Выбрать главу

Што ж да крытычнага пачуцця, то я думаю: а ці не будзе яно яго скоўваць? Як бачыце, я прымаю перасцярогу, перш чым прызнацца вам, што не валодаю ні крытычным пачуццём, ні аналітычным розумам і што, маючы справу з ідэямі, адчуваю ў сабе гэтакую няўклюднасць рабочага-муляра. Дарэчы, мне падабаецца слова «рабочы», і, калі дазволіце, скажу, што я ўсяго толькі рабочы славеснасці. Уяўляеце сабе муляра, які гутарыць з вамі аб архітэктуры?.. Ён проста бярэ цагліну. Кладзе яе, потым кладзе раствор. Адзінае, што ад яго патрабуецца, — добра выкананая работа. Вам хочацца пагаварыць з ім, не баючыся занудзіцца? Тады няварта разважаць ні пра мастацтва, ні пра палітыку, ні пра эканоміку: пагаманіце пра ягонае мулярскае рамяство — і, ўпэўнены, не расчаруецеся.

Большую частку жыцця я баўлю ў сельскай мясцовасці, дзе няма чым забаўляцца і дзе на пяцьдзесят міль вакол не знойдзеш аніводнага чалавека. Мае сябры вельмі спачуваюць мне:

— Як ты можаш месяцамі жыць, ні з кім не размаўляючы?

— Ды я размаўляю дні напралёт.

Іх гэта дзівіць. Яны не разумеюць. Не разумеюць, што кожнаму чалавеку ёсць што расказаць, кожны чалавек цікавы, калі гаворыць пра сваё, гэта значыць пра сваю прафесію. Вазьму хоць бы нашага вясковага лекара: проста дзіва, калі ён вечарамі пачынае згадваць ля каміна сваіх пацыентаў і ўсялякія гісторыі пра іх!.. Ды я нашмат болей уведаў пра чалавечую прыроду з гамонак з вясковымі лекарамі, чым чытаючы філосафаў. А каваль, які расказвае пра сваю кузню?.. Сталяр за варштатам... Селянін, калі ідзеш разам з ім па ягонай зямлі... Не трэба толькі ўцягваць іх у сферу чыстых ідэй — гэтыя людзі імгненна губляюць усю сваю сілу, усю непаўторнасць і пачынаюць апавядаць моваю перадавіц.

Чаму ж, мяркую я, раманіст павінен маніпуляваць ідэямі спрытней за вясковага лекара ці аратага? Мяне заўсёды бянтэжылі пытанні, якія задаюць нам журналісты, беручы інтэрв'ю:

— Што вы думаеце пра пасляваенны перыяд? Пра рускае пытанне? Пра атамную бомбу? Пра беспрацоўе ці пра забастоўкі?

Уявіце сабе, нічога не думаю! Вельмі рэдка рэпарцёр, несумненна пазбаўлены цалкам фантазіі, просіць мяне проста расказаць пра маю справу.

І аднак, калі б я вырашыўся пагаварыць з вамі аб рамане ўвогуле, калі б пачаў: «Раман — гэта...»

А праўда, што гэта такое — раман?.. Як на маю думку, дык гэтае паняцце вельмі шырокае. Я нагаварыў бы вам процьму глупстваў і банальнасцей. Калі стаіш за варштатам, бачыш толькі варштат. Так і са мною. Іншыя раманісты? Я альбо не ведаю іх, альбо ведаю вельмі дрэнна, так што мне не выпадае гутарыць пра іх.

Адкуль ці куды ідзе раман? Тэма адмысловая, але тут мусова патрабуецца погляд звонку, а не знутры. Так што гэта справа крытыка альбо якога-небудзь доктара літаратуразнаўства.

Шаноўныя панове, гэта ўступ, каб прызнацца вам, што я не буду гаварыць ні аб рамане, як было абяцана, ні нават аб раманістах, а ўсяго толькі пра аднаго з іх, пра таго адзінага, каго хоць трохі ды ведаю — гэта значыць пра сябе.

І прашу зразумець, што гэта зусім не з пыхлівасці, а, наадварот, ад сціпласці: я не адчуваю сябе падрыхтаваным гаварыць пра нешта іншае. Зрэшты, паверце, я не буду закранаць ні сваю творчасць, якая, дальбог, не заслугоўвае такога гонару, ні пра свае творчыя планы. Я хачу пагутарыць з вамі прыкладна ў такім духу:

— Вось як я стаў сталяром, выбачайце, раманістам... Гэта варштат, а гэта інструменты... Гэта вось робіцца такім чынам... Каб зрабіць стол, гэта значыць раман, трэба пачынаць вось з гэтага і вось з гэтага...

Толькі майце на ўвазе, гэта зусім не азначае што іншыя робяць гэтаксама. Але ўрэшце, каб зразумець рамесніка, трэба хоць трохі ўяўляць сабе ягонае рамяство. Вось прыкладна тое, пра што я хачу сёння расказаць.

— Як вы сталі раманістам? Калі і як да вас прыйшла думка пісаць раманы?

Класічныя пытанні, якія заўсёды задаюць нам. Аднак, за рэдкімі выняткамі, адказы бываюць адны і тыя самыя. Думаю, мне не было і трынаццаці гадоў, калі я вырашыў, што прысвячу сваё жыццё пісьменніцтву. Чаму? Мне цяжка адказаць, а ўжо тады я ўвогуле не змог бы растлумачыць. Бацька мой не пісаў. Ніхто з радні, ніхто з нашых сяброў і знаёмых — таксама. Аднак я казаў адно: «Я буду пісаць...» А паколькі я не ўяўляў, што пісьменніцтва можа быць прафесіяй, што літаратурная праца можа даць чалавеку сродкі на існаванне, бацькам я заяўляў:

— Хачу быць святаром ці афіцэрам.

Яны не разумелі гэтага «ці». Чаму святаром ці афіцэрам? Сотні разоў яны задавалі мне гэтае пытанне, але я ўпарта адмаўляўся адказваць на яго. Прычына, вымушаны вам прызнацца, была ў тым, што маё жаданне пісаць здавалася мне калі ўжо не сараматным, дык, ва ўсякім разе, чымсьці такім, пра што нельга казаць уголас.