж нябожчык, як і ён сам.

Кароль спалохана перажагнуўся.

— Ты што, ваявода? Што ты кажаш? Дзе яго ўзяць, жывога нябожчыка? — Баторый зноў перажагнаўся і прашаптаў кароценькую малітву. — Ды і хопіць, пан Мікалай, пра нябожчыкаў, давай лепш пасмакуем вось гэтага венгерскага віна. Хаця, — Баторый хітра прыжмурыўся, — ты ж ваявода і разбярыся сам і з Валенродам, і з жывымі нябожчыкамі, і з плёткамі, што непакояць душы нашых жаўнераў.

3

Якуб з Залесся нечакана з’явіўся ў лагеры ліцвінаў у канцы жніўня. Яго шчаку перасякаў глыбокі рубец, які прыкметна адцягваў управа рот, ад чаго твар ратніка здаваўся грозным і нават злосным. Аднак не выраз на яго твары палохаў сустрэчных і знаёмых, іх палохалі яго вочы: пустыя і ў той жа час бяздонныя, быццам глядзіш не ў вочы, а ў глыбокую студню, прыглядаешся і бачыш там нечае, толькі не сваё, адлюстраванне. Раней гаваркі і вясёлы, знаўца мноства песень, зараз ён больш маўчаў, а калі і гаварыў, то адным-двума сказамі. На прапанову ротмістра казацкай харугвы Барыса Жабы выбраць з яго табунка самага гарачага жарабца адказаў, што такі жарабец яму без патрэбы і паказаў, што здзівіла ўсіх, на яшчэ не старую, але ціхую і рахманую кабылу па мянушцы Пышка. Толькі сваю янычарку ён бярог, быццам блізкага чалавека і, нібы з чалавекам, шэптам размаўляў з ёй аб нечым патаемным.

— Такога казака згубілі! — бедаваў ротмістр, аднак у справы Якуба не ўмешваўся, баяўся.

Якуб пад сцены крэпасці не хадзіў. Ён цэлымі днямі, а, здаралася, што і ноччу, выязджаў на сваёй кабылцы ў лес ці да балота. Там гадзінамі стаяў на адным месцы, прыслухоўваўся, потым, па вядомай толькі яму аднаму камандзе, раптоўна зрываўся з гэтага месца і імчаў у іншае, дзе зноў цярпліва нечага ці некага чакаў.

Аднойчы вечарам Даніла паспрабаваў пабыць са сваім сябрам, урэшце разабрацца, чаму той так дзіўна паводзіць сябе. Ён ціха пад’ехаў да Якуба, нейкі час пастаяў побач, як і ён прыслухоўваючыся да наваколля, але хутка гэта Данілу надакучыла і ён шэптам запытаўся:

— Ты некага чакаеш?

Якуб крыху падумаў і кіўнуў.

— Калі не сакрэт — каго?

— Фон Валенрода, — прагучаў адказ, і ад таго, як былі сказаны гэтыя два словы, у Данілы на галаве зашавяліліся валасы: яму адказаў не чалавек, а нябожчык і голас яго гучаў не з вуснаў, а аднекуль з вышыні.

— І дзе ён зараз? — Даніла ўсё ж перасіліў страх.

— У нас за спінай.

Такога адказу Даніла не чакаў. Ён рэзка азірнуўся і нібы напароўся на позірк крыжака ў старадаўніх, пачарнелых ад часу даспехах. Той сядзеў на моцным кані, цела якога таксама бараніла браня, і глядзеў на іх. Такія ж, як у Якуба, пустыя і нежывыя вочы бяздоннымі праваламі віднеліся ў шчыліне яго шлема. Данілу раптам падалося, што Валенрод мог бы даўно засячы іх абодвух і, каб не трапіць пад крыжацкі меч, ён, забыўшыся пра братэрскую вернасць, рэзка ўкалоў свайго жарабца шпорамі. Конь прысеў ад болю, а праз імгненне, ламаючы кусты, імчаў да свайго лагера.

Якуб з’явіўся ў лагеры раніцай.