Выбрать главу

— Не разумею, што вы гэтым хочаце сказаць.

Мэгрэ штурхнуў яго ў бок.

— Хітрун!.. Ну, хлопцы, хопіць хмурыць ілбы, нібыта на пахаванні, і ўпарціцца… Хоць вы і сапраўдныя брэтонцы, але досыць ужо… Марціно абяцаў купіць шхуну… Дык купіць ён яе ўрэшце ці не?..

І тут у галаве ў камісара мільганула здагадка.

— Дайце мне рэестр экіпажа…

Ён адразу ж адчуў дакладнасць удару.

— Не ведаю, дзе ён…

— Я ж прасіў цябе, Ланэк, не хітраваць! Дай мне рэестр, я табе кажу!

Мэгрэ прыкінуўся грубым «свойскім хлопцам». Капітан, адчыніўшы шафу, дастаў збузаваны партфель, які ад часу стаў шэры. У партфелі ляжалі дакументы, дзелавыя лісты на бланках навігацыйных кампаній.

У вялізнай жоўтай папцы, новай на выгляд, камісар убачыў аркушы паперы. Гэта і быў рэестр экіпажа. Складзены ён быў паўтара месяца назад, дакладна адзінаццатага верасня, гэта значыць за пяць дзён да знікнення капітана Жарыса.

«Шхуна «Сэн-Мішэль», водазмяшчэннем 270 тон, абсталяваная для кабатажнага плавання. Уладальнік — Луі Легран, з Пор-ан-Бэсэна. Капітан — Іў Ланэк. Матрос — Сэлестэн Гроле».

Вялікі Луі зноў наліў сабе джыну. Разгублены Ланэк апусціў галаву.

— Вось яно як! Выходзіць, ты цяпер уладальнік судна, Луі?

Той не адказаў. Сэлестэн у сваім куце жаваў тытунь.

— Паслухайце, хлопцы, не будзем марнаваць часу. Я ненамнога дурнейшы за вас, хоць мала што разумею ў марскіх справах. Як вы думаеце?.. У Вялікага Луі за душою ніводнага су[6]. А судна, як ваша, каштуе сама меней сто пяцьдзесят тысяч франкаў… Значыць, Луі купіў «Сэн-Мішэля» некаму другому! Скажам, Жану Марціно, які чамусьці не хоча, каб ведалі, што ён — уладальнік шхуны… Ваша здароўе!

Сэлестэн паціснуў плячыма, нібы гэтая гісторыя была яму вельмі агідная.

— Адзінаццатага верасня, калі была прададзена шхуна, Марціно быў у Фекане?

Маракі нахмурыліся. Луі ўзяў кавалачак тытуню для жавання, які ляжаў на стале, і адкусіў ад яго, а Сэлестэн мудрагеліста размалёўваў падлогу кубрыка пляўкамі.

Размова перапынілася, бо ў лямпе скончылася газа і яна капціла. Прыйшлося пайсці на палубу па бітон. Ланэк вярнуўся ўвесь змоклы. З хвіліну сядзелі ў цемры, і калі святло зноў запалілася, усе заставаліся на сваіх месцах.

— Марціно быў там, я ў гэтым упэўнены! Ён купіў судна на імя Вялікага Луі, а Ланэк застаўся на ім капітанам, можа, назаўсёды, а можа, толькі на нейкі час…

— На нейкі час.

— Выдатна! Я так і думаў! Якраз на той час, за які «Сэн-Мішэль» можа зрабіць адзін незвычайны рэйс…

Ланэк устаў, запаліў. У вачах у яго ясна віднелася раздражненне.

— Вы прыйшлі ў Вістрэам. Ноччу шаснаццатага верасня шхуна стаяла ў порце. Дзе быў Марціно?

Капітан зноў сеў. Ён абмяк, але гаварыць не збіраўся ўсё роўна.

— Шаснаццатага верасня раніцай «Сэн-Мішэль» выходзіць у мора. Хто на борце? Марціно ўсё яшчэ тут? А Жарыс?

Мэгрэ не быў падобны ні на суддзю, ні на паліцэйскага. Голас у яго заставаўся зычлівы, вочы — хітрыя. Здавалася, ён гуляў з сябрукамі ў загадкі-адгадкі.

— Вы ідзяце ў Ангельшчыну, пасля бераце курс на Галандыю. Гэта там Марціно і Жарыс пакідаюць шхуну? Бо ім трэба плыць далей. Я магу смела меркаваць, што яны адправіліся ў Нарвегію…

Вялікі Луі нешта прабурчаў…

— Што ты кажаш?

— Што ў вас нічога не выйдзе.

— Капітан Жарыс быў ужо ранены, калі падняўся на борт? Ці яго ранілі па дарозе? Альбо ўжо ў Скандынавіі?

Адказу камісар ужо не чакаў.

— Вы ўтрох працягваеце кабатажныя плаванні, як і раней, але не пакідаеце паўночных раёнаў, чакаеце ліста або тэлеграмы, у якіх былі б указаны час і месца сустрэчы. На тым тыдні вы стаіце ў Фекане, порце, дзе Марціно сустрэў вас упершыню. Вялікі Луі даведваецца, што капітана Жарыса знайшлі ў Парыжы ў вельмі дзіўным стане і што яго прывязуць у Вістрэам. Ён прыязджае сюды на цягніку. У доме ў капітана нікога няма. Тады ён пакідае сястры цыдулку і вяртаецца ў Фекан.

Мэгрэ ўздыхнуў, распаліў не спяшаючыся люльку.

— І вось мы падышлі да канца. Прыязджае Марціно. Вы вяртаецеся ў Вістрэам разам з ім. Пры ўваходзе ў порт ён сыходзіць з судна — доказ таго, што ён не хоча, каб яго бачылі. Пасля адбываецца сустрэча паміж ім і Вялікім Луі на дразе… Ваша здароўе.

Ён наліў сабе джыну, выпіў, адчуваючы на сабе змрочныя позіркі маракоў.

— Урэшце, каб усё зразумець, застаецца адно высветліць, навошта Вялікі Луі хадзіў да мэра, у той час як Марціно паехаў у Парыж. Даволі дзіўнае даручэнне: адлупцаваць чалавека, дужа вядомага сваёй пераборлівасцю ў знаёмствах!

Прыгадаўшы, як ён лупцаваў мэра, Вялікі Луі міжволі расплыўся ў шчаслівай усмешцы.

вернуться

6

Манета ў пяць сантымаў, 1/20 франка.