Выбрать главу

па-першае, ні ў якую палеміку з гэтымі арганізацыямі не ўступаць і,

па-другое, прапанаваць тав. Міхайлаву ад трацейскага суду, прапанаванага яму панам (...), адмовіцца.

Просім іншыя газеты перадрукаваць[12].

10.

Час, падзеі паспрыялі беларускай справе.

Да слова, ужо ў канцы красавіка, вярнуўшыся ў Мінск, акцёр i рэжысёр Фларыян Ждановіч заснаваў на роднай мове «Першае таварыства беларускай драмы i камедыі» (24 красавіка ў будынку гарадскога тэатра паставілі «Паўлінку»), а пазней пачалі выходзіць газеты: «Вольная Беларусь» — орган БНК, «Грамада» — орган БСГ, а таксама i іншыя выданні.

Як многія зналі, асабіста Фрунзе не замінаў гэтаму.

11.

З дзённіка Сямёна Васілевіча

«27 мая 1917 года

Даўнавата ўжо, болей месяца, нічога не запісваў у свой дзённік. Не толькі не было настрою брацца за пяро, але i жыць...

Разгубіў — не, слова «разгубіў» вельмі лёгкае, на самай справе знявечыў, падсек — наш сялянскі з'езд, што быў у канцы красавіка. Я так чакаў яго, хацеў сустрэцца з пасланцамі тутэйшых вёсак,

пагаварыць з імі пра нашы сумесныя клопаты. Міхайлаў даў мне слова, але толькі я сказаў з трыбуны некалькі фраз, як то тут, то там з залы пачалі выгукваць: «Панский прислужник!», «Блюдолиз!», замінаць гаварыць, a ўрэшце i сагналі з трыбуны.

Як апараны, у вялікай роспачы я выскачыў з гарадскога тэатра, пашыбаваў па Захараўскай куды вочы глядзелі. Толькі ўжо за горадам, у лесе апомніўся: шпару па дарозе на свой Барысаў, за якім, у невялічкай вёсачцы, жывуць мае старэнькія бацькі, сястра i два браты —усе малазямельныя, амаль непісьменныя, спакутаваныя i прыгнечаныя, нават, як кажуць, з забітаю душой. Усім кланяюцца: i пісару, i стражніку, i лекару ды настаўніку, i сваім багацейшым людзям, а сябе прыніжаюць звыш меры— мы ж, маўляў, цёмныя, не раўня некаму... Дык хіба я вораг ім, не хачу для такіх, як яны, лепшай долі? Якая мана i знявага: я, бачыце, панскі халуй!

Крыўдна i балюча, што пасланцы з нашых вёсак ці не разбіраюцца ва ўсім гэтым, ці свядома аддаюць нас на гвалт! Божа, як i чым ix абудзіць, зацікавіць, дабіцца, каб спрыялі? Што такое падакляраваць? Ці ўсё марна? Можа, даўно ўжо наш гаротны селянін змірыўся са сваім лёсам, зняверыўся, што можна штосьці змяніць? А можа, мы памыляемся, чагосьці недагледжваем i таму не трапляем у цэль, не зачэпліваючы людскія розумы i душы? Але дзе, у чым тады, выйсце?

Здаецца, Максім толькі напалову мае рацыю, калі заклікае адабраць руль у Скуранога. Баюся, што i без таго мы мала здзялуем, бо ўсё роўна будзе перад намі глухая сцяна...

...Запыніўшыся ў лесе, карцела павесіцца, як гавораць, скончыць рахунак з клятай рэчаіснасцю, з ілюзіямі, але зірнуў навокал — i зайшлася душа.

Снегу ўжо няма ў гэтым прылеску, цягнецца з зямлі, пышнее зелянота, бярозкі ахуталіся жоўта-зялёненькім дымком, які падзалочвае яркае i цёплае сонца,— як ты пойдзеш ад усяго гэтага?! Ды калі яшчэ ў цябе жонка, дзеці! Які іхні лёс будзе без карміцеля i апекуна! Вялікі ж грэх трэба браць на сябе, на род свой, каб пускаць дзяцей у свет жабракамі!

Адным словам, утрапёна пабег я з лесу ў ненавісны, але i любы горад, во жыву, б'юся як рыба аб лёд, пакрыху супакойваюся. Нават зноў наіўна веру, што дыхаю, працую, раблю сваё недарма, што нешта ўсё ж зменіцца i будзе лепш... Зрэшты, а як жыць без мары, без веры i надзеі? Усё гэта, здаецца, вельмі магутны рухавік, які імкне наперад не толькі нейкую адну асобу, але i ўсе народы, усё чалавецтва...

Сёння вось ужо, як кажуць бюракраты, зноў прыступіў да выканання сваіх службовых абавязкаў. Сустракаўся з адным са сваіх віленскіх знаёмых. Ён, Галубовіч, адвакат, з якім мы ў свой час досыць часта бачыліся ў колішнім беларускім клубе ў Вільні, употай перабраўся сюды праз фронт, заявіўся ў Мінску ў форме капітана рускай арміі, захацеў сустрэцца са мной i як з былым знаёмым, i як з членам тутэйшага камітэта БСГ.

Запрасіў ён мяне на ўскраіну, у незнаемы для мяне чыйсьці дом, дзе ўжо быў Муха. З Васілём госць гутарыў сам-насам, а вось са мною — пры Васілю. Мне здалося, што гэта было не зусім выпадкова, ва ўсім гэтым быў нейкі свой намер альбо хітры ход. Галубовіч, недзе маіх гадоў, рыжы i рабаціністы, вельмі імпазантны ў афіцэрскай форме, сказаў, што прыбыў сюды ад віленскіх Беларускага народнага камітэта i Цэнтральнага саюза беларускіх арганізацый, а таксама i ад «адной падпольнай суполкі», словам, па даручэнні знаёмых мне Лапкінскіх i Стася Лысковіча. Расказаў, што яны там робяць, як ім то замінаюць, то памагаюць немцы, а пасля пачаў вяшчаць, што цяпер усім нам трэба «прапаведаваць ідэю адрыву Беларусі ад Pacii i ўтварэння нашай незалежнай дзяржавы ў блізкім саюзе з Германіяю».

вернуться

12

Гэтая заява апублікавана ў газеце «Минский голос» за 11 мая 1917 года, а таксама ў зборніку дакументаў i матэрыялаў па гісторыі Беларусі «Из истории...», том IV, с. 76-77. Пераклад на беларускую мову аўтара твора.