Тут Ігар Жук памыліўся, бо дапаможнік “Выпісы з беларускае літаратуры” Чаржынскі складаў разам з Максімам Гарэцкім і Паўлам Каравайчыкам. Праўда, у Мінску ў 1928 годзе выйшла асобным выданнем праца Уладыслава Чаржынскага “Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі”. І, як піша Аўген Калубовіч у сваёй кнізе “На крыжовай дарозе” (Мн., 1994. С. 87), Чаржынскі з’яўляецца аўтарам “Слоўніка гісторыка-грамадазнаўчых тэрмінаў”.
28 чэрвеня 1930 года Уладыслаў Чаржынскі быў арыштаваны ГПУ БССР па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Па пастанове Калегіі АГПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Праз 4 гады нашага земляка вызвалілі ад высылкі, але рэабілітавалі толькі ў 1988 годзе.
З Татарстана Уладыслаў Чаржынскі на Бацькаўшчыну не вярнуўся. Як вобразна сказаў Ігар Жук, “жыць на мяжы бездані, не трапляючы ў яе”, ён навучыўся ў Казані, працуючы выключна на выкладчыцкіх пасадах у розных навучальных установах сталіцы Татарыі. Прорву, што ўтварылася за час “пяцігадовай высылкі”, а, як аказалася, пераступіць ён не асмеліўся. Іншая і родная сталіца — Менск — аказалася для яго абазначэннем хісткай лёсавырашальнай мяжы, якую, пераступіўшы аднойчы ў адзін бок, назад ужо не пераскочыш. Гэта было б вяртаннем у мінулае, а на этычным узроўні такое вяртанне для Чаржынскага не ўяўлялася магчымым” (Полымя, 1997, № 12).
Так, Уладыслаў Чаржынскі дамоў больш не вярнуўся. Але ці поўнасцю адышоў ён ад літаратурнай і крытычнай дзейнасці — цяжка сказаць. Тым не менш, беларускімі пісьменнікамі і літаратурай ён моцна цікавіўся і тады, калі 40 гадоў жыў у сталіцы Татарстана.
Нядаўна мне ўдалося адшукаць у архівах і музеях Казані цікавыя звесткі пра нашага таленавітага і забытага літаратуразнаўца. У архіве Казанскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта захоўваюцца дзве асабістыя справы Уладыслава Чаржынскага за перыяд 1933-1946 гадоў і 1950-1971 гадоў. Найбольш каштоўнымі дакументамі з’яўляюцца асабісты лісток па ўліку кадраў і характарыстыкі Чаржынскага, розныя загады, справаздачы і выпіскі, фотаздымкі і іншыя матэрыялы. Знойдзена таксама аўтабіяграфія нашага земляка, якая напісаная ім 27 красавіка 1943 года. Звернемся да яе. “Нарадзіўся я ў 1897 годзе ў былой Гродзенскай губерні Сакольскага павета, вёсцы Стара-Каменная ў сялянскай сям’і. У бацькі майго было 5 дзесяцін зямлі, якую ён апрацоўваў сам пры дапамозе сваёй сям’і. Пачатковую адукацыю я атрымаў у народным вучылішчы, пасля заканчэння якога паступіў у Гродзенскую казённую гімназію, дзе і вучыўся да 1914 года (пасля яе эвакуацыі перавёўся ў Менскую гімназію — С.Ч.). Матэрыяльную дапамогу атрымліваў ад старэйшага брата, які знаходзіўся на заробках у Амерыцы. У 1915 годзе мая радзіма была акупаваная нямецкімі войскамі. Я паехаў у Ленінград, дзе і працягваў сваю адукацыю. У 1917 годзе я пераехаў у Менск і да 1920 года працаваў хатнім настаўнікам у Вілейскім павеце. У 1921 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне, якое скончыў у 1925 годзе. У час вучобы ва ўніверсітэце працаваў у беларускім дзяржаўным выдавецтве і выкладаў на рабфаку універсітэта. З 1925 года працаваў у якасці навуковага супрацоўніка ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у Беларускай акадэміі навук. Адначасова выкладаў у Беларускім камуністычным універсітэце. У 1930 годзе я быў адміністратыўна высланы з Менска ў горад Казань тэрмінам на пяць гадоў. У Казані з 1931г. да 1935 года я працаваў метадыстам у Інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і ў Педагагічным інстытуце. З 1933 года па сумяшчальніцтве працаваў выкладчыкам у Казанскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (да 1936 года), а затым да 1940 года штатным выкладчыкам. З 1940 года штатную пасаду выкладчыка займаю ў казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, а ў КДМІ працую па сумяшчальніцтве”.