Выбрать главу

У медыцынскіх навучальных установах Казані Уладыслаў Чаржынскі выкладаў латынь, нямецкую і рускую мовы. Пра гэта гавораць розныя загады і выпіскі з загадаў кіраўнікоў навучальных устаноў Казані. А знойдзеная характарыстыка на выкладчыка кафедры замежных моваў Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута Чаржынскага Уладыслава Вікенцьевіча дае поўнае ўяўленне, што гэта быў за выкладчык і чалавек наогул: “Чаржынскі У.В., які працаваў выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута з 1 верасня 1933 года і вызвалены з працы 1 снежня 1947 года, як сумяшчальнік, у сувязі з яго асноўнай працай у Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, 1 верасня 1950 года быў зноў залічаны выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, дзе і працуе па сённяшні час. Тав. Чаржынскі У.В., кваліфікаваны, вопытны і дысцыплінаваны педагог, адносіцца з любоўю і стараннасцю да сваёй работы. Прымае актыўны ўдзел у метадычнай рабоце кафедры, выступаў на пасяджэннях кафедры з дакладамі па пытаннях методыкі выкладання моў. Чаржынскі У.В. сістэматычна займаецца павышэннем свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню, актыўна ўдзельнічае ў занятках, якія арганізавалі для выкладчыкаў кафедры, хто самастойна вывучае гісторыю СССР. Пастаянна працуе над удасканаленнем сваёй вытворчай кваліфікацыі, прымае ўдзел у рабоце кафедры над складаннем дапаможнікаў па нямецкай мове для медыкаў. Сярод таварышаў па працы і студэнтаў тав. Чаржынскі У.В. карыстаецца заслужаным аўтарытэтам”.

Сярод выяўленых дакументаў ёсць і цікавая выпіска з загада № 91 рэктара Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута ад 19 мая 1967 года. У ёй гаворыцца, што ў “сувязі з 70-годдзем і 45- годдзем педагагічнай дзейнасці, з якіх 35 гадоў аддадзена падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў у Стаматалагічным і Медыцынскім інстытутах Казані, за бездакорную творчую працу, чулыя і прынцыповыя адносіны да студэнтаў старшаму выкладчыку У.В.Чаржынскаму аб’явіць падзяку з занясеннем у асабістую справу. Падстава: прапанова заг.кафедры К.Л.Раскіна. Рэктар інстытута — прафесар Х.Хамітаў”. Дарэчы, у той час у Казанскіх медыцынскіх навучальных установах працавала вельмі многа ураджэнцаў Беларусі, асабліва шмат было яўрэяў. Той самы Канэль Раскін быў родам з-пад Оршы.

У чэрвені 1971 года наш зямляк напісаў на імя рэктара заяву з просьбай “вызваліць ад займанай пасады ў сувязі з адыходам на пенсію”. Тым больш, што яму ўжо было 74 гады. Рэктар задаволіў просьбу Чаржынскага.

У Казані Уладыслаў Чаржынскі пражыў яшчэ тры гады. Яго не стала 2 красавіка 1974 года. Пахаваны ён на казаннскіх Арскіх могілках.

Чаржынскі Купала

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Менску захоўваюцца купалаўскія запісы (адз. зах. 459-461) маскоўскіх і казанскіх тэлефонаў і адрасоў асоб, з якімі паэт быў звязаны па службовых і асабістых справах. Сярод адрасоў знаходжу і каардынаты Чаржынскага: “Чаржынскі. Держинского, 15, кв. .

У лістападзе 1941 года Янка Купала прыехаў у Татарстан і пасяліўся разам з Уладыславай Францаўнай непадалёк ад Казані ў пасёлку Пячышчы ў дырэктара мельзавода І.Я.Наякшына. Тут ён жыў і час ад часу наведваў Казань, дзе спыняўся ў гасцініцы “Татарстан”. З Наякшынымі Купала шчыра сябраваў, яны разам нават сустракалі 1942 год на кватэры Юдзіных у г.Верхнім Услоне.