— Брава! — крыкнуў з залы Шуляк.
— Я думаю, пасланцы нашых суседзяў i братоў, якія сядзяць у гэтай зале (рускія, украінцы, палякі, літоўцы, латышы, яўрэі i іншыя), разумеюць мяне...
— Брава! — ужо выкрыкнуў з залы Пятлюра.
Услед за воклічамі Васілевіча перапынілі. Воплескамі. Спачатку ён аж разгубіўся: можа, зганяюць з трыбуны? Пасля ўбачыў: не, даволі значны людскі гурт якраз падтрымлівае. Хоць многія, як i ўвесь прэзідыум, сядзяць абыякавыя, нават акамянелыя.
— Вы што — хочаце разарваць Расію на часткі? — падаў у цішыні голас госць, Шчэпкін.
— Я жадаю Расіі i яе слаўнаму народу толькі дабра,— Васілевіч надзіва не збянтэжыўся, не збіўся.—Але я хачу, каб мой бацька, я людзьмі зваліся, каб быў шчаслівы ўвесь мой працавіты, шчыры i сціплы народ...
— Які гэта яшчэ ваш асобны народ?
— Беларусы.
— Не ведаю такой краіны з такім народам...
— Калі не было, дык цяпер павінна з'явіцца. I рэвалюцыя, калі яна сапраўды будзе рэвалюцыяй, павінна памагчы нам, шматмільённаму народу, у гэтым...— адказаў Васілевіч.
Яго зноў ухвалілі воплескамі. Праўда, адны i тыя ж людзі.
— Цяпер вельмі модны тэзіс: воля, роўнасць i братэрства,— сказаў на заканчэнне Васілевіч.— Дык вось я за тое, каб гэты тэзіс быў не на словах, a i ў жыцці! Веру, што ў новыя кіруючыя органы ў Мінску i ў краі павінны трапіць i мы, мясцовыя. Ніхто ж не стане i цяпер сцвярджаць, што мы народжаныя быць толькі парабкамі, карміцелямі сваіх гаспадароў... [6] Адпаведна, мы i самі цяцер павінны актыўней падключацца да палітычнай дзейнасці...
Калі вяртаўся на сваё месца, дык тыя пажылыя мужчыны i маладыя хлопцы, якія ляскалі яму, падхопліваліся, паціскалі рукі.
— Малайчына! — пахваліў яго сёння i Муха, моцна паціснуў за калена (можа, каб ніхто не ўбачыў яго ўхвалення).— Я нават не спадзяваўся, што ты так удала выступіш...
Васілевіч быў п'яны ад сходу, ад свайго выступлення. Шчаслівы. Як ніколі ў жыцці. Нават верыў: тое, пра што ён сказаў, не толькі многім шчыра запала ў сэрца, але i збудзецца. Шчырыя, эмацыянальныя людзі па-свойму нешчаслівыя, але i па-свойму вераць ва ўдачу, маюць радасць.
Пасля выступалі іншыя. Эсэр Шумскі вітаў падзенне манархіі, пафасна, але i вельмі заблытана гаварыў пра сялян i іхнія клопаты; Пятлюра вітаў Часовы ўрад, але заадно падтрымаў i Васілевіча; Бжэзіньскі таксама ўхваліў новую ўладу i шмат гаварыў пра далейшы польскі лёс, пра Васілевічава выступленне не сказаў ні слова; акцябрыст Сядых усхвалявана i страсна лашчыў пачутую сёння дэкларацыю, а пад канец прамовы рэзка лупцаваў Пятлюру, Бжэзіньскага i Васілевіча за «перевес личного чувства над общественным», за «местничество», за «неумение или нежелание в этот ответственный момент чувствовать общую боль, прилагать честно и самоотверженно все силы для общего блага».
— Па-вашаму, мы абавязаны адчуваць толькі ваш вялікі боль, дбаць толькі пра ўсіх!!! — падхапіўся i падсек прамоўцу акрылены, а заадно i абураны Васілевіч.— А чаму вы, вялікія, абыякавыя да нашага болю, да нашай бяды? Мы што — заложнікі для вашага шчасця?!
Яго рэпліку падтрымалі прыхільна настроеныя людзі. Воплескамі i ўхвальным гудзеннем.
— Вы прапаведуеце страсці-мардасці, малады чалавек! — агрызнуўся Сядых.
— Не, паважаны пан,— зноў не выцерпеў, укалоў Васілевіч.— Калі i раскладаю касцёр, дык толькi для таго, каб сагрэцца...
Урэшце, калі ўсе ахвотнікі прамовілі, агулам прынялі адозву да грамадзян, ухвалілі склад грамадскага камітэта пры грамадзянскім каменданце Мінска Самойленку. Пасля, узбуджаныя, пачалі разыходзіцца.
Васілевіч нават не заўважыў, як у шматлюдным натоўпе каля яго апынуўся пачырванелы ад напругі Скураны. Ужо не такі важны i ў той жа час гулліва прасцяцкі, як раней, a нібы ўпершыню за час знаёмства разгублены.
Стомлена, шырока раскідаючы ногі, затупаў побач па светлым калідоры. Расслабіўся, дык абвіс яго даволі важкі жывот.
— Віншую, спадар Сымон! — падаў руку.— Хораша выступілі i добра хуліганілі рэплікамі.
Пасля, калі ўзяў яго пад руку, вывеў з гурту цікаўных разявак i апынуўся сам-насам, нібы апраўдаўся:
— Разумееце, э-э, я не мог выступіць на роднай мове альбо востра. Я афіцыйная асоба, мне няможна быць неабачлівым. Ды тут сядзеў Шчэпкін... Э-э, небяспечна сярдзіць Петраград. Абы ледзь-ледзь будзе яму не па гусце, дык ён адразу пачне папікаць за экстрэмізм, месніцтва альбо i за нацыяналізм... I не толькі ківаць пальцам... Іншая справа — вы... Вы, э-э, як кажуць, вольны казак, а вольнаму казаку закон не пісаны...
6
Ca зборніка «Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР», Мн., 1954, т. 4, с. 29, пра гэты сход i наступныя дні, падзеі ў Мінску: «Во всех выборах резко проявлялось стремление разграничить представительство по национальным группам населения (русские, поляки, евреи, белорусы). Далей гэтае выданне будзе называцца скарочана: «Из истории...»