Перафразаваўшы радкі Станіслава Станкевіча з уступнага слова да мюнхенскай “Спадчыны” Янкі Купалы, хочацца сказаць, што роля і значэнне Купалы ў беларускай літаратуры вымяраюцца двума аспектамі ягонае творчасці: ідэйным і літаратурна-мастацкім. Гэтыя два моманты і надаюць Янку Купалу цэнтральнае і вядучае месца ў беларускай літаратуры, а таксама ў нашым сённяшнім жыцці і ў жыцці ўсёй беларускай эміграцыі ХХ стагоддзя.
Штомесячны культурна-грамадскі і літаратурны часопіс “Беларускі летапіс” (напачатку называўся “Летапіс Таварыства беларускай школы” — С.Ч.) выдаваўся ў Вільні з мая 1933 года да верасня 1939. Часопіс быў заснаваны як орган Таварыства беларускай школы (ТБШ) на чале з Рыгорам Шырмам, Феліксам Стацкевічам і Сяргеем Паўловічам. Выйшла з друку 19 нумароў, асобныя былі здвоеныя.
Часопіс “Беларускі летапіс” асвятляў надзённыя праблемы і здабыткі культурна-грамадскага жыцця Заходняй Беларусі, а таксама пераасэнсоўваў урокі класічнай беларускай літаратуры. На старонках часопіса друкаваліся амаль усе вядомыя на той час пісьменнікі Заходняй Беларусі. Адводзілася месца і класікам — Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, а таксама ўкраінскай, літоўскай, рускай, польскай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову.
Пра Якуба Коласа “Беларускі летапіс” актыўней пачаў пісаць у 1936-1937 гадах. Першы нумар часопіса за 1936 год амаль поўнасцю быў прысвечаны Якубу Коласу. На вокладцы часопіса рэдакцыя апублікавала партрэт народнага паэта Беларусі. Часопіс адкрываўся артыкулам Рыгора Шырмы “Ідэя волі ў паэзіі Якуба Коласа”, прысвечанага 30-годдзю літаратурнай творчасці песняра. У творах Якуба Коласа спявае пра волю нават голас вясновай ночы, а першы гром, у раскатах якога чуецца воля і радасць зямлі, растрывожыў і “ўскатурхнуў думы паэта”:
Пра гэта разважае аўтар артыкула. Рыгор Шырма піша, што “векавое няшчасце беларускага народа — няволя”. Таму Якуб Колас “закрасаваў на ніве ў самую раніцу народнага Адраджэньня. Ён прынёс нам высокія ідэі, ён паказаў нам вялікую мудрасьць Красы і Праўды, знайшоў крыніцы той жывой вады, якая робіць нас вольнымі”.
Часопіс “Беларускі летапіс” у першым нумары за 1936 год паводле астрожных пісем паэта публікуе артыкул “Якуб Колас у астрозе”. За арганізацыю ў 1906 годзе нелегальнага з’езда народных настаўнікаў-беларусаў ў Мікалаеўшчыне Якуба Коласа пасадзілі ў астрог на тры гады. У артыкуле чытаем: “Бо і як жа, ці ж то злачынства было дамагацца беларускай школы для беларускіх дзяцей? Дый ці ж адзін толькі царскі ўрад у Расіі глядзеў гэтак на справу беларускай школы?!.”.
У Мінскім астрозе Якуб Колас напісаў 51 верш. Пра гэта таксама згадваецца ў артыкуле. Друкуецца ў часопісе і аўтограф верша “У дарозе”.
Цікава чытаецца ўспамін пра песняра аўтаркі, якая падпісалася крыптанімам А.Р. Асабліва тыя моманты, калі аўтарка разам з Коласам наведала Пецярбург на Каляды 1907 года: “Правадніком па сталіцы быў Колас. Ён падходзіў да кожнага гарадавога на варце, распытваў, як куды выйсьці і вёў пасля мяне, хвалячы гарадавых і прыношаную ім карысьць. Нас асабліва смяшылі гэтыя гутаркі з паліцыяй нелегальнага Коласа. Раз, між іншым, узялася вясьці я. Ішлі мы ў народны дом, на оперу. Вадзіла я свайго спадарожніка аж да стомы, запутаўшыся ў даўгіх і пустых “мяшчанскіх” вуліцах. Доўга не хацела здавацца: нарэшце з сорамам прызналася, што не выблытаюся. Узялі мы возьніка. Той правёў нас за вугал і стаў перад народным домам…”.
Язэп Каранеўскі ў снежаньскім нумары “Беларускага летапісу” за 1936 год аналізуе творчы шлях Якуба Коласа. Аўтар у даволі кароткай форме спыніўся на апавяданнях, аповясцях, паэмах “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Згадаў ён і пра драматычныя творы, але падкрэсліў, што “творы гэтыя зьяўляюцца даволі мернай якасьці і на агульны абраз коласаўскае творчасьці не ўплываюць”.
У канцы артыкула пра творчы шлях Якуба Коласа Язэп Каранеўскі падсумаваў, што “Купала зьяўляецца ідэолёгам беларускага адраджэньня і прарокам народным, Колас жа перадусім мастаком роднага краю, у якога творчасьці знайшлі найбольш поўнае мастацкае выяўленьне ўсе нацыянальныя асаблівасьці беларуса”.