Вершы Якубу Коласу прысвячалі слонімскія літаратары Алег Лойка, Мікола Арочка, Анатоль Іверс, Іван Чыгрын. Псеўданімы класіка нашай літаратуры даследаваў Янка Саламевіч (“Слоўнік беларускіх псеўданімаў”, Мн., 1983), пераклады Якуба Коласа на нямецкую мову – Уладзімір Сакалоўскі (кнігі “Пара станаўлення” (Мн., 1986), “Беларуская літаратура ў ГДР” (Мн., 1988). У 1991 годзе Іван Чыгрын выдаў дыхтоўную манаграфію “Рэальнае і магчымае: проза Якуба Коласа”. Манаграфія прысвечана праблеме мастацкай эвалюцыі творчасці Якуба Коласа. У ёй аўтар даследуе шляхі эпічнага станаўлення таленту пісьменніка ў жанры рэалістычнага апавядання, філасофска-алегарычнай прозы, у жанры рамана. Як сцвярджаў Іван Чыгрын ((1931-2006), у адрозненне ад мастацкага лёсу іншых беларускіх празаікаў 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя, творчасць Якуба Коласа доўжылася не адно дзесяцігоддзе, і, здавалася б, такі магутны талент, як яго, мог адзін акумуляваць шмат якія аспекты мастацкага вопыту, назапашанага сусветнай практыкай. У нейкім сэнсе так яно і здарылася. Але акумуляцыя падобнай шматстайнасці складанага літаратурнага працэсу ў практыцы аднаго творцы з пэўнай доляй паўнаты не пад сілу нікому. На ўвазе павінен жа мецца і адпаведны ўзровень мастацкага асэнсавання. Якуб Колас, як сцвярджае аўтар, належным чынам сцвердзіў сябе галоўным чынам у жанры рэалістычнага ды алегарычнага апавядання, ушчыльную падышоўшы да свярджэння жанру рамана, тым самым абазначыў ідэю неадольнасці жанравага руху прозы ў літаратуры, якая імкнулася стаць сапраўдным мастацтвам. Сучасную прозу без рамана ўявіць немагчыма. І заслугі Якуба Коласа перад беларускай літаратурай тут бясспрэчныя.
Доктар філалагічных навук Алег Лойка пісаў: “Якуб Колас – у сваёй геніяльнай простасці, беларускасці – адзіны, непаўторны. Простае ў Якуба Коласа – мудрае, не мудрагелістае, не экстазнае. У ім, як даўно ўжо было заўважана А.Адамовічам, усе колеры вясёлкі, — дзённае святло, само бясколернае, ды з колераў, з сямістужкавага спектру. І ў выніку ўвідочніць коласаўскую прастату, народнасць, паэтычнасць сапраўды няпроста. Няпростая прастата – гэта, відаць, у красе, у літаратуры найвышэйшае і, можа, якраз найвышэйшай пробы элітарнае, паэтычнае” (Алег Лойка. Галгофа. Слонім. 2001. С.150-151). Менавіта Алег Лойка ў 1961 годзе выдаў манаграфію “Новая зямля” Якуба Коласа: вытокі, веліч, хараство”, у якой усебакова даследаваў паэму “Новая зямля” — “своеасаблівы гімн сялянству, песню ўслаўлення селяніна”.
У сваёй двухтомнай “Гісторыі беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд” (Мн., 1989) Алег Лойка таксама звяртаецца да аналізу жыццёвага і творчага шляху Якуба Коласа. Пісьменнік адзначае, што “дарэвалюцыйная (маецца на ўвазе да 1917 года. – С.Ч.) творчасць паэта – пляцоўка ўздыму Я.Коласа-мастака, такі этап у яго ідэйна-творчай эвалюцыі, без якога ідэя жыцця Коласа, канцэптуальнасць яго творчасці ў цэлым, якімі яны бачацца сёння, не маглі б сфарміравацца. Дарэвалюцыйная творчасць яго – важнейшы этап станаўлення Якуба Коласа-мастака, вылучэнне асобнай коласаўскай эстэтычнай канцэпцыі жыцця і чалавека”. Алег Лойка пісаў, што Якуб Колас як мастак, як філосаф канчаткова і шырэй сцвердзіў сябе ўжо ў савецкі час. У сваёй творчай эвалюцыі, на думку Лойкі, сімпатыі з селяніна Якуб Колас пашыраў на чалавека ўвогуле. У кожным чалавеку ён імкнуўся знайсці добрае, светлае. У трылогіі “На ростанях” Якуб Колас паказаў сімпатычнага айца Уладзіміра, які падчас споведзі Лабановіча замест Бібліі кладзе яго руку на том Пушкіна. І жандар у Якуба Коласа – не абавязкова свіное рыла, а чалавек, які спачувае Лабановічу, які адчувае сябе няёмка, мусячы выконваць абавязкі наглядчыка над гэтым маладым сумленным настаўнікам. Ні кроплі схематычнага, вульгарызатарскага разумення чалавека, людзей розных саслоўяў! А калі і паказваў Колас абывацельства, то з чалавечым шкадаваннем, з усмешкаю, са шчымлівай насмешкай, як, гэта напрыклад, можна назіраць у вобразе Тараса Іванавіча Шырокага ў трылогіі, або пана Зыгмуся ў апавяданні “Хатка над балотцам”. З народных глыбінь браў пачатак гуманізм Якуба Коласа, глыбока народная маральная аснова была ў яго. Вера ў чалавека, любоў і павага да яго, непрыманне ўсяго, што робіць людзей нечалавечнымі, — вось што стала зыходным і асноўным у мастацкай канцэпцыі Якуба Коласа.