І раптам, беларусы Заходняй Беларусі ў Беластоку ўбачылі жывога песняра, творы якога дапамагалі ім жыць, змагацца, працаваць. Таму так шчыра, доўга і цёпла віталі яны роднага Купалу.
Перад удзельнікаму сходу Янка Купала прачытаў свой верш “Настаў чарод” з цыкла “На заходнебеларускія матывы”. Вось некалькі строф з гэтага верша:
У Беластоку Народны паэт Беларусі пазнаёміўся з Максімам Танкам, Міхасём Машарам, Піліпам Пестраком. У блакнот Міхася Машары Янка Купала напісаў такія радкі: “Дзень добры, таварыш Машара, на вызваленых землях Заходняй Беларусі! Жывіце радасна і шчасліва, як мы, старэйшыя, жывём. Я.Купала. Беласток. 29/Х-.”. (Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, ф.1, воп. 2, адз. зах. 20).
Алег Лойка ў рамане-эсэ пра Янку Купалу, згадваючы Народны сход Заходняй Беларусі, пісаў: “Яны, Купала і Колас, на сходзе былі скрозь і ўсюды поруч. Што гаварыў, пісаў аб сходзе Колас, тое было і ў сэрцы Купалы, тое захапляла, уражвала, хвалявала і Купалу. І абодва яны разумелі, адчувалі, што яны — пры вялікай эпічнай тэме народнай героікі, народнай барацьбы і пакуты, мары і надзеі, веры і ўпэўненасці. Іх позіркі ў твары дасюль незнаёмых ім людзей былі пільнымі і любоўнымі. Іх вочы прагна ўбіралі ў сябе, як ужо дапатопнае дзіва, краявіды з незаворанымі межамі, вузкімі палоскамі, з падслепаватымі пад шэрай саломай хатамі і падпертымі каламі гуменцамі і хлеўчукамі… Купала, пэўна, больш Коласа ўсё браў на слых. Ён усё прасіў, каб яму расказвалі пра канцлагер у Бярозе-Картузскай, пра Грамаду, пра страйкі-забастоўкі лесарубаў, пра здзек дэфензівы і асаднікаў, пра расстрэлы дэманстрантаў у Косаве, пакаранні правакатараў у Вільні, Слоніме, Беластоку. Купала адчуваў сябе ў даўгу перад гэтым народам, што сабраўся на свой гістарычны сход… Купала, як толькі першы раз пераехаў быўшую граніцу, адразу ж зразумеў, што ён не ведаў гэтага жыцця свайго народа — яго складу, яго духу. Праблемы сацыяльнага, нацыянальнага вызвалення тут былі тыпалагічна тыя ж, што ў дарэвалюцыйнай Беларусі, але формы выяўлення падобных жа сацыяльна-палітычных працэсаў былі ўжо іншыя. Спазнаць іх — да апошняй драбніцы! Спазнаць, бо без ведання іх, які можна эпас напісаць — эпас вось гэтага народнага жыцця, якое толькі рэхам радыёхваль адбівалася ў яго мінскай хаце пад таполяй? Купала, Колас ведалі: і жыццё заходніх беларусаў павінна легчы старонкамі мастацкага летапісу беларусаў. Яны паміж сабой аб гэтым не гаварылі, ды кожны з іх аб гэтым напружана думаў, кожны сам па сабе таксама будучы героем легендарных зорных дзён зменлівай гісторыі свайго народа…” (Алег Лойка. Выбраныя творы ў двух тамах. Мн., 1992. Т.1. С. 406-407).
Пасля вяртання ў Мінск, Якуб Колас пісаў рускаму літаратару Сяргею Гарадзецкаму: “Потрясающее, глубоко волнующее впечатление произвело это собрание. Мне никогда еще не случалось видеть такой съезд, такой народный сход, где бы с такой силой изливалась душа народа, его горькая обида, нанесённая подлыми, глупыми, спесивыми угнетателями… Меня также глубоко взволновало и то обстоятельство, что белорусский народ не забыл и своих певцов, меня и Купалу, и выразил нам громко свою признательность” (Якуб Колас. Збор твораў у чатырнаццаці тамах. Мн., 1978. Т.13. С.191).
Другі раз Янка Купала наведаў Беласток у кастрычніку 1940 года. Яшчэ ў верасні таго года газета “Літаратура і мастацтва” паведамляла, што члены праўлення ССП БССР і група пісьменнікаў — Я. Купала, Я.Колас, М.Лынькоў, П.Броўка, К.Крапіва, П.Глебка, З.Аксельрод, М.Танк, П.Пестрак, Г.Камянецкі, М.Модэль, А.Кучар на днях выязджаюць у Беласток, дзе будзе працягнута работа праўлення ССП БССР па прыёму лепшых пісьменнікаў заходніх абласцей, якія творча выявілі сябе, у Саюз савецкіх пісьменнікаў БССР. Некаторыя пісьменнікі ў Беласток выехалі на цягніку, а Купала з Коласам паехалі на машыне Коласа. Разам яны прынялі ўдзел і ў пасяджэнні выязной сесіі Акадэміі навук БССР у Беластоку, дзе абмяркоўваліся пытанні і праблемы развіцця культуры і эканомікі заходніх абласцей Беларусі. Пасля сесіі беларускія песняры сустрэліся са студэнтамі і выкладчыкамі Беластоцкага педінстытута. У сваім хатнім архіве знайшоў згадку ўспамінаў пра сустрэчу Коласа і Купалы ў Беластоцкім педінстытуце. Гэтую згадку некалі мне даслаў краязнавец і музейшчык з Дзятлава Міхась Петрыкевіч (1913-1999), тады студэнт гэтага інстытута. У пісьме Міхась Фёдаравіч прыгадваў наступнае: “Гэта было 14 кастрычніка 1940 года ў горадзе Беластоку. Я тады вучыўся ў Беластоцкім педінстытуце на літаратурным факультэце. Вялікай падзеяй у жыцці інстытута і маім асабістым жыцці была нечаканая першая сустрэча з Народнымі паэтамі Беларусі Янкам Купалам і Якубам Коласам. У Беластоку тады праходзіла выязная сесія АН БССР. На сесіі прысутнічалі і народныя песняры. Калі мы пра гэта даведаліся, то аднадушна вырашылі арганізавааць у інстытуце сустрэчу з паэтамі. Дырэкцыя інстытута падтрымала нашу ініцыятыву. На хуткую руку мы падрыхтавалі невялікі канцэрт, выпусцілі спецыяльны нумар насценнай газеты.