Пад вечар Фрунзе рушыў да губеранскай земскай управы.
У цагляны трохпавярховы, з вузкімі, але прыгожа аздобленымі вокнамі будынак, каля паўкруглага ўвахода ў які вісела белая паперына з надпісам «Гражданский комендант города Минска», яму перагарадзіў дарогу вінтоўкаю пажылы вусаты салдат.
— Нядаўна, дружа, у Мінску ўтварыўся Савет рабочых дэпутатаў,— спакойна сказаў яму Фрунзе.— Ён даверыў нам уручыць пану каменданту пастановы i рашэнні. Так што прашу прапусціць нас.
Салдат, з павагай акінуўшы позіркам яго афіцэрскую форму, а таксама i дружыннікаў — саліднага Клёнава, маладых шпаркіх Шломскага i Гердта ў чорных скураных куртках i пры чырвоных павязках, Соню ў чорным паліто i берэце, падняў вінтоўку i адступіў.
Яны гуртам увайшлі, падняліся па шырокай, з рудымі парэнчамі лесвіцы на другі паверх i па доўгім калідоры наблізіліся да шырокіх, на дзве палавіны, філянговых дзвярэй з шыльдачкаю, на якой было напісана гаспадарова прозвішча.
У прыёмным пакоі нікога не было. Нa стале красавалася масіўная чорная пішучая машынка, ляжаў стос паперы. Фрунзе адчыніў адны, другія дзверы ў іншы, начальніцкі, кабінет i зайшоў туды — у прасторны, абабіты па падаконніку паркетнаю жоўтаю дошчачкаю, а вышэй паклеены прыгожымі, пад дрэва, шпалерамі пакой. У канцы яго, за шырокім сталом з мноствам пісьмовых прыбораў, з тэлефонам сядзеў знаёмы Самойленка. У акулярах. Угнуўшыся, штосьці пісаў. Над ім на сцяне святлелася вялізная пляміна — яшчэ нядаўна там, канечне ж, вісеў партрэт Мікалая Другога.
Самойленка падняў галаву i зняў акуляры.
Фрунзе павітаўся. Пачціва. Самойленка адказаў стрымана, зірнуў стомлена і з незадавальненнем. Махнуў рукой: садзіцеся.
— Пан камендант,— адразу афіцыйна загаварыў Фрунзе.— Сёння, як вы ўжо, мусіць, ведаеце, у Мінску ўтварыўся Савет рабочых дэпутатаў, выбраны яго Часовы выканком. Яго старшыня — земскі служачы Барыс Позерн, адзін з яго таварышаў — я, ваш слуга... I яшчэ. Мяне параілі на пасаду часовага начальніка гарадской міліцыі. Вось,— падаў,— спецыяльна для вас падрыхтаваныя паперы, падпісаныя Позернам...
Самойленка ўзяў, начапіў акуляры, апусціў галаву i ўважліва паглядзеў на паперыну ад новага для яго органа. Зморшчыў лоб i чамусьці пачаў мацаць, круціць кончык кірпатага носа.
— Ліхаманкавую дзейнасць разгарнулі вы тут...— здаецца, без ніякай радасці прамовіў ён.
Прачытаў, ухмыльнуўся:
— Калі члены Часовага выканкома Савета, як мне сказалі, усе бальшавікі, то i вы, выходзіць, бальшавік?
— Для вас гэта вялікі сюрпрыз? — усміхнуўся Фрунзе.
— Сюрпрыз,— адказаў той.— Але яшчэ большы сюрпрыз будзе для пана Шчэпкіна, які ад вас у захапленні...
— Я а с а б і с т а спадабаўся пану Шчэпкіну,— i жартам, i ўсур'ёз сказаў Фрунзе.— А вось, як вы самі ўбачылі, тысячам, дзесяткам тысяч мінчукоў спадабалася н а ш а п а р т ы я...
— Сапраўды, вы досыць спрытна абскакалі тут, як вы называеце, меншавікоў i эсэраў. Прызнацца, здзіўляюся, як гэта яны мірацца, што якраз вы i пад сваёй эгідаю ўтварылі тут Савет...
— Па-першае, яны бачаць, што і мы тут не слабачкі, а па-другое, мы будзем супрацоўнічаць,— прамовіў Фрунзе, хочучы не толькі адказаць, але заадно i выбіць з Самойленкі намер гуляць на іхніх спрэчках. Па-трэцяе, у склад Савета, у выканком на днях выберуць i іхніх людзей.
— I дзе вы рашылі размяшчацца?
— Адны раяць размясціцца ў губернатарскім доме, іншыя адгаворваюць[8]. Рашылі пакуль што быць на Петраградскай...— перавёў гутарку: — Вось i ўся даведка, пан Самойленка. Цяпер слова за вамі.
— Ёсць адзін нюанс, пан Міхайлаў...— ухмыльнуўся той.— Мы тут, у Грамадскім камітэце, ужо гаварылі пра міліцыю i яе начальніка. Я асабіста званіў лідэрам меншавікоў i эсэраў Пайкесу i Шумскаму, раіўся з імі пра гэта. Яны адказалі: на пасаду начальніка міліцыі падыходзіць ваш калегаземец, мясцовы чалавек, актыўны меншавік Яромін. Ды той адмаўляецца быць «гарадавым рэвалюцыі»...
Гэтыя словы іголкаю кальнулі Фрунзе ў сэрца. Яго твар, мусіць, спахмурнеў. Але ён не разгубіўся. Спакойна запытаў:
8
Пра гэта I. Любімаў ва ўспамінах «Февраль на Западном фронте и Минский Совдеп» пісаў: «Революционности боялись в особенности бундовцы, им казалось, что после каждого резкого шага непременно должен последовать еврейский погром. Из-за этой же излишней боязни и шатания некоторых руководителей Минский Совет так и не занял губернаторского дома».