Васілевіч адчуў: па жылах шпарчэй пацякла-пабегла кроў, а сам ён яшчэ болей узбуджаецца.
— Учора, у Міжнародны дзень работніцы, як я пачуў, былі ўжо не дробныя «хуліганствы» зялёнай моладзі, не «хлебныя жаночыя гармідары», a ўспыхнула ўсеагульная стачка,— урэшце без кепікаў загаварыў Муха,— I вунь пад якімі лозунгамі: «Далоў вайну!», «Далоў голад!», «Няхай жыве рэвалюцыя!» Учора, як кажуць, выйшла на вуліцы больш сотні тысяч чалавек, а сёння, гавораць, можа, вываліць удвая болей...
— Што ты кажаш?! — усклікнуў Васілевіч.— Дык гэта ж новы 1905-ты! Яшчэ адна сутычка з Miкалаем Другім!
— Ды цішэй ты! — устрапянуўся, сыкнуў Муха, з насцярогаю агледзеў ваенны патруль, які стаяў ля афіш гарадскога тэатра i імгненна азірнуўся на Сямёнаў радасны ўскрык.
Прайшлі кавалак Падгорнай, павярнулі на Петрапаўлаўскую вуліцу, шпарка падаліся па ёй.
— Здорава! —усцешыўся Васілевіч.— Вось гэта дык петраградцы! Малайцы!
Ён спяшаўся ісці побач з Мухам, пасля нечакана, як меншы ростам, ткнуўся яму ў плячук, калі той раптоўна запыніў хаду. Зазірнуў у Мухавы глыбокія вочы, убачыў у ix таксама калі не ўзбуджэнне, не радасць, дык ажыўленне.
— Сталіца, мала сказаць, загула, забурліла,— прамовіў Муха.— Сталіца рыхтуецца змяніць уладу...
— Што ты кажаш? — зноў усклікнуў Васілевіч.— I гэта рэальна?
— Які ўжо час, дарагі, ясна: усё ў Расіі ішло, ідзе, з аднаго боку, уніз, а з другога боку, вельмі спрыяльна,— ажывіўся Муха.— Т ы м , х т о х о ч а п р ы й с ц i д а ў л а д ы , ужо няма патрэбы пакручвацца каля цара, клясціся яму ў вернасці, штурхаць яго да прорвы, напышліва прамаўляць у Думе альбо, наадварот, не вытыркацца, ляжаць на глыбіні. Прыйшоў ужо час б р а ц ь у с ё ў с в а е р у к i. Цар, урад, самадзяржаўе не толькі зганьбаваныя, але i абяссіленыя. Усе ўжо ў свеце бачаць: Мікалашка — блазан, варты жалю чалавек, a імперскае нутро ў язвах. Распуцін, «глас божий», «русская душа», усё дабіў. Ён выдатна зрабіў тое, што даручылі яму тыя, х т о я г о н а в у ч ы ў, у с у н у ў у ц а р с к i п а л а ц. Сам жа ведаеш, як нават ужо наш цёмны i верны люд пацяшаўся ca слепаты царскай сям'і, з «прароцтваў» мужыка-шарлатана. I з царскага ўрада заадно: «кувырк-калегія!» «Глас», «душу» звялі ўрэшце, але ж язвы не залячылі. Наадварот, раны яшчэ пабольшалі. Вайна давяла да галечы, разгневала люд, азлобіла армію. Мікалашка схамянуўся, пачаў шаптацца з Вільгельмам, шукаючы паратунку ад выбуху. Гэта ж адразу спажылі прагрэсісты, акцябрысты, кадэты i іншыя апазіцыянеры. Яны хітра ды каварна пачалі пакрыху ліць масла ў агонь i б р а ц ь х о д п а д з е й у с в а е р у к i. Праўда, не зусім рашуча. Як я лічу, такі момант ужо настаў пасля 10 лютага[3] калі Радзянка як старшыня Думы пабываў у Царскім Сяле са сваім «всеподданнейшим докладом». Ён праўдзіва высцябаў урад, найперш міністра ўнутраных спраў Пратапопава, падказваў: Расія «находится накануне огромных событий, исхода которых предвидеть нельзя». Ён прасіў прадоўжыць паўнамоцтвы Думе, бо гэтага хочуць не толькі члены Думы, але i саюзнікі. Іначай, перасцярог, «изнемогая от тягот жизни, ввиду создавшихся неурядиц в управлении, страна может сама стать на защиту своих законных прав. Этого допустить нельзя, это надо всячески предотвратить». Мікалай Другі не згадзіўся. Бачыце, яго народ супраць ЯГО не пойдзе! А на словы Радзянкі: «Нельзя ставить во главу всяких Распутиных, вы, государь, пожнете то, что посеяли» — адказаў: «Ну, бог даст».
«Адкуль ён усё гэта ведае?» — здзівіўся Васілевіч, але слухаў, не перапыняў. Не часта Муха бывае такі гаваркі.
— Вось пасля гэтага зразумелі: трэба Мікалашку турыць, яго немку — у манастыр, a ўладу даць сыну, гэта значыць — апекуну, вялікаму князю Міхаілу Аляксандравічу. Чалавеку разумнаму, рашучаму, з англійскай арыентацыяй. Найбольш відных людзей з «Прагрэсіўнага блоку» ўвесці ў новы ўрад, зрабіць аблягчальныя рэформы — i Расія супакоіцца, i вайна давядзецца да перамогі! Я i думаў: aгa, выехаў Мікалашка з Петраграда ў Магілёў — ну то тут, па дарозе, баця, табе i канцы! Радзянка i генералы выкінуць цябе на сметнік гісторыі! Але ўсё ідзе крыху іначай...
— Але ж невялікія рэформы мала што зменяць i палепшаць, Васіль,— сказаў Васілевіч.— Яны што — скажам, накормяць люд?
— А ты, дарагі, ведаеш, што ў Петраградзе хлеб ёсць? — ухмыльнуўся Муха.
— Як «ёсць»?— здзівіўся Васілевіч.— А з-за чаго тады «хлебныя бунты»?
— Скажу табе нават больш,— той нахіліўся i шапнуў: — Кажуць, некаторыя нашы гандляры прадаюць хлеб, мяса немцам. Праз трэція рукі.
— Што ты кажаш?! — уразіўся, аж жахнуўся Васілевіч.— Для чаго тады такое глумленне, такі здзек?