Бліжэйшыя памочнікі, Ландар, Кнорын, Магілеўскі, Фамін, Позерн, Алібегаў, прыязна ўсміхнуліся, а вось іншыя, тыя, хто яшчэ на днях нічога не ведаў пра яго, зірнулі ўчэпіста i, здаецца, ca здзіўленнем: вось які ён, наш важак, герой першых рэвалюцыйных дзён у Мінску! Зусім звычайны: сярэдняга росту, без вялікай мужчынскай сілы, лагодны, нават жартаўлівы на выгляд, але здаецца, з вялікім душэўным агнём, з надзвычай пільным i разумным позіркам! I ён з цікаўнасцю агледзеў незнаемых маладых i пажылых мужчын у шынялях, рабочых куртках, у паліто: вось якія вы, наша апора! Упершыню ж яны сабраліся такім чынам — адкрыта, усе разам!
«Ды тут ужо каля сотні байцоў!» — успешна падумаў ён, падміргнуўшы знаёмым дружыннікам, Феліксу Шломскаму i Петрусю Супраневічу, якія добра памагалі разганяць стары тутэйшы паліцэйскі апарат, заслужылі, каб ix прыняць у партыю. У іхняй групе яны могуць стаць першымі мясцовымі бальшавікамі.
Па меры таго як Фрунзе ішоў наперад, у канец залы, прысутныя ўставалі i пачыналі апладзіраваць. Запыніўшыся i павярнуўшыся, ён таксама некалькі хвілін моўчкі паапладзіраваў разам з усімі, адчуваючы вялікае ўзрушэнне: калегі па партыі ўслаўляюць рэвалюцыю, іхні, мінскі, поспех!
Пасля, павіншаваўшы ўсіх са слаўнай перамогай над царызмам i пачакаўшы, калі заціхнуць воплескі, прамовіў:
— Ну, а цяпер давайце правядзём наш першы агульны легальны сход, разам памяркуем, што i як рабіць далей. Як i трэба, выберам спачатку рабочы прэзідыум...
— Міхайлаў! — адразу некалькі галасоў у зале выгукнулі яго прозвішча.
— Мяснікоў!
— Ландар!
Калі абралі прэзідыум, сход павёў Мяснікоў i даў слова яму.
Ён, ведаючы, што некаторыя яшчэ мала ведаюць пра петраградскія i мінскія падзеі, расказаў, што i як адбывалася.
— Таварышы! — падняў галаву, акінуў усіх чэпкім позіркам, радуючыся, што слухаюць вельмі ўважліва.— Мы, рэвалюцыянеры, можам радавацца, нават цешыцца слаўнай перамогай, але мы не павінны, не маем права заспакоіцца. Наперадзе ў нас яшчэ вельмі шмат работы. Ужо сёння, ужо вось тут нам трэба заснаваць Мінскі Савет рабочых дэпутатаў, выбраць яго Часовы выканаўчы камітэт. Калі ў Петраградзе лідэрамі Савета сталі меншавікі i эсэры, то тут утварыць, павесці за сабой Савет можам мы. Думаю, няма патрэбы шмат красамоўнічаць пра тое, што гэта можа значыць не толькi для нас, але i для лёсу ўсёй рэвалюцыі...
— Але пачакайце! — з сярэдзіны залы падняўся высокі вусаты мужчына ў чорнай куртцы.— Тут няма модуса прадстаўніцтва... Мясцовыя меншавікі, эсэры, а таксама рабочыя могуць апратэставаць, не прызнаць наш Савет...
— Могуць,— не збянтэжыўся Фрунзе.— Калі мы будзем марудзіць i памыляцца. Але мы, кажу, не маем права лавіць варон. Мы заснуём Савет i пойдзем на заводы, на фабрыкі, у майстэрні — праводзіць сходы i выбіраць дэпутатаў у Савет. Калі ў Савет трапіць шмат нашых таварышаў альбо тых, хто нам спачувае, то, паўтараю, мы тут будзем мець наш народны орган... Старшынёй Часовага выканаўчага камітэта я раю выбраць Барыса Позерна — члена РСДРП з 1902 года, вопытнага рэвалюцыянера, аўтарытэтнага тут земскага службоўца...
— Усё ж рызыкоўна гэта! — падняўся незнаемы прысадзісты вайсковец у канцы залы.— Варта было б параіцца з лідэрамі эсэраў i меншавікоў.
— Рызыкоўна было, таварыш, i раззбройваць нашымі сіламі паліцыю,— адказаў Фрунзе.— Але Мінск ухваліў нас, a ўлады мусілі згадзіцца. Тое ж i тут. Будзем рабіць усё хутка, шчыра, пераканаўча — рабочыя пойдуць за намі. Калі ж, паўтару, пачнём вычэкваць, траціць час на ўзгадненні — упусцім спрыяльны момант...
Пасля выступілі некаторыя партыйцы i беспартыйныя з залы. Шмат хто з ix быў супраць таго, каб ужо на гэтым сходзе ўтварыць Савет. «Нас, бальшавікоў,— гаварылі яны,— папракнуць ва узурпацыі». Мяснікоў, Магілеўскі, Крывашэін страсна i палымяна даказвалі, што небяспечна спазніцца хоць на адзін дзень, трэба ўжо сёння аб'явіць Мінску, што «фармуецца яго народны орган».
Калі прагаласавалі, то большая палова прысутных была за тое, каб гэты агульны бальшавіцкі сход лічыць i ўстаноўчым сходам Мінскага Савета i каб тут жа выбраць яго Часовы выканаўчы камітэт. На пасаду старшыні вылучылі Позерна, яго намеснікамі — Любімава, Фрунзе, членамі камітэта — Магілеўскага, Крывашэіна i іншых.
Калі той-сёй з Часовага выканкома пайшоў на заводы праводзіць сходы i выбіраць дэпутатаў у Савет, каб ужо заўтра ж правесці першае пленарнае пасяджэнне Савета[7] а той-сёй пачаў ужо дбаць пра першы нумар «Известий Минского Совета рабочих депутатов», Фрунзе ў гэты ж дзень, у чатыры гадзіны вечара адкрыў яшчэ адзін сход — сход служачых i рабочых прадпрыемстваў, падначаленых франтавой арганізацыі Усерасійскага земсаюза. Ён жа выступіў з дакладам «О текущем моменте», тут жа аб'явіў пра нядаўні партыйны сход i пра аб'яўлены на ім Мінскі Савет. Большая палова рабочых i служачых ухвалілі новую ўладу ў горадзе. Пасля гэтага сходу ў горадзе адбылася даволі вялікая маніфестацыя. Да паўтары тысячы рабочых майстэрань i фабрык прайшлі па Захараўскай вуліцы з чырвонымі сцягамі i рэвалюцыйнымі воклічамі. Як i задумалі загадзя, маніфестацыю ахоўвалі дружыннікі.
7
Першае пленарнае пасяджэнне Мінскага Савета адбылося 5 сакавіка. Паколькі выбары дэпутатаў яшчэ не закончыліся, Савет прадоўжыў паўнамоцтвы Часовага выканаўчага камітэта, уключыўшы ў яго склад прадстаўнікоў меншавікоў i Бунда. Да 6 сакавіка адбыліся выбары салдацкіх дэпутатаў. У гэты ж дзень на сумесным пасяджэнні стварылі адзіны Савет рабочых i салдацкіх дэпутатаў. 8 сакавіка Мінскі Савет сабраўся як вышэйназваны орган. На пасяджэнні выбралі Выканаўчы камітэт у складзе 22 чалавек. На гэтым працэс фарміравання Савета рабочых i салдацкіх дэпутатаў у Мінску завяршыўся.