Выбрать главу

У гэтую хвіліну (што, можа, убачыў i Фрунзе) у прэзідыуме Шчэпкін нахіліўся да Самойленкі i запытаў:

— Якая ваша думка, пан Самойленка, пра гэтага малайца?

— Кажуць, інтэлігентны, смелы, рашучы,— адказаў той.— Ва ўсякім разе сённяшнюю аперацыю правёў спрытна.

— Ці не гатовы начальнік міліцыі?

— Але мы не ведаем, пан Шчэпкін, яго палітычныя погляды, чалавечыя якасці...

— Мне падабаецца гэты маладзец, пан Самойленка. Падумайце пра яго, улічыце, што наш галава князь Львоў вельмі прыязны да земскіх служачых...

Самойленка змаўчаў, добра не паказваючы, згадзіўся ён ці не[5].

— Сёння, грамадзяне, мы ўсе разам павінны пагаварыць пра новы лад i пра новую ўладу ў Мінску i краі,— гэтак жа ўпэўнена прадаўжаў Фрунзе.— Народ у гэты гістарычны час, час змен i перабудовы, чакае не столькі прыгожых слоў, балбатні, тым больш не тайнай абароны старога, a спраў, i спраў новых, дзелавых. Пра гэта трэба добра памятаць i прававому органу, што будзе ўтвораны сёння, i органу народнай улады, які ўзнікне заўтра-паслязаўтра. Іначай усё будзе пустым гукам, падманам, нават здрадай i рэвалюцыі, i народу... А што ў нас тут адбываецца ў вярхах? Давайце паразважаем хоць бы па той цэнзуры, якую ўвёў генерал Эверт, альбо па той місіі, якую выконвае пан Самойленка, раз'язджаючы па горадзе i запыняючы маніфестацыі? Відавочнае, грамадзяне, імкненне жыць па-старому, замаўчаць, прынізіць рэвалюцыю. Бачыце, у Петраградзе адбыўся невялікі бунцік, але яго суцішылі, так што, людзі, не падымайце галавы, працуйце, лепшага не чакайце...

Пры апошпіх словах Самойленка апусціў галаву; зала затаіла дыханне: як заўважаў Васілевіч, люд на сходах не любіць нудных, з увагаю слухае смелых альбо жартаўлівых. Вось пэўны гурт прыязна запляскаў Фрунзе.

— Народ верыць: не будзе ніякай спробы захаваць манархію альбо спробы абмежавацца паўмерамі. Народ марыць пра справядлівы лад, пра мір. Адпаведна, рэвалюцыя, як мы лічым, ужо не закончылася. Яна павінна яшчэ развівацца...

— Хто гэта — вы? — падаў голас з прэзідыума эсэр Шумскі.

— Найбольш свядомыя i па-рэвалюцыйнаму настроеныя людзі.

— О-го-го! — пакпіў Шумскі.— Дарэчы, інтарэсы якой партыі вы прадстаўляеце?

— Кажу ж, самай свядомай,— павярнуўся да прэзідыума i ўсміхнуўся Фрунзе.

У гэты час ужо Самойленка нахіліўся да Шчэпкіна.

— Ваяўнічы дэмагог! — шапнуў. Канечне ж, помсціў.

— Малады, гарачы...— усміхнуўся Шчэпкін,— A маладосці, пан Самойленка, уласцівы энтузіязм, пафас, максімалізм...

Самойленка замаўчаў i насупіўся.

Калі Фрунзе сыходзіў ca сцэны (ішоў пад воплескі), Муха нахіліўся i шапнуў Васілевічу:

— Выступі. Скажы пра наш боль. Якраз спрыяльная часіна загаварыць i пра гэта. Праверым, як хто рэагуе... Толькі будзь разважлівы, гавары коратка.

Васілевіч здзівіўся, што Муха натхняе яго на такі крок, але паслухаў, ускінуў угору руку — дайце, старшыня, слова мне.

Далі.

Васілевіч рушыў да сцэны. I прэзідыум, i зала пільна азіралі яго: што за птах такі? У яго ж шалёна затрапяталася сэрца. Ад хвалявання. Першы ж раз будзе выступаць на такім вялікім i важным сходзе i гаварыць пра тое, пра што даўно ўжо нават не заікаліся альбо гаварылі нясмела.

Калі стаў за трыбуну, дык аж разгубіўся: колькі галоў у зале! Як учэпіста пазірае на яго мноства вачэй!

— Я — Сымон Васілевіч, земскі служачы, журналіст. Запрошаны сюды прадстаўляць сваіх землякоў,—загаварыў ён па-беларуску, i гэта запаліла ўвагу да яго.— Мы шчыра вітаем падзенне тыраніі, мы страсна хочам, каб наша грамадства, наш лад абнавіліся. Але я мушу сказаць: дэкларацыя новага ўрада на слых гучная, прыгожая, а на справе сапраўды, мякка кажучы, стрыманая...

Перавёў дыханне. Адчуў: не хапае духу, каб ясна разважаць i гаварыць. Пыхнула гарачыня, ад яе, мусіць, зачырванеліся шчокі. Забалеў жывот. Мусіць, ад моцнага хвалявання.

Зала слухала; Васілевіч, каб узяць сябе ў рукі, намагаўся не пазіраць на ўсіх, a выхапіў позіркам старога лысага чалавека, які сядзеў на першым радзе сярод старых, сівых альбо i гэтакіх жа лысых людзей і, прыклаўшы руку да вуха ды паўразявіўшы рот, «еў» яго вачыма.

— Некаторыя тут гаварылі: цяпер нам найперш трэба еднасць, спакой, мірная праца,— зноў загаварыў ён.— Хто ж супраць? Канечне, усё гэта трэба.

Але за які кошт гэта будзе набывацца? Мы, нацыянальныя меншасці, чакалі ад рэвалюцыі, ад новага ўрада не толькі спачування, але i большага. Ды ў дэкларацыі сказана вельмі мала i туманна пра нацыянальнае пытанне. Нават пра тое, ці здымуць урэшце ганебную забарону, скажам, з нашай роднай мовы... A ці можна лічыць рэвалюцыю прагрэсіўнай, калі яна не дбае пра прыгнечаныя народы, хоча па-ранейшаму трымаць ix у няволі, рабстве, даводзячы да асіміляцыі альбо вымірання?!

вернуться

5

«Как он (Шчэпкін), будучи здесь в первые дни революции, мог участвовать в этой «складчине», которая подарила нашему городу в начальники милиции г. Фрунзе (Михайлова) ?»— пазней абураўся Б. Самойленка, папракаючы петраградскага госця за тое, што той настойваў на назначэнні М. В. Фрунзе, не ведаючы, што апошні быў членам партыі бальшавікоў.