Выбрать главу

Не дагаварыла, узяла пад паху кашулю i пачала зноў корпацца ў мяшочку.

— Божа, мой божа!—гаварыла ўжо сама сабе.— Што за чалавек?! Усё ён некуды лезе, усё хоча перайначыць!.. I каб што якое меў з гэтага! Hi кропелькі ж, ні дробачкі! Па носе даюць, страшаць, пасадзілі былі — не, нічога не навучыла, лезе i лезе на ражон!..

— Цяпер — іншы час, цяпер нельга спаць у шапку...— прамовіў.

— А чаму Муху новага часу няма i спаць можна? — запытала з папрокам. I сама тут жа адказала: — Бо чалавек разумны, асцярожны, на ражон не лезе...

— Цяпер i ён палітыкуе...

— Яму можна i палітыкаваць... Яго жонка не пакутуе, дзе лусту хлеба ўзяць альбо...— махнула рукою.— А! Што з пустога ў парожняе пераліваць! Ca сваёю планідаю нарадзіўся, са сваёю планідаю i памрэш!.. Мучышся сам i мучыш заадно нас...

— А раптам з мукі будзе мука!..— усміхнуўся.— А раптам з гразі трапіў у князі!

Яна нічога не адказала, толькі цяжка ўздыхнула і, які ўжо раз за жыццё скарыўшыся, пачала латаць рукавы кашулі.

Пасля таксама моўчкі ды з цяжкім уздыханнем назірала, як ён нацягваў гэтую кашулю i хваліў, што яна яшчэ «спраўная», як апранаў старое, з вышмальцаванай i парванай падкладкай паліто, начэпліваў выпацелы па краях чорны злямчаны капялюш.

Як заўсёды, на дварэ пачаў супакойвацца, адганяць згрызоты i назапашваць добры настрой, веру ва ўсё лепшае. Праўда, цяпер не зусім спрыяла надвор'е: неба было нізкае, шэрае i сырое, адным словам, цяжкае i гнятлівае, снег рыхліўся, хлюпаў пад нагамі, а то i ногі глыбока правальваліся ў яго i траплялі ў талую ваду.

Васілевіч шпарка пашыбаваў у горад. На Мухаву кватэру, дзе цяпер, апроч гаспадара, павінен быць i Алесь Нямкевіч. Хутка ён i трапіў туды. У Мухаў кабінет, дзе Муха i Нямкевіч сядзелі ўдвух i чыталі новыя газеты.

— Здароў,— паціснуў яму руку Муха, з іранічнаю ўсмешкаю акідваючы яго з ног да галавы.— Ці не гнаўся хто за табою?

— Сам так бег,— адказаў ён, выціраючы далонню пот з ілба,— Вот,— дастаў з кішэні пінжака канверт з лістом i падаў Муху.

Пакуль той спакойна даставаў ліст i чытаў яго, Васілевіч у гэты час пачаў тлумачыць Нямкевічу, які цяпер быў у прыстойных, здаецца, ранейшых Мухавых штанах i белай кашулі, i сачыў за ім пільна, але спакойна, без насмешкі:

— Ліст з Петраграда. Ад Кужэльнага. Ён піша, што яны, «шчырыя беларусы», правялі ў цырку «Мадэрн» вялікі мітынг. На ім было звыш паўтары тысячы нашых землякоў — рабочых i салдатаў. На гэтым мітынгу яны вылучылі ідэю вызвалення роднага кута ад германскіх акупантаў i яго нацыянальнага самавызначэння. Ix цёпла падтрымалі. Адразу пасля мітынгу, паведамляе Кужэльны, 50 чалавек уступілі ў Беларускую сацыялістычную грамаду. Кужэльны паслаў звестку пра гэта ва ўсе расійскія гарады, дзе цяпер шмат беларусаў [9], а таксама вось піша i нам, заклікае, каб мы тэрмінова адрадзілі тут грамаду i ўтварылі яе Мінскі камітэт...

— Дык —што?! — усміхнуўся Муха, які i ліст чытаў, i заадно добра чуў, што гаварыў ён.— Хочаш як былы грамадовец трапіць у лідэры?

— Лідэрам можам абраць i цябе...— не зважаючы на кпін, адказаў ён.— Цяпер галоўнае не тое, каму быць лідэрам. Галоўнае — сапраўды тэрмінова сабраць нашых сяброў: i былых членаў грамады, i тых, хто не быў ні ў якіх партыях, адрадзіць нашу партыю i пачаць рабіць штосьці дзелавое... Усе ўжо тут аб'ядналіся ў свае партыі, вылучылі праграмы i рэкламуюць ix, а мы, мясцовыя, чагосьці ўсё марудзім, топчамся на адным месцы...

— Што ж, ты маеш рацыю...— ужо без насмешкі прамовіў Муха, аддаючы яму канверт.—Дык давай, дзялуй! Як былы член, давай, кідай кліч! Як, Алесь? — зірнуў на худога, з вялікімі залысінамі Нямкевіча.— Падтрымаем?

— Ды трэба,— нешматслоўна адказаў той.

— На калі клічаш? — запытаў Муха ў Васілевіча.

— Давайце заўтра збяромся,— адказаў задаволена ён.— Адновімся, пагаворым пра праграму, выберам камітэт.

— Давай,— згадзіўся, а заадно i натхніў Муха.— Сапраўды, час варушыцца, змагацца за сваё...

4.

Праз дзень Васілевіча, Муху, Шуляка, Белякову i Нямкевіча — тых, хто ўвайшоў у Мінскі камітэт БСГ — нечакана паклікаў да сябе пан Скураны.

Пад вечар яны i падышлі да яго палаца на паўднёва-заходняй гарадской ускраіне. Гэты палац быў звычайны цагляны дом на два паверхі, толькі пасярод яго выпіраў незвычайны — высокі, таксама на два паверхі, на чатырох круглых калонах, з востраю стрэшкаю выступ-фасад. Па абодва бакі фасада было па шэсць акон: тры — на першым паверсе, тры — на другім.

Палац быў абгароджаны высокімі цаглянымі слупамі, наверсе якіх былі цэментовыя шары, i жалезным, зверху завостраным частаколам; уздоўж вуліцы за гэтаю агароджаю высіліся старыя ліпы — цяпер, у слоту, голыя, чорныя, сумныя.

вернуться

9

З кнігі М. Сташкевіча «Приговор революции». Мн., 1985: на 1.02.1917 года было 1130042 бежанцы з 5 заходніх губерняў. 538 700 тысяч беларусаў пакінулі межы радзімы да вайны.