— Само па сабе зразумела, мы павінны адабраць ад узурпатараў уладу ў Мінску i на фронце, часова ўзяць яе ў свае рукі. Ёсць два шляхі для гэтага. Першы: даць бой Саветам i разграміць ix. Другі: ультыматыўна запатрабаваць ад Савета капітуляцыі. Вось член Франтавога камітэта грамадзянін Штэрн,— паказаў на чарнявага мужчыну, які сядзеў побач са Жданавым,— раіць весці перамовы i гатовы быць паслом паміж намі i гэтым самазванцам Рэўкомам... А што скажаце вы?
Усе прамаўчалі.
— Што параіце вы, пан генерал? — запытаў Калатухін.
— Рашайце вы, палітыкі, самі,—хмурна адказаў Балуеў.— Мы, ваенныя, не хацелі б умешвацца ў вашу фракцыйную барацьбу. Але калі вы рошыце ўжыць сілу, я аддам адпаведны загад.
— Пан генерал! —шустра падхапіўся з першага рада Штэрн.— Па-першае, паасцерагаемся рускага кровапраліцця, па-другое, жорсткасцю мы настроім народ, Расію супраць нас. Па-трэцяе, не забывайма: многія акопнікі сімпатызуюць бальшавікам...
— Дазвольце! — рэзка падняўся грузны Доўбар-Мусніцкі, зірнуў на генерала Балуева.— Выбачайце, ваша высокаправасхадзіцельства, цяпер армія не павінна быць убаку, аддаваць Расію злыдням. Карацей, не трацьма час на дыскусіі! Сілаю адбірайма ўладу! Не боймася праліць чужую, чорную кроў! Давайце ратаваць ад бальшавікоў i край, i Петраград, i Расію!
— У нас хопіць сілы i мірна супакоіць ix,— сказаў Жданаў.
— Паўтараю, не марудзьма! — стаяў на сваім Доўбар -Мусніцкі.
— Паны! Грамадзяне! — напужаўся Штэрн.— Першы ж наш стрэл можа ўчыніць непапраўнае ўжо... Гэта — грамадзянская вайна!
— Забалбочам рэвалюцыю! — са злосцю махнуў рукою Доўбар-Мусніцкі і, сеўшы, аж уз'юшыўся:— Языкачосы! Чыстаплюі!
— Што ж, давайце галасаваць, хто за што,— прамовіў Калатухін.
Калі прагаласавалі, то выйшла, што тых, хто быў за перамовы, налічылася больш. Штэрну даручылі пад'ехаць у Рэўком, расказаць там пра ўсё, што тут адбываецца, i запрасіць сюды ўсіх рэўкомаўцаў для перамоў[15]. Пакуль той быў у адлучцы, пачалі ўсе разам складаць ультыматум Рэўкому.
Калі яго склалі, зрабілі невялікі перапынак, пакуль не прыйшлі ca Штэрнам Мяснікоў, Ландар, Калмановіч, Крывашэін, Рагазінскі, Фамін, Селязнёў, Фрэйман i іншыя (не знаёмыя Лашковічу) людзі.
Праз гадзіну-другую, пасля дыскусій i спрэчак, пагадзіліся:
1) «Камітэт ратавання» не прызнае ўтворанага ў Петраградзе Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта i не падпарадкоўваецца яму;
2) «Камітэт ратавання» прызнае, што пытанне пра ўладу рашаецца не ў Мінску i не на Заходнім фронце, a ў сталіцах;
3) «Камітэт ратавання» не пасылае ўзброеных часцей на Петраград i Маскву i не прапускае такія праз Мінск;
4) «Камітэт ратавання» прызнае амністыю палітычных арыштаваных, праведзеную Мінскім Саветам, але раззбройвае ix;
5) Мінскі Савет пасылае ў «камітэт ратавання» двух сваіх пасланцоў (Алібегава i Пярно) да таго часу, пакуль той не будзе пасылаць войск на Петраград;
6) «Камітэт ратавання» часова бярэ ўладу на Заходнім фронце. У камітэт уваходзяць па два дэлегаты ад грамадскіх арганізацый i палітычных партый Мінска i ваколіц[16].
Калі рэўкомаўцы, змусіўшы захвалявацца, запунсавець i іншых, выйшлі, то старшыня «камітэта ратавання», Калатухін, задаволена ўсміхнуўся:
— Ну што ж, віншую вас, паны i грамадзяне, з перамогаю!
Пасля, калі выходзілі з залы, у гамане i гудзе Доўбар-Мусніцкі незадаволена сказаў Скураному i Лашковічу:
— Не веру я бальшавікам! Яны столькі чакалі свайго часу не для таго, каб вось гэтак легка адступіць!
— A ці так ужо, э-э, шмат ідзе за імі, Іосіф Раманавіч?—ухмыльнуўся Скураны.— Можа, мы перабольшваем іхні ўплыў, іхнюю моц? Ці не самі наганяем на сябе страх?
— Усё роўна трэба было падсекчы ix пад корань...
— Не тыя цяпер часы, э-э, каб сячы з-за пляча, Іосіф Раманавіч! — зморшчыўся Скураны.— Паднімі, узмахні толькі дубінаю — дык такі можа лямант пачацца, што дзесятаму закажаш...
...Пад самы вечар, калі праехаўся са Скураным i пабыў у яго дома, пагаварыў, што ім i як рабіць далей, Лашковіч вяртаўся дахаты.
Ідучы паўз Саборную плошчу, убачыў: яна паступова пусцее, ачышчаецца ад гармат, кулямётаў i конніцы; кавалерыйскія i казацкія часці выводзяцца з вуліцы i хаваюцца па дварах; а затым згледзеў, што савецкія каравулы пакідаюць пасты, што дагэтуль ахоўвалі, i сцягваюцца ў свае баракі перад Саветам на Каломенскай вуліцы, замест ix становяцца казакі.
15
В. Кнорын ва ўспамінах «Октябрьские дни в Белоруссии и на Западном фронте» пісаў: «Узброенае крывавае сутыкненне паміж дзвюма сіламі, што вялі барацьбу, ...здавалася непазбежнае. Але тут заявіліся «героі адзінага сацыялістычнага фронту» на чале з А. Б. Штэрнам... i прапанавалі сваё пасрэдніцтва, каб прадухіліць кровапраліццё i грамадзянскую вайну — i на гэты раз (міжволі) саслужылі добрую службу рэвалюцыі».