У 1940-1950-х гадах мінулага стагоддзя да Янкі Купалы і яго творчасці беларускія эмігранты сталі звяртацца ўсё часцей і часцей. Актыўна адзначаюцца ўгодкі з дня яго нараджэння, смерці, юбілеі кніжак і асобных твораў, інсцэніруюцца яго камедыі і іншыя драматычныя творы. Восенню 1945 года ў Буэнас-Айрасе (Аргенціна) было заснавана Беларускае культурна-асветнае таварыства імя Янкі Купалы, а ў мясцовасці Камадора Рывадавія была адкрыта бібліятэка імя Я. Купалы. 1 ліпеня 1948 года ў Парыжы таксама з’явілася беларуская бібліятэка імя Янкі Купалы. У ліпені 1952 года каля вадаспаду Ніягара адбылася Першая сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. На ёй былі адзначаныя 10-я ўгодкі смерці Янкі Купалы. А Вінцэнт Жук-Грышкевіч выступіў з дакладам пра песняра. Дарэчы, пазней спадар Жук-Грышкевіч абароніць доктарскую дысертацыю на тэму “Лірыка Янкі Купалы” на філасофскім факультэце Атаўскага універсітэта ў Канадзе.
Беларуская моладзь на эміграцыі ў 40-60-я мінулага стагоддзя была вельмі актыўнай. Юнакі і дзяўчаты захапляліся не толькі паэзіяй нашага класіка, але і яго драматычнымі творамі. Не было такой вечарыны, дзе б беларуская моладзь не ладзіла спектаклі і інсцэніроўкі па п’есах Янкі Купалы. У лагеры Ватэнштэт (Германія) 24 Сакавіка 1946 года быў пастаўлены абразок “На папасе”, а на наступны год – быў інсцэніраваны верш Купалы “Цару неба і зямлі”, некалькі разоў тут ставілася “Паўлінка”. У 1951 годзе ў Нью-Ёрку драматычным гуртком беларускай моладзі быў арганізаваны і пастаўлены мантаж па творах Купалы “Пяснярскім Шляхам” пад кіраўніцтвам Наталлі Орса. А праз тры гады была інсцэніравана паэма “Курган” (рэжысёр Наталля Орса). У 1960 годзе ў Саўт Рыверы беларускім драматычным гуртком была пастаўлена “Паўлінка” рэжысёрам Ірэнай Цупрык-Жылінскай, якая паказвалася шмат разоў.
У многіх краінах свету з дакладамі і рэфератамі, прысвечанымі жыццю і творчасці Янкі Купалы выступалі беларусы-эмігранты Масей Сяднёў, Вітаўт Кіпель, Антон Адамовіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Язэп Малецкі, Уладзімір Клішэвіч, Алесь Алехнік, Станіслаў Станкевіч, Аляксандр Калодка, Уладзімір Сядура і іншыя беларускія пісьменнікі і гісторыкі. Творчасць Янкі Купалы абуджала беларусаў на чужбіне, натхняла іх, дапамагала ім адчуваць сябе як на Бацькаўшчыне. Янка Купала быў і застаўся сімвалам духоўнае сілы беларусаў. Праўда, у канцы 1940-х і ў пачатку 1950-х гадоў, як і раней, далёка ад Радзімы не заўсёды хапала паэтычнай Купалавай спадчыны, адпаведных вершаваных тэкстаў, ды і наогул, многіх твораў нашага песняра. Таму ў Ватэнштэце, Міхельсдорфе і Мюнхене ў 1946-53 гадах асобнымі кнігамі былі выдадзеныя “Курган”, “Магіла льва”, “На Куццю”, “Раскіданае гняздо” і “Тутэйшыя” Янкі Купалы. А ў 1955 годзе ў выдавецтве “Бацькаўшчына” (Нью-Ёрк – Мюнхен) свет пабачыў вялікі том паэзіі Янкі Купалы “Спадчына” з уступным словам Станіслава Станкевіча, падрыхтаваны Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Гэта была вялікая літаратурная падзея для ўсёй беларускай эміграцыі ў свеце. Пра выхад “Спадчыны” напісалі многія беларускія эміграцыйныя выданні. Адгукнулася на выхад кнігі Янкі Купалы і небеларуская прэса, у прыватнасці, амерыканскія, англійскія, нямецкія, польскія, украінскія і французскія выданні. Газета “Бацькаўшчына” 11 лютага 1956 года пісала, што “Спадчына” годна рэпрэзентуе Беларусь”. Некалькі перадач пра выхад паэзіі Янкі Купалы падрыхтавала радыё “Вызваленне” (пазней — “Свабода”).
Праз 30 гадоў пасля выхаду “Спадчыны” Янкі Купалы ў Мюнхене, дзякуючы ўсё таму ж Беларускаму інстытуту навукі і мастацтва, з’явілася выдатная бібліяграфічная праца, складзеная Вітаўтам і Зорай Кіпелямі, якая называецца “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе”. Ва ўступе да яе напісана: “Укладальнікі прапанаванае бібліяграфіі імкнуліся зарэгістраваць усё, што пісалася пра Купалу й Коласа ў беларускамоўным друку на Захадзе, па-за краінамі савецкага блоку. У меру даступнасці матэрыялаў рэгістравалася й тое, што пісалася аб паэтах у беларускім друку былой Заходняй Беларусі, Літвы, Латвіі, Чэхаславаччыны ды Савецкай Беларусі, не ўлічанае папярэднімі бібліяграфіямі”.