Выбрать главу

3) Мінскі камітэт Усерасійскага сялянскага саюза, які стаіць на варце інтарэсаў сялянства, будзе весці з гэтымі спробамі бязлітасную барацьбу, бо дзейнасць «Беларускага нацыянальнага камітэта», калі будзе мець поспех, немінуча павінна прывесці да варожасці сярод працоўнага народа i гэтым перашкодзіць яму дабіцца карэннага змянення яго эканамічнага i палітычнага становішча.

4) Гэтую пастанову апублікаваць у газетах i давесці пра яе да ведама Часовага ўрада, а таксама Петраградскага, Маскоўскага i Мінскага Саветаў рабочых i салдацкіх дэпутатаў»[11]

3.

Лашковіч пабываў у роднай вёсцы i прывёз адтуль маці.

Яна праплакала амаль усю дарогу — відаць, ад таго, што пакідае Нёман, дарагія сэрцу i душы вёскі, лугі i лес, знаёмых людзей, у тым ліку i панкоў, яе крыўдзіцеляў. Ён як мог супакойваў старую, аднак яго разумныя суцешвальныя словы, само па сабе зразумела, былі слабейшыя за матчыныя пачуцці, за яе горыч развітання з тым добрым i нядобрым, з чым яна пражыла ўсё сваё жыццё.

У Мінску Лашковіч выйшаў з вагона першы. Знёс хатуль, падаў руку i памог сысці маці — маленькай, тоненькай, у валенках, старым кажушку i хустцы-канаплянцы, здаецца, зусім разгубленай перад незнаемым горадам.

Калі шукаў вачыма вагон, неспадзявана на Петраградскай згледзеў сярэдняга росту Васілевіча, Нямкевіча i высокага, рыжага, у расхлістаным плашчы Шуляка.

Сустрэліся.

— Знаёмцеся, хлопцы: мая мама. Ганна Васілёва,— усміхнуўся лагодны Лашковіч.— А гэта, мама, мае сябры.

Тыя адзін за адным павіншавалі яе з прыездам, паціснулі i пацалавалі руку, ад чаго бедная кабета засаромелася.

— Не палохае, цётка Ганна, наш Менск? — запытаў Васілевіч.

— Надта ж людзей шмат! — адказала тая, з русымі бровамі, з невялікімі невядомага колеру, выцвілымі вачыма, амаль бяззубая.— Hi ў нашай Мікалаеўшчыне, ні ў Стоўбцах гэтулькі люду нямашака.

— Палюбіце, цётка, горад i ўжо хутка здзіўляцца будзеце, як дагэтуль жылі ў вёсцы,— пажартаваў Васілевіч.

— Не, сынок,— уздыхнула тая.— Ад таго, што ў вачах стаіць, ніколі, мусіць, не адвыкнеш...

— Ад таго-сяго трэба i адвыкнуць, мама,— прытуліў яе Лашковіч, зірнуў пільна на ix.— Хваліцеся, што прывезлі з Петраграда...

— Нічога,— пахмурна адказаў Шуляк.

— Чаму? — насцярожыўся ён.

— Ды з намі не захацелі нават знацца,— прамовіў Шуляк.— Патрымалі ў сенцах — дый выгналі...

Лашковіч сцяў губы, прыплюшчана зірнуў паўзверх дамоў. А потым задэкламаваў някрасаўскае:

Я видел красный день: в России нет раба! И слезы сладкие я пролил в умиленье... «Довольно ликовать в наивном увлеченье,— Шепнула муза мне: — Пора идти вперед: Народ освобожден, но счастлив ли народ?..»

— I гэта, Максім, яшчэ не ўсё,— прамовіў Васілевіч.— Ёсць і яшчэ сюрпрызы.

— Якія?

— Ды во,— Шуляк падаў згорнутую газету.

Лашковіч разгарнуў. «Минский голос», ад 6 красавіка. Прабег вачыма абведзенае чырвоным алоўкам. Адчуў: пыхнула гарачыня ў галаву, набухлі скроні, міжволі зажаваў, хоць у роце нічога не было.

— Са Скураным гаварылі? — спытаў.

— Гаварылі,— адказаў Васілевіч.

— Ну й што?

— Усміхаецца. Кажа: «Гэтага трэба было i чакаць. Ясна ж: мы ўсім костка ў горле...»

— Думае пратэставаць?

— Здаецца, не,— тлумачыў усё Васілевіч.— Супакойвае: не зважайце, рабіце сваё. Рана-позна Часовы ўрад нас падтрымае.

— А я лічу: не, нельга маўчаць, цярпець такое. Варта адказаць,— прамовіў запаліста Шуляк.

— Ну, Арсень! — абурана захітаў галавою Лашковіч, прытуліў маці, папрасіў: — Пабудзь, мама, з паўгадзіны во ў гэтым скверыку. Мы зойдзем вось у той дом,— паказаў на вузкую Петраградскую вуліцу.

— Сынок,— затрывожылася тая.— Не лезьце на ражон...

— Не бойся, мама. Мы толькі «пообщаемся».

Пакінулі яе ў неспакоі, закрочылі на Падгорную.

У прыёмнай начальніка міліцыі ix затрымала сакратарка:

— Грамадзяне, таварыш Міхайлаў заняты.

— Зноў — бюракратыя! — абурыўся Лашковіч, з непрыязню акідваючы позіркам новыя плакаты i лозунгі, вывешаныя на сценах.

— У таварыша Міхайлава сялянская дэлегацыя,— патлумачыла маладзіца, занелюбіўшы Лашковічаў рэзкі, нават грубы тон.

Лашковіч змаўчаў, сеў на адно з крэслаў, што стаялі ўздоўж сцен, паклаў нагу на нагу. У гэтую хвіліну яго аж захліствала злосць: ён вымушаны сядзець, чакаць, цярпець, падпарадкоўвацца таму, з кім некалі аднолькава былі бяспраўныя, пакутавалі на катарзе.

вернуться

11

Пераклад на беларускую мову аўтара твора.