Ix доўга не было. Пасля, пад апоўнач, калі яны вярнуліся, ад ix мы ўведалі: пікеты ў горадзе выставіў не Мінскі Савет, а — самачынна 37-мы полк. Камісар гэтай часці зрабіў такое для самаабароны: яго хтосьці перасцярог, што «на Савет i на яго войскі збіраецца наступаць «камітэт ратавання». Цяпер, калі пагаварыў з Алібегавым i Мікалаевым, пікеты з горада забірае.
Пасля гэтай весткі ажыятаж у зале спаў. Але калі Мікалаеў да слоў Алібегава дадаў, што агульны сход 37-га палка адмовіўся прысягаць «камітэту ратавання» i «прыняў рэзалюцыю ў савецкім духу», сход узбудзіўся зноў i пастанавіў: полк Мінскага Савета раззброіць. Алібегаў i Пярно былі рашуча супраць гэтага. Ім страціць ваенную сілу — значыць страціць цяпер кантроль за ходам падзей...
30 кастрычніка
Сёння зноў страсна, з крыкамі i лаянкаю задыскутавалі пра Рэўком. Ён, як заявілі эсэры I меншавікі, мірны толькі на словах, рыхтуе грамадзянскую вайну. Як яны ведаюць, Рэўком паслаў на фронт бальшавікоў Фаміна, Шчукіна, каб тыя ўпотай перамовіліся з палкамі, настроенымі па-бальшавіцку, прывялі ix у Мінск i расправіліся з «камітэтам ратавання».
Алібегаў i Пярно, падоўгу красамоўнічаючы (відаць, цягнулі час i тлумілі галаву), даказвалі, што ні Савет, ні Рэўком не парушаюць пагаднення, толькі сочаць за «чарнасоценнымі элементамі контррэвалюцыі»,— яна, як лічаць яны, цяпер вельмі небяспечная, нават смяртэльна пагражае не толькі Савету i Рэўкому, але i «камітэту ратавання». А што датычыць таго, што яны паслалі на фронт вярбоўшчыкаў сілы, то гэта няпраўда.
— А дзе ж вашы Фамін, Шчукін? — закрычалі ім з залы.
— Хіба хто-небудзь з вас не бачыў ix сёння? — усміхнуўся Пярно.
— Не.
— Яны ў Мінску, мы можам ix паклікаць[17].
— Паклічце!
— А што гэта значыць — «чарнасоценныя элементы»? — запытаў Вайнштэйн.
— Па меркаваннях канспірацыі, даць інфармацыю мы можам толькі канфідэнцыяльна некаторым членам прэзідыума «камітэта ратавання»...— адказаў Алібегаў.
— Лухта! — ухмыльнуўся Жданаў.— Вы хочаце накіраваць нас па лжывым следзе!
Рашылі: Рэўком распусціць.
Алібегаў i Пярно былі рашуча супраць гэтага...
2 лістапада
У «камітэце ратавання» перапалох: бальшавікі ашукалі!
Выходзіць, яны сапраўды ўпотай паслалі сваіх агентаў на фронт, i, пакуль ix дэлегацыя загаворвала тут усім зубы, яны сагітавалі многія часці (60-ты сібірскі полк) i, галоўнае, браняпоезд.
Гэты браняпоезд — кажуць, на чале з бальшавіком Пралыгіным,— як яму ні замінаў Калатухін (ён сам выязджаў са штабным афіцэрам на аўтамабілі, каб на 712-й вярсце падарваць рэйкі), прычухкаў у Мінск у ноч з 1 на 2 лістапада. Яго гарматы i кулямёты адразу ж паднялі дух, далі моц Мінскаму Савету, a многіх з «камітэта ратавання» змусілі не толькі пацішэць, але i панікнуць. «Правыя» з адчаем i злосцю накінуліся на «левых», што якраз тыя «сваім міратворніцтвам» перашкодзілі своечасова перамагчы.
Яшчэ болей панікнулі ўсе камітэтчыкі пасля полудня, калі ўведалі: Керанскі не здолеў сабраць ваенную сілу i павесці яе на Петраград — значыць, Часовы ўрад пацярпеў поўнае фіяска.
Пад вечар Алібегаў i Пярно з усмешкамі пакінулі «камітэт ратавання», сказаўшы, што «ім тут ужо няма чаго рабіць».
Бальшавікі пачалі наступаць. Сёння іхняя фракцыя Франтавога камітэта апублікавала сваю заяву пра яго: «Мы адкрыта заяўляем, што ў гэтыя адказныя дні рускай рэвалюцыі Франтавьі камітэт здрадзіў Мінскаму Савету i Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту, ён здрадзіў фронту, ён здрадзіў Саветам, здрадзіў рэвалюцыі. Ён часова выратаваў контррэвалюцыйнае гняздо фронту — штаб, выратаваў агентаў Керанскага, камісараў. Такі Франтавы камітэт не можа лічыцца прадстаўніком салдат фронту! (...). Далоў Франтавы камітэт! Няхай жыве новы рэвалюцыйны Франтавы камітэт!»
Гэты ваенны i агітацыйны бальшавіцкі націск у канцы дня ўжо не толькі ашаламіў, глыбока разгубіў «камітэт ратавання», але, трэба сказаць, разбурыў яго, як няўдалую складню дроў. Дзе i дзелася яго красамоўства, пасыпаліся спрэчкі паміж сабою, нараканні на «няверных» бальшавікоў — i, як трэба было чакаць, у горадзе i за горадам увачавідкі пачалі адколвацца, пераходзіць на іншы бок роты i батальёны дагэтуль адданых камітэту часцей.
Позна ўвечары я цішком выйшаў з залы «камітэта ратавання», каб болей сюды не заходзіць. Патраціў толькі некалькі дзён дарма. Гудзіць галава ад шуму-крыку, а толку ад усяго гэтага ніякага. Вось што такое словаблуддзе! Як ні горка, але трэба прызнацца: мелі рацыю Ландар i Мяснікоў, перасцерагаючы, што мяне ўцягваюць у балота вартыя жалю людзі альбо свядомыя двудушнікі!..
17
На гэты конт I. Я. Алібегаў ва ўспамінах «Под знаменем большевиков» пісаў: «Канечне, мы выдатна ведалі пра паездку таварышаў на фронт па ўзброеныя сілы i намагаліся ўтаіць гэты факт».