Выбрать главу

Дарэчы, пра банкіраў. Дазвольце мне нагадаць адно маё выказванне — магчыма, наіўнае — таго часу:

«У маіх кнігах не будзе банкіраў да тае пары, пакуль я не з'ем з адным з іх за сняданкам яйка ўсмятку».

Жыць, і, паўтараю, жыць напружана.

Жыць, каб потым прыдумваць жыццё.

Жыць, каб расказваць гісторыі.

Сумуючы па тым часе, я згадваю сваю кватэру на Вагезскай плошчы ў Парыжы, якая некалі называлася Каралеўскаю; на ёй жылі кардынал Рышэлье і пані дэ Сэвінье*.

* Сэвінье Мары дэ Рабютэн-Шанталь, маркіза (1626—1696) — французская пісьменніца, майстар эпісталярнай прозы.

Успаміны мае пераважна зімовыя, бо ўвесну я ўцякаў з Парыжа куды-небудзь на прыроду ці на мора. У чатыры гадзіны раніцы я ўжо быў на нагах. Не забывайцеся: за дзень я павінен быў адстукаць свае восемдзесят старонак рукапісу!

Патрэбны прыгодніцкі раман? Я наўздагад разгортваў Энцыклапедыю Ларуса. Вось велізарны, амаль невядомы трохкутнік Афрыкі... І амаль у самым ягоным цэнтры раён Вялікіх вадаспадаў... Готэнтоты... Пігмеі... Невядомыя расліны, назвы якіх падобныя на песню: напрыклад, калі я не памыляюся, Welchirshia Mirabelis — і ўжо гэтая расліна проста павінна быць чымсьці зусім незвычайным. Я ўжо бачыў раман... Ён будзе называцца «Місцюкі Вялікіх вадаспадаў», бо я імгненна ўяўляю сабе, як корпаюцца, нібыта мурашкі, у неўладкаваным, зусім яшчэ першабытным сваім свеце пігмеі ростам з дзіця. Я жыву ў фантастычным свеце, і кніжак менавіта пра гэты фантастычны свет патрабуюць маленькія і нават не вельмі маленькія дзеці. І вось, седзячы спінаю да агню ў доме на пышнай Вагезскай плошчы, якая з'яўляецца шэдэўрам архітэктуры ХVІІ стагоддзя, я пражыву тры дні ў афрыканскіх джунглях, буду сустракацца з ільвамі, са статкамі сланоў і буйвалаў, з гарыламі і грымучымі змеямі!

Я расказваю гісторыі, расказваю іх самому сабе. Разумееце? Калі заўтра мяне пацягне ў Азію, я напішу «Таямніцу ламаў» ці «Шы Мацзін, ахвярнік», а потым перабяруся ў Ціхі акіян, пабываю ўсюды, куды дазволіць мне забрацца Лярус, дайду ажно да вашай краіны, дзе перажыву ў сваіх уяўленнях змрочную гісторыю «Вока Юты», а трохі пазней яшчэ адну — у стылі Ракамболя* — «Чыкагскія гангстэры»; там будуць і высачэзнейшыя гмахі, і аўтаматныя перастрэлкі.

* Ракамболь — галоўны персанаж многіх твораў французскага пісьменніка П.А.Пансон дзю Тэрайля (1829—1871). Былы гарсон парыжскай кавярні, Ракамболь цаною неверагодных прыгод пракладвае сабе шлях у вышэйшы свет.

Я вучуся расказваць і расказваю, мажліва, няўмела — абмежаванай групе чытачоў, якая не жадае, каб парушалі яе звычкі. Кожны тыдзень новы раман, і кожны раз ён адрасаваны новаму чытачу: сёння пятнаццацігадовым хлапчукам ці сентыментальным жанчынам, заўтра аматарам вострых адчуванняў ці экзотыкі. Так, не сыходзячы з месца, я аб'ехаў увесь свет. І клянуся вам, свет гэты быў цудоўны. Ён жа быў несапраўдны — складзены з кубікаў, прызначаных чытачам, якія не жадаюць расчароўвацца.

Час ад часу дзе-небудзь усярэдзіне раздзела, у дыялогу ці апісанні, я спрабаваў практыкавацца, для самога сябе, у больш тонкім пісьме, гэтаксама як іграюць гамы, і ніхто аніводнага разу не выявіў гэтых фальшывых нот у маіх народных раманах. Я вучыўся сумленна, цярпліва і адначасна пачынаў жыць.

Праз год у мяне ўжо быў аўтамабіль з шафёрам. Яшчэ праз год — яхта, і цяпер ужо прадукцыю сваёй серыйнай вытворчасці я пасылаў літаратурным падрадчыкам з галандскіх, дацкіх, нарвежскіх ці гішпанскіх портаў.

І тут мне хочацца зрабіць вам адно прызнанне. Не пакідаючы Вагезскай плошчы, я з дапамогаю энцыклапедый і атласа аб'ездзіў увесь свет. Але аднойчы — я гэта і цяпер памятаю — я прыехаў у Марсель, каб сесці там на карабель і адправіцца ў Афрыку. Я накіроўваўся ў той самы раён Вялікіх вадаспадаў, які з такім імпэтам апісваў. Але калі едзеш у Афрыку, патрэбны трапічны шлем. І вось я зайшоў у краму капялюшніка на вуліцы Сэн-Фэрэоль. Гаспадар пачаў прымяраць мне шлемы.

Ці заўважалі вы, што найбольш недарэчна пачувае сябе мужчына (у адрозненне ад жанчыны!), калі перад цьмяным экранам люстра прымервае новы капялюш? Я стаяў у гарадскім гарнітуры са шлемам на галаве, а прадавец запэўніваў мяне:

— Усё роўна якраз як для вас. Менавіта тое, што вам трэба ў Цэнтральнай Афрыцы.